Ле́легі () — старажытны народ у Малой Азіі, Балканскім паўвостраве і астравах Эгейскага мора.

Лакалізацыя Большасць антычных аўтараў выкарыстоўвалі назву лелегаў пры апісанні захаду Малой Азіі, дзе тыя калісьці насялялі тэрыторыі Іоніі, Эоліі і Карыі, а таксама суседніх астравоў Эгейскага мора. Ужо ў часы Герадота лелегі зніклі, таму падрабязных апісанняў іх культуры не засталося.

У "Іліядзе" лелегі ўзгадваюцца сярод саюзнікаў траянцаў, аднак не ў асноўным спісеГамер, X:429. Гэта наводзіць на думку аб найпозняй устаўцы. Герадот атаесамляе лелегаў са старажытнымі карыйцамі і кажа, што ў даўнія часы яны насялялі астравы Эгейскага мора, падпарадкоўваліся мінойцам, замест даніны давалі ім грабцоў на караблі. Менавіта мінойцы перасялілі лелегаў у Малую АзіюГерадот, I:171.

Страбон, які жыў значна пазней за ўзгаданых аўтараў, але карыстаўся самымі рознымі крыніцамі, пісаў, што ў старажытнасці лелегі насялялі Іонію і Эолію, адкуль былі выціснутыя элінамі-каланістамі ў Карыю, дзе працягвалі займаць значныя тэрыторыіСтрабон, Кніга 12, I:3-4. Ва ўнутранай частцы Карыі імі было заснавана 8 гарадоўСтрабон, Кніга 13, I:59. Ён жа са спасылкай на папярэднікаў фіксуе старажытных лелегаў у Балканскай Грэцыі, у прыватнасці ў БеотыіСтрабон, Кніга 7, VII:2. Паходжанне лелегаў для яго застаецца смутным. Страбон то тлумачыць словы Гесіёда, быццам бы яны з'яўляліся змяшэннем "рознапляменнай набрыдзі", то ўслед за Герадотам выводзіць іх з Эгейскіх астравоў.

У тэкстах хетаў узгадваецца заходні дзікі народ з падобным найменнем lulahi, які ў іх час відавочна жыў у Малой Азіі.

Культура Мова лелегаў невядомая. Частка сучасных даследчыкаў лічаць іх даіндаеўрапейскім насельніцтвам Еўропы і Азіі. Згодна антычным крыніцам, лелегі былі заснавальнікамі некалькіх рэлігійных традыцый, пазней перанятых грэкамі Малой Азіі.

Гл. таксама Кікладская культура Эліны Мінойцы Мінійцы Карыйцы Пеласгі

Катэгорыя:Насельніцтва Старажытнай Грэцыі Катэгорыя:Зніклыя народы Еўропы Катэгорыя:Зніклыя народы Азіі Катэгорыя:Народы старажытнай Малой Азіі