Та́лька () — вёска ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Тальцы. Уваходзіць у склад Блужскага сельсавета. Месціцца за 19 км на паўднёвы ўсход ад Мар’інай Горкі, 73 км ад Мінска.

Гісторыя

Ранняя гісторыя

На паўднёва-ўсходняй ускраіне вёскі месціцца курганны могільнік (мясцовыя назвы — Турэцкія магілы, Французскія магілы).

Упершыню Талька ўпамінаецца 1833 годзе ў сувязі з ліквідацыяй уладамі Расійскай імперыі францішкаскага кляштара місіянераў у Смілавічах. Было загадана прадаць маёмасць кляштара, а на торг, сярод іншых, прыехаў купец-яўрэй з Талькі Ёсель Ёселевіч.

Пасля адкрыцця ў 1873 годзе руху на ўчастку Вілейка — Бабруйск Лібава-Роменскай чыгункі вёска пачала развівацца і расці ў сувязі з адкрыццём чыгуначнай станцыі.

У 1885 годзе ў Амяльнянскай воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні. Паводле перапісу 1897 года былі чыгуначная станцыя на 4 двары, у пасёлку 15 двароў, была крама. Паводле перапісу 1917 года апрача чыгуначнай станцыі і пасёлка была лясная старожка.

Найноўшы час З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары Амяльнянскай воласці накіроўвалі звароты ў Народны сакратарыят Беларусі са скаргамі на дзеянні нямецкіх акупацыйных улад С. 19.. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).

З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. У 1921 годзе пабудаваны паравы млын, адкрыта школа 1-й ступені, працавала цыркулярка, кравецкая майстэрня. З 20 жніўня 1924 года цэнтр Талькаўскага сельсавета Пухавіцкага раёна Менскай акругі (да 26 ліпеня 1930), з 20 лютага 1938 года ў Менскай вобласці. У 1933 годзе былі млын, вытворчая арцель па рамонце і шыцці адзення і абутку «Аб’яднаная праца».

У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да 2 ліпеня 1944 года вёска пад акупацыяй Германіі. Нацысты арганізавалі гета ў Тальцы. З 20 па 22 верасня 1941 года ў лесе каля Талькі было расстраляна мірнае яўрэйскае насельніцтва, загінулі каля 600 чалавек.

У ваколіцах вёскі дзейнічала антыфашысцкае падполле. У кастрычніку 1942 года савецкія партызаны атрада «Полымя» (камандзір Яўген Філіпскіх) і брыгады імя І. В. Сталіна (камандзір Уладзімір Ціхаміраў) узарвалі тут чыгуначны мост цераз раку Талька, рух на чыгунцы быў спынены на 10 сутак (Талькаўская аперацыя).

Да 30 кастрычніка 2009 года вёска ўваходзіла ў склад і была цэнтрам Талькаўскага сельсаветаРашэнне Мінскага абласнога савета дэпутатаў ад 30.10.2009 № 219 «Аб змяненні адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу Мінскай вобласці» .

Насельніцтва 1897 год — 15 двароў, 69 жыхароў; чыгуначная станцыя, 4 двары, 40 жыхароў 1908 год — 717 жыхароў; чыгуначная станцыя, 7 двароў, 61 жыхар 1917 год — 66 двароў, 326 жыхароў; чыгуначная станцыя, 7 двароў; лясная старожка, 6 жыхароў 1960 год — 921 жыхар 2002 год — 443 жыхары, 213 двароў 2007 год — 403 жыхары 2010 год — 345 жыхароў 2012 год — 345 жыхароў 2019 год — 316 жыхароў

Рэлігія У вёсцы ёсць Свята-Пакроўская царква, якая месціцца ў будынку былой крамы.

Культура і грамадства Каля Талькі праводзіцца штогадовы беларускі музычны фестываль «Талькаўскі фэст».

Талькаўская сельская бібліятэка. У 1917 годзе ў прыватным доме была адкрыта хата-чытальня. Перад вайной хату-чытальню замяніла больш багатая бібліятэка, для якой пабудавана адмысловае памяшканне. У Другую сусветную вайну знішчаны ўсе кнігі, захаваліся толькі тыя, што былі на руках у чытачоў. З іх пачаў фарміравацца кніжны фонд бібліятэкі. 8 сакавіка 1949 года падпісаны загад № 4 аддзела культуры Пухавіцкага раённага Савета «Аб адкрыцці Талькаўскай хаты-чытальні». Дзейнічае палац культуры

Сацыяльная сфера

Ахова здароўя Бальніца (1950) Дзіцячы аздараўленчы лагер «Лясная казка» (1971). Першая назва «Гайдаравец»Лесная сказка.

Адукацыя Талькаўская базавая школа (закрыта ў 2016 годзе)

Эканоміка сядзіба Талькаўскага лясніцтва Аграсядзіба «Талькаўскія сцежкі» http://talka.info/?page_id=91 . Аддзяленне пошты

Чыгунка Праз тэрыторыю вёскі праходзіць Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі Мінск — Гомель. Знаходзіцца станцыя Талька

Славутасці

Курганны могільнік, на паўднёва-ўсходняй ускраіне вёскі Мемарыяльная дошка ў памяць пра Якуба Коласа Помнік загінулым савецкім салатам і партызанам Другой сусветнай вайны Магіла сяржанта Емяльянава і партызана з Чэхіі Вільяма Гамулы (1924—1944) Чыгуначная казарма пачатку XX стагоддзя Мемарыяльны знак на месцы, дзе 22 верасня 1941 года расстралялі 280 жыхароў вёскі. Ініцыятарам мемарыяла выступіў генерал Ілья Прус, сваякі якога таксама ў ліку забітых Дом, у якім жыў Якуб Колас. Менавіта ў гэтым доме Якуб Колас напісаў «Міхасёвы прыгоды» і «Дрыгву». Згадваў Тальку і аднайменную рэчку ў сваіх творахhttps://globustut.by/talka/

Страчаная спадчына Сінагога

Вядомыя асобы Міхаіл Рыгоравіч Булынка (1913—?) — кандыдат тэхнічных навук, дацэнт. Таццяна Аляксандраўна Ждановіч (1918—1998) — медык, заслужаны ўрач БССР (1960). Мікалай Паўлавіч Крандо (1904—1989) — савецкі вайсковец, генерал-лейтэнант (1960). Іван Леапольдавіч Лысакоўскі (1921—2021) — савецкі вайсковец, супрацоўнік МДБ і КДБ, намеснік старшыні КДБ БССР (1966—1979). Іван Іванавіч Паўловіч (1930—2001) — чыгуначнік, Герой Сацыялістычнай Працы (1974). Іван Браніслававіч Шаціла (1910—1977) — беларускі акцёр тэатра і кіно, Народны артыст БССР.

Крыніцы

Літаратура

Ліст карты N-35-93. Выданне 1984 года. Стан мясцовасці на 1982 год.

Спасылкі

Школьны краязнаўчы сайт

Катэгорыя:Блужскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Пухавіцкага раёна