Наку́ру () — салёнае возера ў Рыфтавай даліне Кеніі. Плошча паверхні — 44 км². Найбольшая глыбіня — 4,5 м. Плошча вадазбору — 1800 км².

Геаграфія Возера Накуру месціцца ў Вялікай рыфтавай даліне на вышыні 1754 м над узроўнем мора ў 131,3 км на паўночны захад ад Найробі. Мае тэктанічнае паходжанне. Плошча паверхні — каля 44 км². Даўжыня — 9,7 км. Найбольшая шырыня — 6,9 км. Сярэдняя глыбіня — 2,5 м. Найбольшая глыбіня — 4,5 м. Аднак трэба мець на ўвазе, што ўзровень вады і абрысы возера моцна залежаць ад навакольнага асяроддзя. У 1990-ыя гады, калі ва Усходняй Афрыцы панавала засуха, плошча паверхні скарачалася да 4-5 км². У 2000-ыя гады ўзровень вады наадварот павышаўся. Плошча вадазбору — 1800 км².

Прырода Вада ў Накуру салёная, аднак прыдатная для існавання водарасцей Cyanophyte Platensis, якія з’яўляюцца каштоўным кормам для дробных рачкоў і фламінга і надаюць возеру зелянявы колер. Даліна вакол Накуру знакаміта сваёй біялагічнай разнастайнасцю. Непасрэдна да возера прымыкаюць шчолачныя балоты. За імі пачынаюцца саванна і лес (усяго 550 відаў раслін). Тут жыве 56 відаў сысуноў, у тым ліку львы, бабуіны, насарогі, буйвалы і г. д. Шмат птушак, з якіх вылучаюцца чырвоныя фламінга.

Ахова У 1961 г. быў створаны Нацыянальны парк возера Накуру, які займае плошчу 188 км². Ён кіруецца Службай дзікай прыроды Кеніі.

У 2011 г. Накуру разам з азёрамі Багорыя і Элементэйта (агульная назва Сістэма азёр у Вялікай рыфтавай даліне) было ўключана ў Спіс аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Аднак працягваюць існаваць пагрозы для далейшага захавання некранутай прыроды возера. Землі вакол Накуру шчыльна заселены, прычым горад Накуру непасрэдна мяжуе з нацыянальным паркам. Хаця гэта забаронена, мясцовае насельніцтва працягвае карыстацца вадой з возера для паліву палеткаў. Сцёкі з гарадской каналізацыі некалькі разоў траплялі ў возера, атручвалі ў ім ваду, што выклікала масавую згубу птушак.

Галерэя

Спасылкі UNESCO: Kenya Lake System in the Great Rift Valley Nakuru Lake Profile Lake Nakuru National Park Nakuru Pictures

Катэгорыя:Азёры Афрыкі Катэгорыя:Азёры Кеніі Накуру Накуру Накуру