«Паўлінка» — п’еса Янкі Купалы, камедыя ў двух актах, напісаная ў 1912 годзе. Упершыню выдадзена асобным выданнем у 1913 годзе ў Пецярбургу ў выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца».

Сюжэт Гісторыя як дзяўчына абрала сабе жаніха супраць бацькоўскай волі. Камедыя шчодра аздоблена нацыянальным каларытам, народным гумарам і своеасаблівымі прыкметамі драматычных калізій пачатку XX стагоддзя.

Галоўная гераіня разумная, дасціпная і вострая на язык Паўлінка. Вольналюбівая і здольная пастаяць за сябе і за сваё каханне дзяўчына ідзе ў жыццё самастойнай дарогай. Яна закахалася ў мясцовага настаўніка Якіма Сароку, вобраз якога ўвасабляе новыя павевы ў жыцці вёскі. Яе прываблівае святло новых ідэй, якія ён нясе. Аднак на шляху закаханых становяцца патрыярхальныя, кансерватыўныя сілы. Але Паўлінка знаходзіць у сабе мужнасць ім супрацьстаяць.

У фінале п’есы падзеі разгортваюцца драматычна — яе каханага Якіма арыштавалі. Такім чынам звычайная сямейна-бытавая калізія перарастае ў глыбокі сацыяльна-палітычны канфлікт, а сама п’еса з бытавой камедыі пераўвасабляецца ў сацыяльна-праблемную.

Гісторыя стварэння Камедыя была напісана ў 1912 годзе і ўпершыню выйшла асобным выданнем у 1913 годзе ў Пецярбургу ў выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца». Гэта была першая камедыя, напісаная Янкам Купалам, а таксама і першай яго п’есай.

Пастаноўкі

Упершыню камедыя была пастаўлена на сцэне 27 студзеня (9 лютага) 1913 года ў Вільні на вечарынцы ў рабочым клубе «Сокал» Беларускім музычна-драматычным гуртком. Першай выканаўцай ролі Паўлінкі была Сафія Маркевіч (Маркевічанка). На прэм’еры прысутнічаў Купала, які адмыслова для гэтага прыехаў з Пецярбургу. 9 (22 лютага) «Паўлінка» была таксама прадстаўлена ў Пецярбургу. Ініцыятарам пастаноўкі выступіў беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта. Гэтым разам ролю Паўлінкі выконвала Паўліна Мядзёлка. У жніўні 1913 года спектакль быў пастаўлены і ў Беларусі — у пажарным будынку ў Радашковічах (рэжысёр — Фларыян Ждановіч). У красавіку 1917 года спектакль распачаў дзейнасць Першага беларускага таварыства драмы і камедыі, з якога фактычна вырас БДТ-1, а потым тэатр, які сёння мы называем імем Купалы.

Спектакль, багаты на камедыйныя сітуацыі, жарты, песні і танцы, у 1944 годзе быў пастаўлены ў Томску, пад час знаходжання тэатру ў эвакуацыі. З тых часоў «Паўлінка» мае вялікі поспех у гледачоў, не сыходзячы са сцэны тэатра.

Спектакль «Паўлінка» з’яўляецца класікай тэатральнага мастацтва Беларусі, галоўнай візітоўкай мінскага Купалаўскага тэатру. 27 студзеня 2013 года яму споўнілася 100 сцэнічных год. Амаль 68 сезонаў купалаўскі тэатр пачынаў менавіта з «Паўлінкі». Спектакль ідзе ў пастаноўцы Льва Літвінава, калі ў 1944 годзе трупа была ў эвакуацыі ў Томску. І з заканчэннем рэканструкцыі тэатральнага будынку першай на абноўленай сцэне сыграюць менавіта «Паўлінку».

«Паўлінкай» адкрываецца і закрываецца кожны тэатральны сезон Купалаўскага, і гэта адзін з самых папулярных і любімых гледачамі спектакляў. Рашэннем Рады пры Мінкультуры ад 11 снежня 2019 года «тэатральны феномен Купалаўскай „Паўлінкі“» ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

Персанажы Сцяпан Крыніцкі — засцянковы шляхціч, 45 гадоў; Альжбета — яго жонка, 40 гадоў; Паўлінка — дачка Крыніцкіх, 19 гадоў; Пранцысь Пустарэвіч — сваяк Крыніцкіх, 50 гадоў; Агата — яго жонка, 43 гады; Якім Сарока — настаўнік, 25 гадоў; Адольф Быкоўскі — 24 гады; Госці, музыкі.

Спасылкі

Янка Купала. «Паўлінка» : віртуальная выстаўка на сайце Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я.Коласа НАН Беларусі

Катэгорыя:П’есы Янкі Купалы Катэгорыя:Творы 1913 года