Ігнацій (Ігнат) Смалянін — усходнеславянскі падарожнік, пісьменнік-белетрыст XIV ст.
Паходзіў са Смаленскага княства. У 1389 суправаджаў мітрапаліта Пімена ў час падарожжа ў Царград. Быў там да 1393 г., пасля жыў у Іерусаліме, у манастыры на Афоне (Грэцыя), дзе і памёр.
Вядомы як аўтар «Хаджэння», у якім адлюстраваны падзеі, што адбыліся падчас паездкі ў Канстанцінопаль у 1389—93 гады. У храналагічнай паслядоўнасці аўтар распавядае аб прыгодах, дзіўных здарэннях і шматлікіх сустрэчах з выдатнымі людзьмі. У творы шмат разгорнутых дыялогаў. Аўтар дае каштоўныя звесткі аб прыездзе ў ВКЛ мітрапаліта Кіпрыяна. У творы шмат увагі ўдзяляецца апісанню краявідаў Прычарнамор'я, асабістым уражанням ад плавання на караблі, разважанням аб палітычным палажэнні ў Візантыі (распавядае аб каранацыі імператара Мануіла) і ўсхваленні прыгажосці ўбачаных палацаў і храмаў. Сцэна каранацыі цара Мануіла ў творы паказана вельмі каларытна, што пацвярджае літаратурнае майстэрства Ігната Смаляніна. Твор вядомы ў дзвюх рэдакцыях і 24 спісах.
Літаратура
Старажытная беларуская літаратура (XII-XVII стст.) / Уклад, прадм., камент. І. Саверчанкі — Мінск: Кнігазбор, 2010. — («Беларускі кнігазбор»). ISBN 985-6824-43-5
Катэгорыя:Пісьменнікі-падарожнікі Катэгорыя:Старажытнабеларускія пісьменнікі Катэгорыя:Дыяканы Рускай праваслаўнай царквы Катэгорыя:Пісьменнікі Вялікага Княства Літоўскага