Архірэйскі палац — помнік архітэктуры позняга барока ў Магілёве. Узведзены ў 1772—1785 гг. для архіепіскапа Г. Каніскага архітэктарам І. К. Глаўбіцам. Гісторыка-культурная каштоўнасць міжнароднага значэння.

Гісторыя

Архірэйскі палац уваходзіў у ансамбль Спаскага манастыра, разам з якім і будынкам духоўнай семінарыі складаў адзіны горадабудаўнічы комплекс. Пабудаваны ў 1772—1785 гадах у глыбіні квартала на высокім беразе Дняпра паводле праекта віленскага архітэктара І. К. Глаўбіца па заказе архіепіскапа Г. Каніскага. З'яўляўся рэзідэнцыяй апошняга ў 1785—1795 гг., з 1797 г. — А. Братаноўскага. У 1918 г. будынак займала Магілёўская губернская надзвычайная камісія.

Архітэктура

Палац уяўляе сабой мураваны трохпавярховы будынак, прамавугольны ў плане з сіметрычнымі двухпавярховымі рызалітамі па баках, накрыты высокім ламаным дахам. Галоўны і дваровы фасады маюць крывалінейныя пераходы да рызалітаў. Сцены аздоблены з глыбокім гарызантальным рустам і руставанымі пілястрамі на вуглах, прамавугольнымі аконнымі праёмамі з ліштвамі, філянговымі нішамі, тонкапрафіляванымі карнізамі. Трэці паверх атыкавы ў цэнтральнай частцы. Галоўны ўваход вылучаецца арачным парталам з казырком на металічных калонках.

Цэнтральнае месца ў інтэр'еры палаца займаў вестыбюль з трохмаршавай лесвіцай. На першым паверсе знаходзілася парадная зала для прыёмаў і службовыя пакоі, на другім — асабістыя пакоі ахіепіскапа: спальня, кабінет, бібліятэка, на трэцім — гаспадарчыя памяшканні. У XX ст. унутраная планіроўка была зменена.

Агароджа

Пасля 1853 г. на тэрыторыі архірэйскага двара на галоўнай восі палаца як галоўны ўезд пабудавана мураваная брама. Брама ўяўляе сабой два масіўныя пілоны, аздобленыя дзвюма калонкамі дарычнага ордара і завершаныя франтонамі, накрыты двухсхільным дахам. Далучаныя да яе паўкругам слупы злучаны металічнай агароджай.

Літаратура С. 464.

Спасылкі

Катэгорыя:Палацы Магілёва Катэгорыя:Збудаванні Магілёва ў стылі барока Катэгорыя:З’явіліся ў 1785 годзе Катэгорыя:1785 год у Беларусі Катэгорыя:Вуліца Архірэйскі Вал Каніскага Катэгорыя:Ленінская вуліца (Магілёў) Катэгорыя:Стары горад (Магілёў) Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Іагана Глаўбіца Катэгорыя:XVIII стагоддзе ў Магілёве