Магілёўскі Спаскі манастыр — комплекс будынкаў, які ўключаў мураваныя будынкі ў стылі барока: Спаса-Праабражэнскую царкву, агароджу з варотамі і званіцай і манастырскі корпус. Разам з Магілёўскім архірэйскім палацам і Магілёўскай духоўнай семінарыяй ствараў адзіны буйны горадабудаўнічы ансамбль, які займаў увесь квартал на вул. Ветранай (сучасная Ленінская).
Гісторыя Драўляная Спаская царква вядома з 1478. З канца XV ст. пры царкве існавалі драўляныя манастырскія будынкі, дзе размяшчаліся манаскія келлі. У 1588 г. пры манастыры зацверджана праваслаўнае брацтва, а ў 1600 г. адкрылася школа. Брацтва праіснавала да 1618 г., калі царква была перададзена ўніятам, якія валодалі ёй да сяр. 17 ст. У гэты перыяд брацтва, школа і друкарня дзейнічалі пры царкве Уваходу Гасподняга ў Іерусалім. У брацкай друкарні былі выдадзены: «Служэбнік» (1616 і 1617), «Евангелле вучыцельнае» (1619). У брацкай школе вывучалі мовы і багаслоўеМогилевский Спасо-Преображенский монастырь.
Паводле ўмоў 1649 г., манастыр ізноў стаў праваслаўным. Пры ім знаходзілася епіскапская кафедра і дом, дзе жылі архірэі. У 1659 г. пабудавана новая царква, таксама драўляная, якая згарэла ў 1708 г.
У 1740-42 гг. епіскап Іосіф Ваўчанскі пачаў будаўніцтва новага мураванага храма, які быў скончаны пры епіскапе Ераніме Ваўчанскім, але згарэў 1748 г. З 1756 г. будаўніцтвам Спаса-Прэабражэнскай царквы кіраваў архіепіскап Георгій Каніскі, які вызваў з Вільні вядомага архітэктара І. К. Глаўбіца. Побач з царквой у 1762-85 гг. быў пабудаваны каменны архірэйскі палац. Новая царква была кафедральным саборам Магілёва да 1802 г.
У 1785 г. было скончана будаўніцтва мураванай агароджы з брамай і двух’яруснай званіцай і манастырскага корпуса.
У 1824 г. у манастыры меліся храмы: Спаса-Праабражэнскі, у імя 40 Севастыйскіх мучанікаў і Узнясення Гасподняга. У галоўным храме, у правым прыдзеле, знаходзілася цудатворная ікона Божай Маці ў пазалочанай рызе, якая, па сведчанні падання, цудоўным чынам калісьці з'явілася на сцяне Магілёўскага замка. У Спаскім саборы быў пахаваны Георгій Каніскі.
Пры манастыры мелася багатая бібліятэка. Тут была напісана «Хроніка Спаскага манастыра» (1755), надрукаваная ў 1871 г. пад назвай «Розныя запіскі, якія тычацца Беларускай епархіі і тутэйшай набожнасці» (знаходзіцца ў бібліятэцы АН Літвы, у г. Вільнюсе).
Манастыр зачынены ў 1918 г. Царква і іншыя будынкі пашкоджаны ў час Другой сусветнай вайны і пазней знесены, ад манастыра захаваліся два будынкі.
Архітэктура Комплекс уключаў мураваныя будынкі ў стылі барока: Спаса-Праабражэнскаю царкву, агароджу з брамай і званіцай і манастырскі корпус. Разам з архірэйскім палацам і будынкамі духоўнай семінарыяй ўтвараў адзіны буйны горадабудаўнічы ансамбль, які займаў увесь квартал на вул. Ветранай (сучасная вул. Ленінская).
Спаса-Праабражэнская царква
Царква размяшчалася на высокім беразе Дняпра, у глыбіні квартала. Уяўляла сабой храм з 2-вежавым галоўным фасадам, які завяршалі 2-ярусныя вежы, паміж якімі размяшчаўся высокі ступеньчаты франтон. Сцены фасадаў завяршыліся шырокім тонкапрафіляваным карнізам. У інтэр'еры чатыры цэнтрычныя слупы падтрымлівалі купал на ветразях. Інтэр'ер быў багата аздоблены магілёўскімі майстрамі Міронам Пігарэвічам і чаканшчыкам Пятром Сліжыкам.
Званіца
Манастыр
Г-падобны ў плане манастырскі корпус разам з агароджай атачаў усю тэрыторыю манастыра, утвараючы трапецападобны ўнутраны дворык. Да манастырскага корпуса прылягалі гандлёвыя рады з арачнымі ўваходамі. Манастырскі корпус складаўся з двухпавярховай часткі, дзе размяшчалася кансісторыя, і аднапавярховага крыла, дзе размяшчаліся келлі і гаспадарчыя памяшканні. Захаваўся корпус, які тарцовым фасадам выходзіў на вул. Ветраную (Ленінскую), і адна частка 1-павярховага крыла. Помнік рэспубліканскага значэння. Галоўны фасад двухпавярховага корпуса аздоблены іанічнымі пілястрамі на ўсю вышыню. Аконныя праёмы дэкараваны ліштвамі з замковым каменнем і падаконнымі прамавугольнымі нішамі. Аднапавярховае крыло аздоблена аконнымі праёмамі з простымі ліштвамі і міжаконнымі лапаткамі.
Літаратура
Тамара Габрусь. Храмы. Страчаная спадчына. Менск, Полымя, 1998. ISBN 985-07-0036-X
Спасылкі
Могилевский Спасо-Преображенский монастырь // Святые земли Белорусской. Древние монастыри Беларуси. (Тэматычны праваслаўны каляндар на 2004 год.)
Катэгорыя:Манастыры Магілёва Катэгорыя:Колішнія манастыры Беларусі Катэгорыя:Праваслаўныя манастыры Беларусі Катэгорыя:Знішчаныя збудаванні Магілёва Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Беларусі, знішчаныя савецкай уладай Катэгорыя:XV стагоддзе ў Магілёве