Прыназо́ўнік — службовая часціна мовы, якая ўдакладняе значэнне ўскосных склонаў і выражае адносіны паміж галоўнымі і залежнымі кампанентамі словазлучэння.

Прыназоўнікі марфалагічна нязменныя, не маюць самастойнага лексічнага і граматычнага значэння, не з’яўляюцца членамі сказа. Ужываюцца з паўназначнымі словамі, дапаўняюць іх.

Класіфікацыя Значэнне прыназоўнікаў выяўляецца ў словазлучэнні, дзе яны выражаюць розныя граматычныя адносіны: прасторавыя: лунаць над борам; часавыя: працаваць у жніво; аб’ектныя: зачапіцца за галіну; колькасныя: вады да пояса; размеркавальныя: разламаць на дзве часткі; прычынныя: крычаць ад роспачы; мэтавыя: купіць падарунак да свята; параўнальныя: вышынёй з паўдома; спосабу дзеяння: убачыць скрозь сон; меры і ступені: працаваць да поту; азначальныя: дрэва з купчастай вершалінай; умоўныя: зазірнуць у слоўнік пры неабходнасці і інш.

Паводле марфалагічнай будовы і паходжання прыназоўнікі падзяляюцца на: невытворныя: з, пры; вытворныя: збоку, наконт.

Паводле структуры прыназоўнікі падзяляюцца на: простыя: ад, замест; складаныя: з-за, па-над; састаўныя: у адносінах да, у сувязі з.

Удакладняючы значэнне ўскосных склонаў, прыназоўнікі могуць ужывацца з адным склонам (каля, праз), двума (аб, пад) і трыма (у, па).

Асаблівасці ўжывання У сучаснай беларускай мове ў функцыі прыназоўніка ўжываюцца прыслоўна-прыназоўнікавыя канструкцыі (асобна ад, згодна з). Пры перадачы аднолькавых ці блізкіх граматычных значэнняў часта выкарыстоўваюцца розныя прыназоўнікі, якія ў такіх выпадках выступаюць як сінонімы (пад лесам — каля лесу, з радасці — ад радасці).

Крыніца

Катэгорыя:Часціны мовы