Трапасфе́рная радыёсу́вязь — радыёсувязь на вялікія адлегласці (далёкая радыёсувязь), якая грунтуецца на адбіцці (перавыпраменьванні) радыёхваль на электрычных неаднароднасцях трапасферы (змяненні дыэлектрычнай пранікальнасці). Ажыццяўляецца ў дыяпазонах дэцыметровых і сантыметровых хваль.

Трапасферная радыёсувязь магчыма, калі перавыпраменьванне радыёхваль адбываецца ў перасячэнні дыяграм накіраванасці перадаючай і прыёмнай антэн. Якасць і ўстойлівасць сувязі залежыць ад выпадковых мясцовых змяненняў тэмпературы, вільготнасці паветра, атмасфернага ціску і змяншэннем гэтых велічынь з павелічэннем вышыні. Адлегласць паміж пунктамі перадачы і прыёму сігналаў можа дасягаць тысяч кіламетраў. На практыцы адлегласць паміж станцыямі трапасферных ліній сувязі абмяжоўваюць 500 км і выкарыстоўваюць радыёперадатчыкі з вялікай выхадной магутнасцю (да 10 кВт і больш), прыёмнікі з высокай адчувальнасцю, спецыяльныя антэны і метады змяншэння ўплыву замірання сігналаў.

У выніку развіцця спадарожнікавай радыёсувязі трапасферная радыёсувязь часткова страчвае сваё значэнне.

Радыёрэлейныя лініі трапасфернай сувязі На практыцы звычайна будуюць радыёрэлейныя лініі з выкарыстанне трапасфернай сувязі ва ўсіх звёнах, або толькі ў некаторых з іх. Працягласць такіх ліній можа дасягаць некалькіх тысяч кіламетраў (да 1500 км і болей ).

Гл. таксама Радыёрэлейная сувязь

Крыніцы

Літаратура

Тропосфе́рная радиосвя́зь // Военный энциклопедический словарь : [ВЭС] : в 2 т. Т. 2. / редкол.: А. П. Горкин [и др.] ; Ин-т воен. истории Минобороны России. — М. : БРЭ : РИПОЛ КЛАССИК, 2001. — С. 662. — 816 с. — 5000 экз. — (Энциклопедические словари). — ISBN 5-85270-219-6 («БРЭ»); ISBN 5-7905-0994-0 («РИПОЛ КЛАССИК»); ISBN 5-7905-0996-7 (т. 2).

Катэгорыя:Радыёсувязь