Свята-Ільінская царква — драўляны праваслаўны храм у вёсцы Камайск Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці, помнік беларускага народнага дойлідства

Гісторыя Пабудавана ў 1809 годзе па фундацыі Яна і Тэрэзы Мацкевічаў.

Архітэктура Абодва зрубы, асноўны і алтарны, амаль квадратныя ў плане, роўнай вышыні і накрыты агульным двухсхільным дахам, які ўтварае 3-вугольныя навісі-застрэшкі над месцам злучэння зрубаў. Тарэц даху на галоўным заходнім фасадзе аформлены ўсечаным трапецападобным франтонам і завершаны чацверыковай вежай, накрытай спічастым чатырохсхільным шатром з заломам. Шчыт франтона аздоблены дыяганальнай ашалёўкай «у елачку». Вільчык даху над алтаром увенчаны шатровай вежай, падобнай на галоўную. Будынак мае 3 уваходы, над якімі высока размешчаны падвойныя прамавугольныя вокны. Да галоўнага ўваходу прыбудаваны невялікі прытвор. Нягледзячы на камернасць збудавання, храм стварае ўражанне больш значнага маштабу і ампірнай урачыстасці. У ім спалучаюцца традыцыйныя цяслярскія прыёмы з класіцыстычнай трактоўкай форм.

Літаратура

Ільінская царква // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Докшыцкага раёна / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]; маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн., 2004. — С. 668. Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.

Спасылкі

Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Докшыцкага раёна Катэгорыя:Драўляныя цэрквы Беларусі Катэгорыя:Камайск Катэгорыя:Помнікі беларускага народнага дойлідства Катэгорыя:1809 год у Беларусі Катэгорыя:Храмы Полацкай і Глыбоцкай епархіі