Наро́ўля (, ) — горад раённага падпарадкавання ў Гомельскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны, эканамічны і культурны цэнтр Нараўлянскага раёна, прыстань на правым беразе Прыпяці. Напэўна, упершыню Нароўля згадана як вёска-слабада 20 ліпеня 1604 г. У першай палове XVIII ст. ужо згадваецца як мястэчка. У 1829 г.Раюк, А. Р. Нараўлянскі маёнтак дваран Горватаў: ад латыфундыі да фабрычнага цэнтру… С. 116. стала цэнтрам латыфундыі мясцовага двараніна-каталіка Даніэля Ігнатавіча Горвата (1810—1868) і яго нашчадкаў да 1917 г. Даніэль Горват пабудаваў палац (1850) і альтанку, а яго ўнук Эдвард Артуравіч Горват (1866—1935) — кандытарскую фабрыку (1913), якія дагэтуль галоўныя сімвалы горада. Шляхецкі герб «Побуг», якім карысталіся Горваты, стаў асновай сучаснага герба (2001) Нароўлі. 27 верасня 1938 г. мястэчка Нароўля атрымала статус пасёлка гарадскога тыпу, а 3 лістапада 1971 г. — статус горада. Нароўля моцна пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986), у 1986—1995 гг. выселена значная частка жыхароў і праведзена дэзактывацыя тэрыторыі. Знаходзіцца па аўтадарозе за 326 км ад Мінска (па геаграфічнай прамой — 268 км), за 173 км ад Гомеля, за 40 км ад Мазыра, за 29 км ад чыгуначнай станцыі Ельск на лініі Калінкавічы—Оўруч. Аўтадарогі на Мазыр, Ельск, Аляксандраўку (пагранічны пункт з Украінай). Насельніцтва 8 388 чал. (2025).
Назва Паводле гідранімічнай версіі, назва паселішча ўтворана ад імя прытока Прыпяці — ракі Нароўлі (Нараўлянкі). Узнікненне тапоніма ад гідроніма было распаўсюджанай назоўнай практыкай у старажытнасці. Адна з першых пісьмовых згадак гідроніма ў форме «рэчка Нароўля» — 3 чэрвеня 1581 г. у акце Мазырскага земскага суду «Пацвярджэнне прывілея баярам Мітковічам на Лук’янаўскі востраў [зямлі] і дом у г. Мазыры»Акты, издаваемые Виленскою комиссиею для разбора древних актов. — Т. XXIV. — Вильна : Тип. А. Г. Сыркина, 1897. — 547 с. — С. 386..
Паводле Уладзіміра Тапарова, славянская назва ракі ўтварылася з гідроніма балцкага паходжання *Narav- або *Narū-s , праз дадаванне да яго славянскага суфіксу -ля (> Нароўля), пазней дадаўся суфікс -янка (> Нараўлянка)Топоров, В. Н. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. — Москва, 1962. — С. 144—146, 277..
Корань Nar- звязаны з літоўскім nerti «ныраць», naras «нырок (у ваду)». Назвы з гэтым коранем (Нарач, Нараў, Нара) адлюстроўваюць або глыбіню водаў, або імклівасць цячэння (у выніку перападу вышыняў). Паблізу Нараўлянкі цякуць прыпяцкія прытокі з, імаверна, балцкімі назвамі Мытва і ЖалоньТопоров, В. Н. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. — Москва, 1962. — С. 232—233..
На думку Вадзіма Жучкевіча, няясна, што ўзнікла раней — назва паселішча або ракі. Ён дапускаў магчымасць паходжання назвы «Нароўля» ад балцкай гідранімічнай асновы Nar-. Таксама не выключаў магчымасці паходжання ад славянскага выразу «на рву» або фінскага narvaine «парогі, быстрыны»Жучкевич, В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Минск: Изд. БГУ, 1974. — С. 251..
«Славянскую» версію падтрымліваў Аляксандр Рогалеў. На яго думку, у назве Нароўля прыстаўка на- паказвае, што паселішча знаходзіцца паблізу нейкага аб’екта, суфікс -ля — што гэта менавіта паселішча, а не мясцовасць, а назву Рова, Роўка давалі імклівым, але невялікім рэчкам, ручаям, якія «ірвалі» зямлю, «прарывалі» рэчышчаПамяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 41.. Таксама ёсць версіі, што паселішча знаходзілася «на роўнай» мясцовасці і атрымала назву ад гэтага або што пасяленне ці астрог узніклі «на рове»Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 40..
У XIX—XX стст. часам ужывалася напісанне мястэчка (пасёлка) па-руску як «Наровль».
Прыроднае асяроддзе Нароўля знаходзіцца на раўніннай мясцовасці. На поўдзень ад вёскі Барбароў знікаюць апошнія адгор’і Мазырскай марэннай грады. Прыроднае асяроддзе Нароўлі характарызуецца густымі лясамі, заліўнымі лугавінамі, рачнымі затокамі, старыцамі, прытокамі ПрыпяціМаліноўскі, В. Т. Нароўля. — Мінск, 1994. — С. 6.. Сучасны горад знаходзіцца на правым беразе павольнай ракі Прыпяць, якая трошкі выгінаецца ў раёне горада і таму вельмі дабаўляе маляўнічасці і без таго прыгожым краявідам.
Удалай асаблівасцю горада з’яўляецца тое, што яго цэнтральная частка прымыкае да берага Прыпяці, дзе знаходзіцца цудоўны дзеючы гарадскі пясчаны пляж, які актыўна выкарыстоўваецца гараджанамі (звычайна ў цёплае летняе надвор’е). Прыпяць ранняй вясной часта шырока разліваецца і вымывае берагі, таму звычайна позняй вясной спецыяльныя службы намываюць пясок на гарадскім пляжыНамыв пляжа в Наровле. Праз горад цячэ павольны, вузкі і мелкі прыток Прыпяці — рака Нараўлянка, якая ўпадае у Прыпяць каля гарадскога парку паблізу альтанкі і ўмоўна падзяляе Нароўлю на дзве часткі.
Гадавая тэмпература паветра на два градусы Цэльсія вышэйшая, чым на поўначы Беларусі. Непадалёку ад Нароўлі залягаюць крышталічныя пароды, выяўлены прамысловыя залежы кухоннай солі. Глебы ў большасці дзярнова-падзолістыя, супясчаныя. Шмат тарфянікаў. Глеба і клімат дазваляюць атрымліваць высокія і ўстойлівыя ўраджаі сельскагаспадарчых культур, асабліва на асушаных тарфяніках.
У прыродных хвойных і змешаных лясах, якія абкружаюць ці прымыкаюць да Нароўлі, пераважаюць сосны і дубы, многім з якіх па 200—300 год. У самім горадзе камунальнымі службамі робяцца штучныя насажэнні дрэў, кустоў і кветак. Маюцца дзіцячы і гарадскі паркі.
Жывёльны свет Нараўляншчыны вельмі разнастайны і шматлікі: лісіца, воўк, рысь, казуля, лось, янот, куніца. З птушак шмат цецерукоў, дзікіх качак, рабчыкаў, глушцоў. Паблізу вадаёмаў можна сустрэць бабра, выдру, андатру. У рацэ, затоках, старыцах і штучных канавах (паміж тарфянікаў) шмат рыбы, галоўным чынам, — акуні, шчупакі, ліні, самы, сазаны, карасі, мянтузы. Таму з даўніх часоў на высокім узроўні было развіта рыбалоўства (напрыклад, вясной у Прыпяці і прытоках лавілі дзясяткі тысяч пудоў рыбы), а маянткоўцы любілі паляваць на дзіка і ласяUrbański, A. Podzwonne na zgliszczach Litwy i Rusi. — Warszawa, 1928. — С. 115..
Гісторыя
У часы Вялікага Княства Літоўскага У канцы XVI ст. землі сучаснай Нароўлі ўваходзілі ў склад Антонаўскай воласці, якая была каралеўскім маёнткам (каралеўшчынай) да 1764 г. і звычайна аддавалася манархам у пажыццёвае трыманне шляхціцу за пэўныя заслугі. 6 красавіка 1595 г. кароль Жыгімонт Ваза аддаў у леннае трыманне маёнтак Антонавічы (Антонаў) канцлеру ВКЛ Льву Сапегу (1557—1633)Sumariusz metryki koronnej. Księga wpisów podkanclerzego Jana Tarnowskiego MK 139 z Archiwum Głównego Akt Dawnych w Warszawie. 1595. / oprac. Krzysztof Chłapowski. —Warszawa : DiG, 2009 . — Tom 8. — 248 s. — S. 89.. А Леў Сапега ў 1598 г. саступіў Антонавіцкі маёнтак разам з фальваркамі Смалегавічы (Смалегаў) і Завайць стрыечнаму брату — каралеўскаму двараніну Лукашу СапегуSapiehowie : materjały historyczno-genealogiczne i majątkowe. Petersburg : Trenke i Fusnot, 1890. — T. 1. — S. 194., што кароль і зацвердзіў.
Ці не ўпершыню Нароўля, як вёска-слабада Мазырскага павета Вялікага Княства Літоўскага, згадана 20 ліпеня 1604 г. у дэкрэце судовых актаў Кіеўскага ваяводства, калі шляхціц Лукаш Сапега (каля 1552—1626) абвінаваціў суседа — шляхціца Януша Збаражскага — у гвалтоўным насланні сваіх слуг і баяраў з маёнтку Валодаркі (цяперашнія Ляўковічы) на сапежынскія землі (вёскі Завайць і Нароўля) і забранні нямалалікіх стагоў сена, у нападзе на ўгоддзі сапежынскай вёскі Смалегавічы (Смалегаў) і ўгоне коней, валоў і інш.Źródła dziejowe. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław) / Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 459. Вёска-слабада Нароўля ў тыя часы ўваходзіла ў склад буйнога маёнтка Антонаў, які належаў Лукашу Сапегу, бо 21 красавіка 1607 г. датаваны судовы дэкрэт, у якім шляхціц Юзаф Будзіла, мазырскі харунжы, абвінаваціў шляхціца Лукаша Сапегу і яго жонку Сафію (з роду Кмітаў) у гвалтах, якія ўчынілі сяляне сапежынскага маёнтка Антонаў з вёсак Нароўлі і Смалегавічаў у маёнтку Юзафа Будзілы, а менавіта ў вёсцы Багуцічы (Мазырскі павет)Źródła dziejowe. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław) / Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 120, 157, 191, 459, 460..
Пасля смерці Лукаша Сапегі (які з пачатку 1600-х гг. падпісваўся як «граф на Чарнобылі») вёска Нароўля ў 1626 г. перайшла ў валоданне віленскага ваяводы і вялікага гетмана літоўскага Льва Сапегі (1557—1633), якому Лукаш Сапега завяшчаў усе свае маёнткі. Леў Сапега аддаў іх у трыманне Паўлу, Яну і Андрэю, сынам Яна Пятра Сапегі, усвяцкага старостыЛитвин, Г. З народу руського: Шляхта Київщини, Волині та Брацлавщини (1569—1648) / Г. Литвин; пер. з пол. Лесі Лисенко. — Київ: Дух і Літера, 2016. — 618 с. — С. 373.. У 1627 г. Андрэй Сапега (1592—1646) за 3 500 злотых саступіў «вячыстым правам» (г.зн. пажыццёва) ленны каралеўскі маёнтак Антонаў (у тым ліку Нароўлю) шляхціцу Юзафу Корсаку (каля 1570—1643), дзісненскаму старосцеSapiehowie : materjały historyczno-genealogiczne i majątkowe. — Petersburg : Trenke i Fusnot, 1891. — T. 2. — S. 69..
З інвентара Антонаўскага маёнтку 1628 года, калі яго трымаў у заставе ад пана Андрэя Сапегі (1592—1646), старосты рыскага, пан Юзаф Корсак, староста дзісненскі, вядома, што ў слабадзе Нароўля было 7 дымоў, гаспадарамі іх выступалі Ёська Паўтаран, Аўдзей Алісенка, Антон Пастух, Сак Андрэевіч, Хама Асіпкевіч, Іван Сярковіч, Хведар Латышэвіч (гэта першыя вядомыя імем жыхары Нароўлі) і працаваў млын. Потым у недатаваным дакуменце пад назвай «Inwetarz Antonowski prawa lennego» зазначана, што ў вёсцы налічвалася 13 асадных сялян, з якіх выбіралася «pułsiodma» (6 з паловай) злотыхАrchiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie. Archiwum Roskie. Dział III. Sygn. 1051. S. 21, 33, 38, 98, 100.
10 лістапада 1682 г. Нароўля згадваецца ў гродскай кнізе мазырскага гродскага суда запісам аб размежаванні зямель паміж рэчыцкім старостам, полацкім ваяводам (1686—1713) Дамінікам Міхаілам Слушкам (каля 1655—1713), уладальнікам маёнткаў Антонава, Смольгавічы (Смалегаў) і Нароўля, і кіеўскім езуіцкім калегіумам, уладальнікам маёнткаў Вярбковічы і Канатоп.
У інвентарах вялізнага маёнтка Антонаў ад 1715 і 1728 г. упамінаецца, што Антонаўская воласць (разам з мястэчкам Нароўляй) была ва ўласнасці (імаверна, на ленных правах) польнага гетмана ВКЛ Станіслава Дэнгафа (к.1673—1728)Голубеў, В. Ф. Сельская абшчына ў Беларусі XVI―XVIII стст. / В. Ф. Голубеў. — Мінск : Беларуская навука, 2008. — 405 с. — С. 334.. У 1728 г. у мястэчку Нароўля меўся панскі «двор» (сядзіба). У 1738—1741 гг. Нароўля ўпамінаецца як фальварак і каралеўшчына (каралеўскае ўладанне), якое на ленных правах (разам з фальваркамі Мухаеды, Прудок і Вуглы) трымаў мазырскі маршалак (1720—1722), новагародскі кашталян (1726—1734) Антоній Міхалавіч Аскерка (каля 1670 — пасля 1734)Анішчанка, Я. К. Збор твораў : у 6 т. — Т. 6. Ураднікі беларускіх земляў ВКЛ у першай палове XVIII ст. — Мінск, 2010. — С. 255.. Пасля Антонія Міхалавіча Аскеркі (каля 1670 — пасля 1734) ленным трымальнікам каралеўшчыны (каралеўскіх маёнткаў) Антонаў, Нароўля, Мухаеды і Вуглы стаў яго сын Рафал Алаіз Аскерка (1708—1767)Гербоўнік беларускай шляхты. Т. 1. А. — Мінск, 2002. С. 329..