Язэп Аляксандравіч Юхо (, Менск — , Мінск) — беларускі гісторык права, доктар юрыдычных навук (1980), прафесар кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта БДУ (1983), заснавальнік першай навуковай школы дзяржавы і права Беларусі, сябар Вялікай Рады міжнароднага грамадскага аб’яднання ЗБС «Бацькаўшчына».

Біяграфія Вучыўся ў Беларускім політэхнічным інстытуце (1938—1939), потым прызваны ў армію, скончыў Горкаўскае вучылішча зенітнай артылерыі (1941).

У час Другой сусветнай вайны камандзір агнявога ўзводу (пад Масквой, 1941), намеснік камандзіра зенітнай гарматы і начальнік артылерыі стралковага палка на Паўднёвым і Заходнім франтах. Двойчы цяжка паранены. З 3-м Беларускім фронтам вызваляў Віцебск, Полацк, ваяваў ва Усходняй Прусіі. Скончыў вайну ў званні маёра. У 1946 годзе звольніўся з арміі.

Скончыў Мінскі юрыдычны інстытут (1949), аспірантуру Інстытуту філасофіі і права АН БССР (1954).

Працаваў народным суддзёй Варашылаўскага раёна Мінска, навуковым супрацоўнікам Інстытута філасофіі і права АН БССР (1952), дацэнтам кафедры грамадзянскага і грамадзянска-працэсуальнага права юрыдычнага факультэта БДУ (1956), загадчыкам кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права БДУ, намеснікам дэкана юрыдычнага факультэта БДУ. Намеснік старшыні юрыдычнай камісіі пры Савеце Міністраў БССР (1960—1964).

Удзельнічаў у падрыхтоўцы праекта Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года.

У навуцы Аўтар больш за 200 навуковых прац. Кандыдацкая дысертацыя на тэму «Устанаўленне Савецкай улады ў Заходняй Беларусі ў 1939 г.» (Інстытут дзяржавы і права АН СССР, 1954). Доктарская дысертацыя на тэму «Грамадска-палітычны лад і права Беларусі ў XVI ст.» (Кіеўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Т. Шаўчэнкі, 1980).

Адзін з ініцыятараў перавыдання Статута ВКЛ 1588 года, адзін з аўтараў перакладу, каментарыяў і даведніка.

Суаўтар першага «Юрыдычнага энцыклапедычнага даведніка» на беларускай мове. Аўтар дапаможнікаў «Гісторыя дзяржавы і права Беларусі» і «Кароткі нарыс па гісторыі дзяржавы і права Беларусі».

Узнагароды Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай зоркі, Айчыннай вайны I ступені, баявымі медалямі, медалём Францыска Скарыны (1996). Лаўрэат навуковай прэміі імя У. І. Пічэты.

Бібліяграфія

Гісторыя дзяржавы і права Беларусі: вучэбны дапаможнік: у 2 ч. Мінск, 2000; 2003. Дзяржаўнасць і права Беларусі са старажытных часоў да канца XVI ст. Ч. 1: Гістарыяграфія гісторыі дзяржавы і права феадальнай Беларусі. Мінск, 1999. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мінск, 1992. Крыніцы беларуска-літоўскага права. Мінск, 1991. За вольнасць нашу і вашу: Тадэвуш Касцюшка. Мінск, 1990. Правовое положение населения Белоруссии в XVI ст. Минск, 1978.

Удзел у калектыўных працах: Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы. Мінск, 2001;2005; 2007. Дзяржаўнасць і права Беларусі са старажытных часоў да канца XVI стагоддзя. Мінск, 1999. Статут Вялікага княства Літоўскага 1566 года. Мінск, 2003. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах са старажытных часоў да нашых дзён: вучэбны дапаможнік. Мінск, 2003. Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г. Тэксты. Даведнік. Каментарыі. Мінск, 1989. Мысліцелі і асветнікі Беларусі, X—XIX стагоддзі: энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1995. «Нарадзіўся я ліцьвінам…»: Тадэвуш Касцюшка. Мінск, 1994. Францыск Скарына і яго час: энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1988. Юрыдычны энцыклапедычны слоўнік: А-Я. Мінск, 1992.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі Юхо Іосіф (Язэп) Аляксандравіч // Гісторыя БДУ Вучоныя Беларусі. Юхо, Іосіф Аляксандравіч (доктар юрыдычных навук; 1921—2004) // Нацыянальная бібліятэка Беларусі

Катэгорыя:Гісторыкі Беларусі Катэгорыя:Юрысты Беларусі Катэгорыя:Дактары юрыдычных навук Катэгорыя:Лаўрэаты прэміі імя У. І. Пічэты БДУ Катэгорыя:Даследчыкі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага