Свята-Георгіеўская царква (у народнай традыцыі — Белая Царква) — праваслаўная царква ў Бабруйску. Размешаная па адрасе Карбышава, 4.

Гісторыя Царква пабудавана ў 1905—1907 па праекце А. Штаўберта як гарнізонны храм для воінскіх частак, размешчаных у Бабруйскай крэпасці. У пачатку ХХ ст., у сувязі са стратай фартыфікацыйнага значэння Бабруйскай крэпасцю была дазволена забудова эспланады — прасторы вакол сценаў, забароненага для будаўніцтва з прычыны абарончых мэт. Адпаведна, новы гарнізонны храм быў пабудаваны ў непасрэднай блізкасці ад галоўнага ўваходу ў крэпасць, на Мінскам фарштаце. У 1907 епіскап Мінскі і Тураўскі Міхаіл (Цемнарусаў) асвяціў храм. Верагодна, што храм наведваў падчас свайго візіту ў Бабруйск у 1916 цар Мікалай II.

У 1928 з храма скідаюцца купалы, руйнуецца званіца, а ў будынку размяшчаецца швейная майстэрня. У гады вайны ў храме размяшчаліся нямецкія аўтарамонтныя майстэрні, а па яе канчатку — сталовая і бібліятэка імя Леніна. У 1990 храмавы будынак вернуты вернікам.

План рэстаўрацыі быў складзены такім чынам, каб адноўлены храмавы будынак паўтараў разбураны нават у дробных дэталях. У 1992 распачатае будаўніцтва званіцы, у верасні 1992 набываюцца званы. 19 снежня 1992 Філарэт, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, служыць у Свята-Георгіеўскім храме і благаслаўляе працы па яго ўзнаўленні. У сакавіку 1993 на званіцу ўздымаецца ўвянчаны пазалочаным крыжам шатровы дах з купалам. У 1994 усталяваны шацёр з купалам і крыжам над алтарнай часткай, у асяроддзі чатырох малых купалаў з крыжамі. 1995 храм цалкам абтынкаваны, усталяваныя дзверы і вокны. У гэтым жа годзе ў храме ўсталяваны разьбяны іканастас з абразамі працы майстроў маскоўскае іканапіснае школы.

У маі 1996—1 лістапада 1998 будуецца двухпавярховы Духоўна-асветніцкі цэнтр з памяшканнем для правядзення таемства вадохрышча. Цяпер цэнтр аб'ядноўвае не толькі адукацыйную, але і выдавецкую, дабрачынную, місіянерскую, вучэбна-метадычную дзейнасць. Пры цэнтры працуюць нядзельная школа, маладзёжны цэнтр святога Іаана Багаслова, сятрыцтва святой Юліяніі Лазараўскай, метадычны кабінет, царкоўная бібліятэка. Цэнтр каардынуе супрацоўніцтва з органамі выканаўчай улады, адукацыі і аховы здароўя, дзіцячымі дашкольнымі ўстановамі, выпраўленчымі ўстановамі, воінскімі часткамі, праводзіць семінары і канферэнцыі.

Падчас стварэння ў 2004 Бабруйскай праваслаўнай епархіі, царква была абвешчана кафедральным саборам, але разам з аднаўленнем Свята-Мікольскай царквы кафедра была перанесена туды.

Храм з'яўляецца адным з сімвалаў Бабруйска, яго малюнак можна бачыць на паштоўках, буклетах, фотаальбомах, прысвечаных гораду Бабруйску.

Клірыкі парах протаіерэй Генадзь Вейга, іерэй Васіль Макарчыкаў, іерэй Сяргей Яроміч, іерэй Мікалай Калола, дыякан Дзмітрый Сівакоў

Спасылкі Інфармацыя на сайце епархіі

Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Бабруйска Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў псеўдарускім стылі Катэгорыя:Храмы Бабруйскай епархіі Катэгорыя:1907 год у Бабруйску