Пінскі езуіцкі калегіум — колішняя каталіцкая сярэдняя навучальная ўстанова ў Пінску. Будынак калегіума — помнік архітэктуры барока XVII стагоддзя, размешчаны ў гістарычным цэнтры г. Пінска. Калегіум разам з мураваным касцёлам Св. Станіслава (пабудаваны ў 1636—1646 гг., разбураны ў 1956 г.) уваходзіў у ансамбль кляштара езуітаў.

Гісторыя

Езуіты былі запрошаны ў Пінск у 1630 годзе стольнікам , які падарыў ім уласны дом. У 1651—1738 гг. узведзены з цэглы (паводле іншых звестак — у 1631—1635 гг.). У 1640-х гг. пры кляштары быў пабудаваны велічны барочны касцёл Св. Станіслава. Пры кляштары ў 1638 г. пачала сваю дзейнасць філасофска-тэалагічная школа, якую штогод наведвалі да 50 дзяцей мясцовых жыхароў.

Яшчэ ў 1638 годзе езуіцкі кляштар атрымаў статус калегіума, дзе акрамя багаслоўскіх выкладаліся і шматлікія іншыя дысцыпліны: замежныя мовы, літаратура, логіка, гісторыя, геаграфія, фізіка і г.д. Пад канец XVII стагоддзя тут штогод колькасць навучэнцаў складала 700 чалавек з усёй Рэчы Паспалітай. Пры калегіуме дзейнічалі музыкальная бурса (з 1645 г.), тыпаграфія, бібліятэка, бальніца для бедных, аптэка.

У сярэдзіне XVII стагоддзя ў сценах калегіума прапаведаваў езуіт Андрэй Баболя, які ў 1657 годзе за сваю місіянерскую дзейнасць ён закатаваны казакамі.

У 1773 г. ордэн езуітаў быў распушчаны. У 1787 годзе будынак калегіума ператварыўся ў рэзідэнцыю ўніяцкага біскупа, а ў 1800 годзе яго аддалі пад мужчынскі праваслаўны Богаяўленскі манастыр.

У 1919 г. у Пінск вярнуліся езуіты, у 1923 аднавілася навучальная дзейнасць, у 1925 г. была адкрыта духоўная семінарыя, а з 1937 года пачаў дзейнасць навіцыят. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у 1939 г. у былым кляштары размясціліся адміністрацыйныя і грамадскія ўстановы. У час Вялікай Айчыннай вайны езуіцкі комплекс быў сур’ёзна пашкоджаны і меў патрэбу ў грунтоўным рамонце. У 1953 годзе калегіум атрымаў статус помніка гісторыі і культуры рэспубліканскага значэння. А ў 1965 годзе тут размясцілася Карцінная галерэя, у якой выстаўляліся творы са збораў Радзівілаў, творы Айвазоўскага, Шышкіна, Васняцова, Канчалоўскага і інш.

У 1980 годзе было прынята рашэнне аб поўнай перадачы будынка калегіума музею Беларускага Палесся. У 1996 праведзена маштабная рэстаўрацыя.

Архітэктура

Размешчаны ў гістарычным цэнтры горада, на пл. Леніна. Разам з касцёлам (пе збярогся) складаў ансамбль кляштара езуітаў.

Трохпавярховы Г-падобны ў плане будынак паўднёвым фасадам арыентаваны да набярэжнай р. Піна. Планіроўка 1-га паверха галерэйна-калідорная. Тут размяшчаліся класы, трапезная, службовыя памяшканні. 2-і і 3-і наверхі спланаваны па калідорнай сістэме з трохпралётнай схемай перакрыццяў. Крыжовыя скляпенні апіраюцца на масіўныя падоўжныя сцены (таўшчыня ў ніжніх паверхах 1.5—2 м). Тут былі жылыя і рабочыя памяшканні. Пад збудаваннем зроблены склепы. Рытм фасадаў ствараецца аконнымі праёмамі з ляпнымі абрамленнямі і крокам пілястраў 2 ніжніх ярусаў. Паўднёва-заходні вугал фланкіруе шасцігранная вежа-контрфорс, што ўмацоўвае сцены пры паніжэнні рэльефу да ракі. Будынак завершаны двухсхільным дахам з заломам. Яго тарцы ўпрыгожаны складанымі франтонамі з дэкаратыўнымі валютамі.

Вядомыя выкладчыкі Кароль Вырвіч (1717—1793) — гісторык, географ, педагог.

Вядомыя выпускнікі Кароль Вырвіч (1717—1793) — гісторык, географ, педагог. Мацей Бутрымовіч (1745—1814) — дзяржаўны дзеяч. Францішак Караў (1731—1802) — беларускі архітэктар, прадстаўнік архітэктуры барока; педагог. Адам Нарушэвіч (1733—1796) — гісторык, паэт.

Літаратура

Республика Беларусь : энциклопедия. [В 7 т.]. Т. 6. — Минск, 2008. Туристская энциклопедия Беларуси. — Минск, 2007.

Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін. — Мінск, 2008. Каталіцкія храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. — Мінск, 2000. Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 160—163.

Спасылкі

Катэгорыя:Адукацыя ў Вялікім Княстве Літоўскім Катэгорыя:Колішнія навучальныя ўстановы Беларусі Катэгорыя:Славутасці Пінска Катэгорыя:Навучальныя ўстановы Пінска Катэгорыя:Гісторыя Пінска Катэгорыя:Плошча Леніна (Пінск) Катэгорыя:Збудаванні Пінска ў стылі барока

Катэгорыя:Езуіцкія калегіумы Катэгорыя:Духоўныя навучальныя ўстановы Беларусі Катэгорыя:Аб’екты на марках