Лі́дзія Ко́йдула (), сапраўднае імя Лідзія Эміліе Фларэнцінэ Я́нсен (; 12 (24) снежня 1843, Вяндра, Пярнускі павет, Ліфляндская губерня — 30 ліпеня (11 жніўня) 1886, Кранштат, Расійская імперыя) — эстонская паэтэса, празаік, заснавальніца эстонскай драматургіі. Мянушку «Койдула» () Лідзіі даў пісьменнік Карл Роберт Якабсан. Часта пісьменніцу называюць таксама «Койдулаўлік» — «Спявачка світання».

Біяграфія Дачка журналіста і асветніка Іагана Вальдэмара Янсена, Лідзія са школьнай пары дапамагала бацьку ў выданні газеты «Пярнускі паштальён» () — рабіла пераклады, адаптавала мастацкія творы і да т. п. У той самы час напісаныя і ейныя першыя вершы, спярша нямецкай мовай. Сястра — Гары Янсена.

Менавіта ў газетнай працы Койдула сустракалася са шматлікімі грамадскімі дзеячамі абуджанага ў сярэдзіне XIX стагоддзя нацыянальнага руху, пад іхнім уплывам зарадзіліся ейныя погляды і перакананні. У другой палове 1860-х Койдула стала папулярнай паэткай, аўтарам грамадскіх і патрыятычных твораў.

Узяўшы ў 1873 годзе шлюб з урачом Э. Міхельсонам, Койдула была вымушана жыць у Кранштаце, дзе яе муж служыў ваенным лекарам. І хоці Койдула часта наведвала Эстонію, усё ж балюча ўспрымала развітанне з радзімай. Яна заўчасна памерла ў Кранштаце праз хваробу малочнай залозы. На 60-я ўгодкі смерці яе прах быў перавезены ў Эстонію і перапахаваны на талінскіх Лясных могілках.

Творчасць thumb|Мемарыяльны камень у гонар Лідзіі Койдулы ў роднай Вяндры thumb|Помнік Лідзіі Койдуле ў Пярну (1929) У гісторыі эстонскай літаратуры Койдула пакінула заўважны след найперш у паэзіі. Ейная патрыятычная лірыка апынулася ў найвышэйшай ступені актуальнай для абуджэння эстонскага народа, і Койдулу як выказніцу народных пачуццяў сталі называць «Салавей з берагоў Эмайыгі» () (так зваўся зборнік яе вершаў 1867 года). Большасць яе твораў носіць рамантычны характар: палкае спачуванне бедам і крыўдам эстонскага народа, любоў да радзімы і хаты, памкненне неяк дапамагчы сваім суайчыннікам і палегчыць іх лёс.

У кранштацкі перыяд у паэзіі Койдулы пераважаюць элегічныя вершы, прыродная і любоўная лірыка. Рупліва працуючы над тэхнікай вершу, яна пракладала дарогу паэтам наступных пакаленняў. Да асноўных пераваг паэзіі Койдулы адносяцца яскравасць і эмацыйнасць.

Койдула працавала і ў прозе, збольшага для газет — прыстасоўвала творы іншых аўтараў для эстонскага чытача, рабіла адвольныя пераклады.

Новае слова Койдула прамовіла і ў эстонскай драматургіі: першая камедыя «Пляменнік з Саарэмаа» (, 1870) была напісаная па сюжэце нямецкага драматурга Т. Кернера, аднак ужо наступныя камедыі Койдулы былі цалкам аўтэнтычныя — «Сватушкі» (, 1870) і «Гэткі мульк, або Сто вак солі» (, 1872). З камедый Койдулы пачаў сваё існаванне эстонскі тэатр.

Памяць Кароткае, пладавітае і поўнае драматызму жыццё Койдулы, яе папулярнасць сярод чытачоў свайго часу, яе месца ў эстонскім грамадстве, нязвыклае для жанчыны ў XIX стагоддзі, актыўны ўдзел ва ўсіх культурных пачынаннях паступова ператварылі імя Койдулы ў легенду. Ёй і яе сям'і прысвечаныя некалькі літаратурных твораў — «Гадзіна на крэсле, якое круціцца» Яана Кроса, «Гадзіна духаў на вуліцы Янсена» М. Унта, «Вірускі спявак і Койдула» А. Ундла-Пылдмяэ, «Той вясною ў Тарту» Т. Тувікесе і інш.; ёй прысвечаныя дзясяткі вершаў вядомых эстонскіх паэтаў; на словы яе вершаў складзена мноства песень.

У Пярну дзейнічае мемарыяльны музей і адкрыты помнік Койдуле. На сцяне хаты, дзе Лідзія Койдула жыла ў Кранштаце, усталяваная мемарыяльная дошка.

Цікавосткі На словы аднаго з вершаў Лідзіі Койдулы «Мая айчына — маё каханне» () эстонскі кампазітар Густаў Эрнесакс () напісаў музыку. Гэтая песня стала неафіцыйным гімнам Эстоніі. На банкноце 100 эстонскіх кронаў з аднаго боку была выяўленая Лідзія Койдула з салаўём, з іншага напісаны куплет з яе вершу.

Silla otsad ühendatud, Kandes ühte isamaad, Tõe templiks pühendatud… Nägu — millal tõeks saad?!

Эстонская 100-кронавая банкнотаthumb|none|Выява Лідзіі Койдулыthumb|none|Радкі з вершу Лідзіі Койдулы

Літаратура «Кто есть Кто в культуре Эстонии», состав и подготовка текста «Авенариус» 1996 г.

Катэгорыя:Паэты Эстоніі Катэгорыя:Паэтэсы Катэгорыя:Пісьменнікі Эстоніі Катэгорыя:Эстонскамоўныя паэты Катэгорыя:Эстонскамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Асобы, вядомыя пад літаратурнымі псеўданімамі Катэгорыя:Памерлі ад раку малочнай залозы Катэгорыя:Нарадзіліся ў Пярнумаа