Астравы Натуна () — архіпелаг у Паўднёва-Кітайскім моры. Уваходзіць у склад інданезійскай правінцыі Рыау. Агульная плошча — 1993 км². Насельніцтва (2010 г.) — 69 319 чал.

Геаграфія Ланцуг з 272 астравоў Натуна размешчаны на поўдні Паўднёва-Кітайскага мора. Ён знаходзіцца ўсяго за 67 км ад паўночнага ўзбярэжжа вострава Калімантан, за 532 км ад паўднёвага ўзбярэжжа В’етнама, за 138 км на ўсход ад астравоў Анамбас, за 1030 км на поўнач ад Джакарты, за 8968 км на паўднёвы ўсход ад Мінска.

Большасць астравоў з’яўляюцца часткай кантынентальнага шэльфа. Утвораны каля 8 тысячагоддзя да н. э. у выніку павышэння ўзроўню акіяна. Берагі атачаюць каралавыя рыфы. На многіх астравах заўважны выхады граніту, якія месцамі фарміруюць горы і ўзгоркі. Найвышэйшы пункт — гара Ранаі (1035 м) на востраве Натуна-Бесар. Не далёка ад яе знаходзіцца прыродны парк Аліф, дзе на плошчы 3 га можна бачыць скалы самых незвычайных форм. На шэльфе каля астравоў знойдзены значныя запасы прыроднага газу.

Клімат трапічны мусонны. Сярэдняя тэмпература +27,1 °C. Найбольш сухая пара году — з сакавіка да ліпеня.

Прырода Прыродны свет астравоў Натуна адрозніваецца пэўнай разнастайнасцю. На многіх астравах захаваліся лясы. Тут знойдзены 71 від птушак, у тым ліку рэдкія папугаі, галубы і арлы. На астравах Натуна таксама жывуць прыматы (Presbytis natunae), марскія чарапахі, яшчаркі і г. д. Не меншую цікавасць ўяўляе жывёльны свет мясцовых каралавых рыфаў. Навуковая экспедыцыя 2002 г. выявіла сярод насельнікаў рыфаў вялікую колькасць эндэмікаў.

Гісторыя Астравы Натуна здаўна былі вядомы рыбакам і гандлярам з Паўднёвага Кітая і Паўднёва-Усходняй Азіі. У XVI—XVII ст. яны былі захоплены малайцамі з поўдня паўвострава Малака, якія стварылі на ім некалькі дробных дзяржаўных аб’яднанняў, залежных ад султанаў Джохара. У 1824 г. Натуна фармальна былі падпарадкаваны Галандыі. У 1940—1944 гадах акупаваны Японіяй. У 1949 г. абвешчаны часткай Інданезіі.

Цікавасць да астравоў Натуна з боку цэнтральнага ўрада Інданезіі ўзнікла толькі з 1970 г. у сувязі з адкрыццём значных запасаў газу на шэльфе каля астравоў (каля 40 % ад усіх запасаў газу краіны). Свае прэтэнзіі на гэтыя землі таксама выказаў Кітай. У 1995 г. кітайскае кіраўніцтва адмовілася ад саміх астравоў, але не ад марскіх тэрыторый. Прамысловая здабыча газу вядзецца інданезійскімі і іншаземнымі кампаніямі з 1999 г. У асноўным, ён паступае на перапрацоўку ў Малайзію і Сінгапур. Мясцовыя ўлады імкнуцца развіваць транзітны гандаль і турызм.

Спасылкі Natuna Beautiful overseas island Wonderful Indonesia globalsecurity.org About Natuna Island Natuna Gas Field, Indonesia Natuna Coral Reef Sekatung Island Rare Animals Kekah Natuna

Катэгорыя:Архіпелагі паводле алфавіта Катэгорыя:Астравы Інданезіі Катэгорыя:Астравы Паўднёва-Кітайскага мора Катэгорыя:Астравы Ціхага акіяна