Хрэн звычайны (Armoracia rusticana) — кветкавая расліна роду сямейства .
Апісанне
Шматгадовая травяністая расліна з тоўстым вераценападобным галінастым карэнішчам. Сцёблы вышынёй да 1 м, прамастойныя, галінастыя. Лісце ў прыкаранёвай разетцы, даўжыня 30—100 см, чаранковае, каля асновы звужанае, ніжняе сцябловае на кароткіх чаранках, рассечанае або перыста-раздзельнае, верхняе — сядзячае, падоўжанае. Кветкі белыя, духмяныя. Плод — стручочак. Насенне звычайна не ўтвараецца, размнажэнне вегетатыўнае.
Багаты мінеральнымі солямі. Карані маюць у сабе 79 мг% натрыю, 579 мг% калію, 119 мг% кальцыю, 35,3 мг% магнію, 2 мг% жалеза, 0,14 мг% медзі, 70 мг% фосфару, 212 мг% серы, 18,8 мг% хлору, да 200 мг% вітаміну С, а таксама фітанцыды.
Распаўсюджанне Пашыраны ў Еўразіі, на тэрыторыі Беларусі трапляецца ўздоўж дарог, на берагах рэк і азёр, каля жылля. Культывуецца.
Выкарыстанне
Цёртае карэнішча хрэну ўжываюць як вельмі вострую прыправу да розных страў. Зялёнае лісце ўжываюць пры засольванні агуркоў. Фітанцыды, якімі багатая расліна, засцерагаюць арганізм чалавека ад захворвання.
Агратэхніка У культуры — аднагадовыя і двухгадовыя расліны.
Хрэн — холадаўстойлівая расліна, патрабавальная да вільгаці. Аднак на ўчастках з высокім узроўнем грунтавых водаў садзіць яго не трэба. Найбольш прыдатныя супясчаныя і сугліністыя дзярнова-падзолістыя глебы, а таксама чарназёмы і асушаныя тарфянікі. Лепшыя папярэднікі — прапашныя культуры, вырашчаныя на арганічных угнаеннях. Карані, што застаюцца ў зямлі, засмечваюць глебу, таму хрэн вырошчваюць на пазасевазваротных участках. Размнажаюць хрэн каранёвымі чаранкамі гадавога прыросту. Высаджваюць чаранкі рана вясной нахілена пад вуглом 45° на адлегласці 25—30 см, шырыня міжрадкоўяў 70—80 см. Зямлю вакол чаранка шчыльна абціскаюць, пасля чаго ўчастак паліваюць і засыпаюць перагноем.
Убіраюць хрэн позна ўвосень, калі пачынае адміраць лісце, падкопваючы карэнішчы. Бакавое карэнне абразаюць, пакідаюць чаранкі даўжынёй 25—40 см і таўшчынёй 1 см. Захоўваюць у падвалах або прыкопваюць у зямлю.
Для ачысткі ўчастка ад хрэну рэкамендуецца пасля яго высаджваць кармавыя або сталовыя буракі, потым капусту. Пасля капусты неабходна сеяць траву.
Літаратура
Энцыклапедыя сельскага гаспадара. — Мн.: БелЭн, 1993.
Спасылкі
Катэгорыя:Капуставыя Катэгорыя:Харчовыя расліны Катэгорыя:Флора Еўразіі Катэгорыя:Карняплоды Катэгорыя:Расліны, апісаныя ў 1800 годзе