Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча — адзіны ў Бабруйску тэатр, размяшчаецца ў будынку (1978, архітэктар В. Крамарэнка, Б. Папоў і М. Пірагоў) на вуліцы Сацыялістычнай, 105. Названы ў гонар класіка беларускае літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў 1977 годзе.

Гісторыя тэатральнай справы ў Бабруйску Першыя звесткі пра тэатр у Бабруйску звязаны з дзейнасцю ў XVII—XVIII стагоддзях Бабруйскага школьнага тэатра.

У XIX стагоддзі ў горадзе пастаянна гастралявалі тэатральныя антрэпрызы: І. Славянскага (1869), Г. Страмлянава (1870), А. Мяталава (1877—81), А. Смірнова (1878), А. Даніловіча (1879), А. Картавава (1889—90), М. Барысава (1912), Л. Снегава (1914); таварыствы артыстаў пад кіраўніцтвам С. Нікалаева-Станіслаўскага, К. Малеўскага, П. Карніцова, Л. Баскакава, Г. Фядотавай, «Таварыства праезджых акцёраў» і іншыя. У 1852 годзе трупа тэатра Дуніна-Марцінкевіча паказвала тут «Сялянку», дзе сам аўтар выконваў ролю Навума Прыгаворкі. У 1860-х гадах тут дэбютавала знакамітая расійская актрыса Марыя Савіна. У горадзе пачынаў сваю сцэнічную дзейнасць рускі артыст Васіль Далматаў, шмат разоў выступаў Павел Арленеў.

На пачатку XX стагоддзя ў горадзе працаваў прыватны яўрэйскі тэатр, дзейнічалі аматарскія тэатральныя і музычна-драматычныя гурткі, у тым ліку гурток «Крыніца» на настаўніцкіх курсах, які ў 1920 годзе паставіў «Паўлінку» Янкі Купалы. У гэты ж час у горадзе была сфарміравана трупа чырвонаармейскага тэатра пры палітаддзеле 16-й арміі — Другі паказальны тэатр.

Дзяржаўны рускі драматычны тэатр БССР У Бабруйску неаднаразова гастралявала трупа вядомага тэатральнага дзеяча Уладзіміра Кумельскага. У 1932 годзе яе пераўтварылі ў Дзяржаўны рускі драматычны тэатр БССР з базай у Бабруйску. Спектаклі праходзілі ў памяшканні клуба пажарнага дэпо, будынак якога захаваўся дагэтуль. У 1932 годзе ў цэнтры горада адчыняецца новы тэатральны будынак, першы ў Беларусі з механізаванай сцэнай. У 1935 годзе тэатр з Бабруйска пераводзяць у Магілёў.

Бабруйскі калгасна-саўгасны тэатр 3 сярэдзіны 1920-х гадоў у Бабруйску дзейнічаў калектыў «Сіняя блуза», на базе якога ў 1935 годзе быў створаны Бабруйскі трам (тэатр рабочай моладзі).

У 1938 годзе з трама ствараецца калгасна-саўгасны тэатр для абслугоўвання сельскага гледача. Мастацкім кіраўніком стаў М. Лягоцін. Рэпертуар складаўся з папулярных класічных і тагачасных п’ес. Сярод пастановак: «Хто смяецца апошнім» К. Крапівы, «Ірынка» К. Чорнага, «Не было ні гроша, ды раптам шастак» А. Астроўскага, «Пагранічнікі» У. Біль-Белацаркоўскага і інш. Сярод акцёраў: М. Аўштэйн, Я. Кімберг, Г. Панкрат, Л. Садоўская і інш. Праіснаваў да 1941 года. Пазней быў рэарганізаваны ў Бабруйскі абласны драматычны тэатр.

Бабруйскі абласны драматычны тэатр Пасля вайны ў 1944 годзе тэатр аднаўляе сваю дзейнасць, і на яго базе неўзабаве ствараецца Бабруйскі абласны драматычны тэатр (пастанова № 918 Савета Народных Камісараў БССР ад 18 снежня 1944). Мастацкім кіраўніком яго быў рэжысёр Казімір Стэцкі, у 1945 годзе яго змяніў Мікалай Кавязін.

Былі пастаўлены п’есы: «Надзвычайны закон» братоў Тур і Л. Шэйніна, «Жыццё вучыць» («Урок жыцця») В. Галаўчынера, «Лодачніца» М. Пагодзіна (усе 1945), «» А. Астроўскага, «Дама-невідзімка» П. Кальдэрона, «Лісічкі» Л. Хелман (усе 1946), «Рускае пытанне» К. Сіманава (1947), «Каварства і каханне» Ф. Шылера, «За тых, хто ў моры» Б. Лаўранёва, . Сярод акцёраў: Н. Анісімаў, Н. Вінтоўкіна, Р. Грузд, В. Гуняжэнка, С. Зубакоў, Я. Зубоўскі, Я. Кімберг, М. Паіграёнак, Г. Панкрат, В. Пятрова, М. Раманаў, Ю. Трахтэнберг, А. Халіна, А. Чарнушчанка і інш. Сярод мастакоў: М. Вінаградаў, У. Дамарад, А. Марыкс, Р. Распопаў і інш.

У 1947 годзе тэатр пераводзіцца ў Гродна, дзе на яго аснове ствараюць Гродзенскі абласны драматычны тэатр. А ў Бабруйску ў будынку, адноўленым у 1949 годзе, працуюць гастрольныя тэатры, ладзяцца вечары адпачынку і г. д.

Бабруйскі вандроўны беларускі драматычны тэатр У 1956 годзе пастановай № 316 Савета Міністраў БССР засноўваецца Бабруйскі беларускі вандроўны калгасна-саўгасны тэатр. Адкрыўся тэатр 1 студзеня 1957 года спектаклем паводле п’есы Янкі Купалы «Раскіданае гняздо». Са спектаклямі і канцэртамі тэатр выступаў пераважна ў сельскай мясцовасці, але асноўную базу меў у Бабруйску. Трупа складалася з акцёраў Тэатра драмы і камедыі пры Белдзяржэстрадзе, выпускнікоў Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута і ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці. Галоўным рэжысёрам быў Аркадзь Аркадзьеў.

Тэатр ставіў класічныя творы, творы беларускай драматургіі, камедыйныя п’есы з жыцця тагачаснай беларускай калгаснай вёскі: «Цені знікаюць» С. Свірыдава (1957), «Уласнасць» паводле К. Чорнага (1958), «Чалавек вярнуўся» (1959) і «Дзіўны дом» (1962) П. Васілеўскага, «Апошні крок» В. Зуба (1962), «Нячыстая сіла» Г. Стафанскага, «Вясёлка» і «Антэй» М. Заруднага, «Кухарка» і «Кухарка замужам» А. Сафронава і інш. Папулярнасцю карысталіся пастаноўкі «Шальменка-дзяншчык» Р. Квіткі-Аснаўяненка (1959), «Небяспечны ўзрост» С. Нарыньяні (1960), «Апошні прыпынак» Э. М. Рэмарка (1961), «Веру ў цябе» У. Карастылёва (1962) і інш. З пачатку 1960-х гадоў пераважалі музычна-драматычныя спектаклі («Курортнае знаёмства» М. Віннікава, «Вяселле ў Малінаўцы» Б. Аляксандрава). Амаль усе спектаклі былі пастаўленыя А. Аркадзьевым, але некалькі пастановак класічных твораў былі зробленыя рэжысёрам-педагогам Д. Арловым.

У тэатры працавалі заслужаныя артысты Беларусі А. Аркадзьеў, Н. Калаптур, Г. Лаўроў, П. Масцераў, Л. Федчанка; акцёры Т. Бандарчык, Г. Вавула, Я. Гоўша, Я. Громаў, Л. Мацкевіч, І. Падляхоўскі, Ф. Пуховіч, П. Раманаў, І. Сухарукаў, М. Ярмоленка і інш.

17 снежня 1962 года вандроўны тэатр быў рэарганізаваны ў Бабруйскі музычна-драматычны тэатр.

Бабруйскі музычна-драматычны тэатр Бабруйскі музычна-драматычны тэатр дзейнічаў у Бабруйску ў 1963—1965 гадах. Тэатр быў створаны з артыстаў рэарганізаванага Бабруйскага вандроўнага беларускага драматычнага тэатра і артыстаў іншых тэатраў. Галоўным рэжысёрам быў Аркадзь Аркадзьеў, загадчыкам музычнай часткі — дырыжор В. Віткоўскі, мастаком — І. Чумакоў. Сярод іншых рэжысёраў тэатра: У. Амельчанка, П. Індыкул.

Рэпертуар тэатра складаўся з класічных аперэт, музычных камедый беларускіх і замежных аўтараў: «Сільва» І. Кальмана (1963), «Сарочынскі кірмаш» А. Рабава і «Рабінавыя каралі» Ю. Семянякі (абедзве 1964), «Цырк запальвае агні» Ю. Мілюціна (1965); з драматычных пастановак «Пяць вечароў» А. Валодзіна (1963), «Р. В. С.» А. Гайдара (1964), «Позняе каханне» А. Астроўскага (1965) і інш.

У трупу ўваходзілі заслужаныя артысты Беларусі Д. Іванова, Н. Калаптур, Г. Лаўроў, П. Масцераў, Л. Федчанка, В. Шаўкалюк; акцёры Б. Баеў, Т. Бандарчык, Л. Мацкевіч і інш.

У 1965 годзе музычна-драматычны тэатр быў рэарганізаваны ў Магілёўскі абласны тэатр музычнай камедыі.

Магілёўскі абласны тэатр музычнай камедыі Магілёўскі абласны тэатр музычнай камедыі існаваў у Бабруйску ў 1965—1970 гадах. Тэатр меў музычную і драматычную трупу, аркестр. Рэжысёрамі пастановак былі заслужаны артыст Казахскай ССР У. Ажарэльеў, У. Амельчанка, Б. Заўгародні, народны артыст Таджыкскай ССР Л. Іцкоў; дырыжорамі — В. Віткоўскі, М. Лапцеў, В. Ражкоўскі, У. Шастапалаў; мастаком — І. Чумакоў; балетмайстрамі — Я. Шваро, Ю. Волкаў; хормайстрам — Г. Палянкова. З тэатрам звязана дзейнасць заслужаных артыстаў Беларусі А. Аркадзьева, Д. Івановай, Н. Калаптур, Г. Лаўрова, К. Лосева, П. Масцерава, В. Фаменкі, Л. Федчанка, В. Шаўкалюка, заслужанай артысткі Расіі Н. Равінскай, а таксама Р. Курлыковай, А. Прыходзькі і інш.

На сцэне тэатра ставіліся аперэты, музычныя камедыі («Каламбіна» А. Рабава, 1965; «Рамэа — мой сусед» Р. Гаджыева, 1965; «Лятучая мыш» І. Штрауса, 1966; «Вяселле ў Малінаўцы» Б. Аляксандрава, 1966; «На світанні» А. Сандлера, 1967; «Нядзеля ў Рыме» Г. Крамера,1967; «Прынцэса цырка», 1967, і «Баядэра», 1969, І. Кальмана; «Дзяўчына з блакітнымі вачамі» В. Мурадэлі, 1967; «Чорны дракон» Д. Мадуньё, 1968; «Пацалунак Чаніты» Ю. Мілюціна, 1968; «Цыганскае каханне» і «Вясёлая ўдава» Ф. Легара, 1968; «Пяе „Жаваранак“» Ю. Семянякі, 1969; «Халопка» М. Стрэльнікава, 1969), драматычныя спектаклі («Позняе каханне» А. Астроўскага, 1965; «Так і будзе» К. Сіманава, 1966; «Прызнаю сябе вінаватым» А. Мітрафанава, 1968).

У 1970 годзе тэатр быў расфарміраваны. Большасць артыстаў перайшла ў Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі і Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі.

Гісторыя Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі У 1970 годзе з выпускнікоў Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (курс Б. Платонава і В. Рэдліх) і акцёраў іншых тэатраў, у тым ліку Магілёўскага абласнога тэатра музычнай камедыі, быў створаны Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі. 5 лістапада 1970 года адкрыўся спектаклем «Разгром» паводле А. Фадзеева.

У 1970 годзе пачалася капітальная перабудова старога тэатральнага будынка. У тыя часы ў мастацкім кірунку тэатра асноўнай была героіка-патрыятычная праблематыка, аб чым гавораць спектаклі «Хлопец з нашага горада» (1971) К. Сіманава, «А досвіткі тут ціхія…» (1971) паводле Б. Васільева, «Драматычная песня» (1972) Б. Равенскіх і А. Анчарава паводле М. Астроўскага, «Абеліскі» (1974) А. Саннікава, а таксама першае сцэнічнае ўвасабленне п’есы «Трыбунал» (1970) А. Макаёнка (рэжысёр У. Шыманскі). Варта адзначыць цікавае выкананне роляў у спектаклях таго часу акцёрамі П. Масцеравым, Т. Бандарчык, Н. Калаптур, Б. Баевым, Ю. Саевіч.

Другім кірункам тэатра ў той час быў зварот да сучаснай савецкай драматургіі. У афішы тэатра з’явіліся спектаклі «Вясёлы тракт» Б. Васільева (1973), «Адны без анёлаў» Л. Жухавіцкага (1971), «Птушкі нашай маладосці» І. Друцэ (1972), «Шэсць старых дзевак» А. Іаселіяні (1973), «Падобны на льва» Р. Ібрагімбекава (1974), «Чатыры кроплі» В. Розава, «Саламяная вартоўня» Ю. Эдліса (абодва 1975), «Палын» М. Варфаламеева (1976) і іншых. У 1970—1978 гадах тэатр не меў свайго памяшкання, працаваць даводзілася не ў лепшых умовах, але гэта не перашкодзіла звяртацца да класічных аўтараў: «» (1971) і «Не ўсё кату масленіца» А. Астроўскага, «Ідыёт» паводле Ф. Дастаеўскага (1970), «Несцерка» В. Вольскага, «Вей, ветрык» Я. Райніса, «Дзікун» Вальтэра (1977).

У 1978 годзе трупа пераехала ў адноўлены будынак тэатра і адкрыла сезон спектаклем «Пінская шляхта» В. Дуніна-Марцінкевіча ў пастаноўцы Б. Уторава.

У гэты час пад кіраўніцтвам дасведчанага рэжысёра Ф. Пуховіча плённа працуюць рэжысёры А. Каменская, У. Унукаў, В. Смяян, В. Баркоўскі, Б. Утораў. Яркія сцэнічныя вобразы ствараюць артысты Л. Федчанка, Б. Баеў, Г. Кліменка, Л. Бархатава, Т. Міронава, Ю. Саевіч, А. Бендава, Я. Грахаў, Ж. Зарэмба.

Распачатае Ф. Пуховічам актыўнае супрацоўніцтва з беларускімі драматургамі працягвае і М. Кавальчык. На сцэне з’яўляюцца спектаклі па п’есах А. Асташонка, Я. Шабана, А. Петрашкевіча, В. Бабровіча, Р. Смольскага, Ю. Сохара, І. Шамякіна. М. Кавальчык ажыццявіў пастаноўку п’есы А. Асташонка «Камедыянт, альбо Узнёсласць сумнай надзеі», прысвечанай жыццю і дзейнасці В. Дуніна-Марцінкевіча. Сцэнічны вобраз Вінцэнта выдатна ўвасобіў артыст В. Міхайлаў.

Варта адзначыць наступныя спектаклі таго часу: «Стары дом» А. Казанцава (рэж. М. Трухан і В. Баркоўскі, 1980), «Насланнё» А. Галіна, «Лесвіца ў неба» М. Слуцкіса (рэж. М. Кавальчык, абодва 1982), «Шрамы на сэрцы» Я. Шабана (1984) і «Заўтра была вайна» Б. Васільева (рэж. В. Баркоўскі, 1986), «Вуліца Шолам-Алейхема, 40» А. Ставіцкага (рэж. М. Магілеўскі, 1987).

З пачатку 1990-х гадоў у рэпертуары тэатра з’яўляецца ўсё больш спектакляў на беларускай мове. Гэта «Прымакі» Я. Купалы, «Янка і Ружа» У. Ягоўдзіка (1991) і «Матылі» У. Няфёда (рэж. С. Кліменка, 1996), «Мікітаў лапаць» М. Чарота (рэж. А. Дубовік, 1991), «Беларускія жарты» М. Гарэцкага і Л. Родзевіча (рэж. С. Кабанаў, 1992), «Калізей» М. Матукоўскага (рэж. Г. Несцер, 1992), «Вечары ў Люцінцы» па творах В. Дуніна-Марцінкевіча (рэж. В. Караткевіч, 1994).