Дзітва́ () — рака ў Літве і Воранаўскім і Лідскім раёнах Гродзенскай вобласці Беларусі, правы прыток Нёмана.

Даўжыня 93 км, у межах Беларусі каля 90 км. Плошча вадазбору 1220 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 8,2 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,4 ‰.

Назва

На думку А. Ванагаса, той жа корань Dit- у назве літоўскай ракі Dit-upė. Паходжанне кораня dit- няяснае. Магчыма звязаны з фрак. Διτας, Διτα, параўн. алб. ditë «дзень» (калісьці магло азначаць «святло»), якія ад і.-е. *dei- : *dī «свяціць»A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 88..

Гідраграфія Пачынаецца ў 6 км на паўднёвы ўсход ад Эйшышак у Літве, за 1,2 км ад вёскі Даўгердзішкі (Воранаўскі раён) перасякае мяжу Беларусі, цячэ ў межах Лідскай раўніны, у нізоўі — па Нёманскай нізіне. Вусце за 1,3 км ад вёскі Беневічы Лідскага раёна.

Даліна ракі выразная, яе шырыня да ўпадзення ракі Крупка 1—2,5 км, ніжэй 0,6—1,1 км. Пойма двухбаковая, забалочаная, шырынёй ад 500 м да 1 км. Рэчышча ад мяжы з Літвой (50 км) каналізаванае, ніжэй моцна звілістае, дзеліцца на рукавы, шырыня ў межах 20—25 м, у верхнім цячэнні 5—10 м.

На ўчастку перахвату рэк Дзітва — Пеляса ўтварылася скразная даліна.

Прытокі справа: Радунька, Чарняўка, Бахматка; злева: Каменка, Восава, Няшкрупа, Крупка, Лідзея. Рака служыць водапрыёмнікам меліярацыйных сістэм.

Водны і лядовы рэжым Рэжым вывучаўся ў 1920—1933 і 1944—1964 гадах на 4 гідралагічных пастах, затым назіранні працягваліся на гідралагічным пасту Парачаны.

На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 38 % гадавога сцёку. Найвышэйшы ўзровень разводдзя назіраецца ў пачатку 3-й дэкады сакавіка, сярэдняя вышыня над межанным узроўнем 1—1,8 м. Замярзае ў сярэдзіне снежня, крыгалом у 2-й дэкадзе сакавіка.

Зноскі

Літаратура

Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 2: Гатня ― Катынь / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1983. — 520 с.

Катэгорыя:Прытокі Нёмана Катэгорыя:Рэкі Шальчынінкайскага раёна Катэгорыя:Рэкі Воранаўскага раёна Катэгорыя:Рэкі Лідскага раёна