Дабравешчанская царква — праваслаўны храм у Супраслі (Польшча), помнік культавай архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага, прадстаўнік «абароннага дойлідства». Уваходзіць у комплекс пабудоў праваслаўнага Супраслеўскага манастыра, аднаго з шасці ў Польшчы. Манастыр у Супраслі быў адным з галоўных інтэлектуальных цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага нароўні з Кіева-Пячорскай лаўрай і Вільняй.

Гісторыя Манастыр заснаваны маршалкам ВКЛ А. Хадкевічам у 1505—1510 гг. Царква асвечана ў 1511 годзе. У 1557 годзе яе інтэр'ер быў аздоблены фрэскамі.

У першай палове XVII стагоддзя Дабравешчанская царква перададзена ўніяцкай царкве. У 1771 годзе завяршэнні вежаў і інтэр'ер царквы перароблены ў стылі ракако. Багатыя ляпныя і жывапісныя дэкарацыі закрылі фрэскі ў апсідзе, сцены і слупы закрыты драўлянымі панэлямі.

У 1852—1859 гг. фрэскі, пашкоджаныя зацёкамі, былі забелены. У 1887 г. пры зняцці пабелкі сухім спосабам частка фрэсак папсавалася.

У пачатку XX стагоддзя ў царке захоўваліся крыж з часціцай дрэва Жыватворнага Крыжа 1500—1510 гг., даразахавальніца, якая мела выгляд супрасльскай царквы, дар Хадкевіча — пацір сярэбраны з пазалотай, з яго гербам. Тут жа захоўвалася шмат іншых рэчаў: паціраў, дзіскасаў, абкаладаў кніг і абразоў, аздобленых рознымі відамі дэкору: гравіраваннем, эмаллю, чарненнем, чаканка.

У 1910 г. адкрыты фрагменты роспісу на паўднёвай і паўночнай сценах, якія былі закрыты ў XVIII ст. драўлянымі панэлямі, пры гэтым былі зноў папсаваны.

У 1915 годзе ў сувязі з Першай сусветнай вайной быў выдадзены ўказ аб эвакуацыі жыхароў горада Супрасля ўглыб Расіі. З'язджаючы з Дабравешчанскага манастыра, манахі ўзялі з сабой Супрасльскую ікону і некаторае царкоўнае начынне.

Пасля ўтварэння самастойнай Польскай дзяржавы тэрыторыя манастыра не была перададзена царкве. У 1919 годзе Дабравешчанская царква была зачынена і апячатана, а манастыр перайшоў у распараджэнне дзяржаўнага казначэйства.

У 1939 годзе манастыр апыняецца на тэрыторыі Савецкага Саюза. У Дабравешчанскай царкве былі створаны майстэрні і кузня. У кастрычніку 1939 года ў манастыры быў раскватараваны 4-ы матацыклетны полк РСЧА. У Дабравешчанскай царкве камандаваннем палка была створана спартыўная зала. 28 ліпеня 1944 года падчас адступлення нямецкіх войскаў Дабравешчанскі сабор быў падарваны. Пасля заканчэння вайны праваслаўныя манахі былі выгнаны з манастыра, у якім ізноў абгрунтаваліся салезяне і школа.

Рэшткі фрэсак былі зняты са слупоў польскімі рэстаўратарамі пад кіраўніцтвам Уладзіслава Пашкоўскага ў 1945—1946 гг.

У 1964—1966 гадах царква была адрэстаўравана. Беларускі ўрад у пачатку 1990-х выдаткаваў на святыню 200 тысяч штук цэглы і 500 м³ граніту.

Адраджэнне Супрасльскага манастыра адбылося ў гады дзейнасці архіепіскапа Беластоцка-Гданьскай епархіі Савы. У 1982 годзе ў Супрасль прыбыў манах Мірон (Хадакоўскі), манаскае жыццё адноўлена ў 1984 годзе. У 1984 года было прынята рашэнне аб аднаўленні падарванага Дабравешчанскага сабора — і 4 чэрвеня архіепіскап Сава заклаў першы камень у падмурак сабора.

Архітэктура

Помнік гатычнага праваслаўнага храмабудаўніцтва ў ВКЛ, Супраслеўская царква ўяўляе сабой мадыфікаваную версію характэрнага для візантыйскай традыцыі крыжова-купальнага храма з рысамі каталіцкай базілікі. Спалучэнне гатычных элементаў з візантыйскімі дало падставу назваць гэты стыль готыкай ВКЛ. Пяцівежавая кампазіцыя царквы набліжае яе да Сафійскага сабора ў Полацку і Прачысценскай царквы ў Вільні.

Храм мае выразныя абарончыя рысы. Чатыры нарожныя вежы мелі выразна абарончае прызначэнне, а вось пятая, якая мусіла сімвалізаваць цэнтральны купал, у спалучэнні з высокім гатычным дахам набыла празмерна выцягнуты выгляд. Дойлід Супраслеўскай царквы дасягнуў вельмі высокага майстэрства ў інтэрпрэтацыі гатычных форм і тэхналогій і прыстасаванні іх да праваслаўнай традыцыі.

Фрэскі Аб сістэме роспісаў Супрасльскай царквы дае ўяўленне скуф'я, люстра купала, дзе знаходзілася выява Хрыста Пантакратара з закрытай кнігай, якая, згодна з прароцтвам Іаана Багаслова, будзе раскрыта ў дзень Страшнага суда.

У прамежку паміж светлавым барабанам і купалам на кожнай з граней сцяны былі пачаргова адлюстраваны на дзве франтальныя фігуры шасцікрылых серафімаў і архангелаў.

У светлавым барабане паміж вокнамі былі размешчаны па тры выявы святых і прарокаў. Усе яны намаляваны ў рост, у розных ракурсах. Адзенне традыцыйнае — хітоны і гімаціі.

Ніжэй праходзіў шырокі дэкаратыўна-аранаментальны фрыз з пераплеценых лістоў аканту, шасціпялёсткавых кветак, якія нагадваюць назабудкі і галінкі крына.

Пад дэкаратыўным фрызам размешчаны выявы апосталаў. На ўсходняй грані васьмерыка Пётр, Павел і Іаан Багаслоў, на астатніх па дзве выявы. Яны падаюцца, як і выявы праайцоў і прарокаў, свабодна, у рэзкіх ракурсах фігур і асабліва галоў.

Пад апостальскіх поясам, які падзяляўся толькі карычнева-чырвонай разгранкай, размяшчаліся пакаленныя выявы мучанікаў з крыжамі ў руках. Яны, як і апосталы, прадстаўлены трыма выявамі на ўсходняй грані, на астатніх — па дзве. Ніжэй размешчаны медальёны з паяснымі выявамі суровых святых з клінападобнымі бародамі, паміж якімі былі раскіданы арнаментальныя ўзоры. На ветразях барабана размяшчаліся чатыры сівалы евангелістаў.

Евангельскія сюжэты былі размешчаны па перыметры сцен у два рэгістры, якія раздзяляліся разгранкай. Сюжэты прысвечаны ў асноўным акафісту Багародзіцы і некаторым сцэнам з жыцця Хрыста. Парадак размяшчэння сюжэтаў адпавядае канону.

Ніжэй евангельскіх сцэн знаходзіліся строга франтальныя выявы барадатых і валасатых пустэльнікаў у звярыных скурах, стоўпнікаў, воінаў і шматлікіх святых, якія запаўнялі ніжнія два рэгістры і грані нефных слупоў, арачныя праёмы.

У самым нізе праходзіў шырокі фрыз, які складаўся з платаў. Аздоблены малюнкам у выглядзе гарызантальных зігзагападобных трайных палос.

Арнаментальны дэкор упрыгожваў завершшы арак, аконныя праёмы і нішы.

Захавалася 30 фрагментаў фрэсак, якія цяпер экспануюцца ў . Гэтыя фрэскі размяшчаліся на двух васьмігранных слупах, якія знаходзіліся ва ўнутранай падкупальнай прасторы храма. Гэта выявы мучанікаў, арнаментальна-дэкаратыўныя фрызы, які пакрывалі капітэлі слупоў. Цалкам захавалася толькі сем фрэсак з выявамі мучанікаў і ты медальёны з пакаленнымі выявамі святых, астатнія прыходзілася збіраць асобнымі кавалачкамі і фрагментамі. Па характары іканаграфіі і стылю выканання фрэскавы роспіс цакрвы аналагічны позневізантыйскаму мастацтву (т.зв. палеалогаўскаму рэнесансу) і ўзыходзіць да візантыйска-сербскіх традыцый. Стылістычна блізкім помнікам манументальнага жывапісу з'яўляецца (Сербія).

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Падляскага ваяводства Супрасль Супрасль Супрасль Катэгорыя:Супрасль Катэгорыя:Супрасльскі Дабравешчанскі манастыр Катэгорыя:Візантыйска-рускія фрэскавыя цыклы ў Польшчы Катэгорыя:Абарончыя храмы Катэгорыя:Храмы Беластоцка-Гданьскай епархіі