Кня́жыцы (, ) — аграгарадок у Магілёўскім раёне Магілёўскай вобласці, каля ракі Лахва. Адміністрацыйны цэнтр Княжыцкага сельсавета. Месцяцца за 10 км на захад ад Магілёва, каля шашы Магілёў — Мінск (колішні Віленскі тракт).

Гісторыя Упершыню Княжыцы згадваюцца ў 1501 годзе як уладанне жонкі вялікага князя Аляксандра Алены Іванаўны. У Старадубскую вайну ў 1535 годзе вёску спаліла войска маскоўскага ваяводы Івана Шуйскага. Па аднаўленні Княжыцы выраслі да мястэчка, у Аршанскім павеце Вялікага Княства Літоўскага. У 1645 г. ва ўласнасці ў Юрыя Галоўчынскага, пасля смерці якога перайшлі ягонай жонцы Барбары з Друцкіх-Сакалінскіх, якая пазней выйшла замуж за лідскага харунжага Яна Курча, у іх сумесным уладанні Княжыцы згадваюцца ў 1654 г.НГАБ, ф. 1817, воп. 1, спр. 81, с. 143 У 1748 годзе згадваецца сінагога.

У 1681 годзе харунжы вялікі Канстанцін Пац заснаваў у Княжыцах кляштар дамініканцаў. Першы касцёл быў драўляным. У XVIII стагоддзі кляштар атрымаў значныя ахвяраванні ад нашчадкаў першага фундатара і шляхцічаў Крукоўскіх. Пасля 1750 года пачалося будаўніцтва мураванага касцёла, асвечанага ў 1780 годзе архібіскупам магілёўскім Станіславам Богуш-СестранцэвічамНаталля Пятровіч, Аляксандр Ярашэвіч. Княжыцкі кляштар дамініканцаў // С. 216..

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Княжыцы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, у Магілёўскім павеце Магілёўскай губерні. Станам на 1785 год у мястэчку было 43 двары, на 1848 год — 147 двароў, на 1861 год — 72 двары, на 1880 год — 93 двары.

У 1801 годзе ў Княжыцах завяршылася будаўніцтва драўлянага кляштарнага корпуса з мураваным флігелем. Па здушэнні вызваленчага паўстання 1830—1831 гадоў расійскія ўлады ліквідавалі кляштар дамініканцаў, а па здушэнні нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863—1864 гадоў — гвалтоўна перарабілі касцёл у царкву Маскоўскага патрыярхату. Да 1872 года завяршылася мураўёўскай рэканструкцыя колішняга касцёла, калі над ім надбудавалі 4 купалы-цыбуліны.

У канцы XIX стагоддзя ў Княжыцах існавалі царкоўна-прыходская школа і народнае вучылішча, дзве царквы, сінагога, 8 млыноў, паўтара дзясятка лавак, а таксама два бровары.

1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі Княжыцы ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі перайшлі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Княжыцы вярнулі БССР, дзе яны сталі цэнтрам сельсавета.

Пастановай Магілёўскага раённага Савета дэпутатаў ад 29 ліпеня 2008 г. № 13-5 вёскі Княжыцы і Сумарокава пераўтвораны ў аграгарадок Княжыцы-СумарокаваРешение Могилёвского районного Совета депутатов от 29 июля 2008 г. № 13-5 «О преобразовании сельских населенных пунктов» .

Насельніцтва XVIII стагоддзе: 1785 — 452 чал. XIX стагоддзе: 1861 — 625 чал.; 1880 — 506 чал. XX стагоддзе: 1999 — 371 чал. XXI стагоддзе: 2004 — да 400 чал., з якіх 30 % людзі сталага веку; 2010 — 305 чал.

Інфраструктура У вёсцы размяшчаецца школа (245 вучняў у 2004 годзе), пры якой працуе музей мясцовага ўраджэнца — мастака і мастацтвазнаўцы Паўла Масленікава. Таксама працуюць крама, пошта і бальніца (з 1980 года) на амаль 100 месцаў. З 2001 года існуе дзіцячы прытулак на 15 месцаўСяргей Грыб. Надзея княжацкага месца // «Звязда». 5 лістапада 2004.

Пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 10 красавіка 2003 года №11 будынак мясцовага касцёла ўключылі ў спіс гістарычна-культурных каштоўнасцей краіны.

Турыстычная інфармацыя

Славутасці Касцёл Святога Мікалая (1750—1791) Могілкі яўрэйскія

Страчаная спадчына Касцёл Узвышэння Святога Крыжа (XVII ст.) Кляштар кармелітаў (XVIII—XIX стст.)

Славутыя выхадцы Уладзімір Сямёнавіч Камароў (1923—2018) — беларускі хімік, акадэмік АН Беларусі Павел Масленікаў (1914—1995) — беларускі мастак і мастацтвазнаўца (нарадзіўся ў вёсцы Нізкая Вуліца, недалёка ад Княжыцаў) Васіль Матэвушаў (1915—1974) — беларускі паэт

Літаратура

— С. 366. Пятровіч, Н. Княжыцкі храм // «Дыялог» № 5, 2001. С. 20—21. Kniażyce // S. 196.

Спасылкі

в. Княжыцы на Radzima.org

Катэгорыя:Населеныя пункты Магілёўскага раёна Катэгорыя:Княжыцкі сельсавет (Магілёўскі раён)