Мыш’я́к, таксама арсенiк () As — хімічны элемент V групы перыядычнай сістэмы, атамны нумар 33, атамная маса 74,9216. У прыродзе адзін стабільны ізатоп 75As. У зямной кары 1,7∙10−4 % па масе. Трапляецца пераважна ў выглядзе мінералаў (мыш’яковыя руды, рэальгар). Як мікраэлемент ёсць у раслінных і жывёльных арганізмах (у арганізме чалавека 0,08—0,2 мг/кг). Злучэнні мыш’яку вядомыя з глыбокай старажытнасці; атрыманне металічнага мыш’яку прыпісваюць Альберту Вялікаму (каля 1250). Лацінская назва паходзіць ад грэчаскага arsin — моцны, рус. — магчыма, ад «мышь» (злучэнні мыш’яку яшчэ ў Старажытнай Русі выкарыстоўвалі для знішчэння мышэй і пацукоў).
Вядома некалькі алатропных мадыфікацый мыш’яку; найбольш устойлівая — металічны ці шэры мыш’як (a = -As). Кампактны шэры мыш’як мае выгляд серабрыстага буйнакрышталічнага металу, шчыльнасць 5740 кг/м³, пры 615 °C узганяецца, плавіцца (tпл 817 °C) пры ціску пары 3,7 МПа. У вільготным паветры і пры награванні лёгка акісляецца. Узаемадзейнічае з канцэнтраванымі азотнай і сернай кіслотамі, з галагенамі (утварае лятучыя трыгалагеніды AsHal3, а з фторам і пентафтарыд AsF5). Пры сплаўленні з металамі ўтварае арсеніды, са шчолачамі — арсін AsH3 і арсенаты (мыш’яку злучэнні). Металічны мыш’як атрымліваюць аднаўленнем сэсквіаксіду As2O3 вугалем, ачышчаюць сублімацыяй. Элементарны мыш’як выкарыстоўваюць як дабаўку да сплаваў на аснове медзі, свінцу і волава, асабліва чысты — для сінтэзу і легіравання паўправадніковых матэрыялаў.
Літаратура
Катэгорыя:Хімічныя элементы
Катэгорыя:Паўметалы