Латгалы (; ) — усходнебалцкае племя, якое па некаторых меркаваннях дало назву сучасным латышам. Этнонім захаваўся ў назвах асобных вёсак на Віцебшчыне.

Назва Назва латгальскага племя ад назвы краю Latgala (у пісаных крыніцах XI—XIII ст. летьгола, Lethigalli, Лотыгола). Другая аснова ад агульнабалцкага *galas «канец, край» (> мясціна, край, зямля).

Першая аснова гідранімічнага паходжання, ад напэўна не ідэнтыфікаванай ракі з назвай тыпу *Lata / *Leta, якую параўноўваюць з літоўскімі гідронімамі Latava, Latuva, Lat-upis (рэкі), Lat-ežeris (возера), латышскімі (у задзвінскім Відзэмэ) Late, Lat-upe. Далей да індаеўрапейскага *lat- «цячы»K. Karulis. Latviešu etimoloģijas vārdnīca. Rīga, 2001. C. 504—507..

Назвы многіх рэгіёнаў, утвораныя ад назваў балцкіх плямёнаў, звязаныя менавіта з гідронімамі, якія найчасцей таксама не захаваліся і не ідэнтыфікуюцца. Назвы Галіндыя, Натангія (прускія землі), Яцвязь, Судовія (зямля роднасных яцвягам судоваў)V. Mažiulis. Prūsų kalbos etimologijos žodynas. Vilnius, 2013. C. 207—208, 296—289, 649, 890., СеліяТопоров В. Н. Еще раз о неврах и селах в общебалтийском этноязыковом контексте (народ, земля, язык, имя). Из истории и.-евр. *neur-: *-nour- и *sel- (неумирающая память об одном балтийском племени) // Балто-славянские исследования. XVII. Москва, 2006. С. 479—482., Нальшаны, імаверна і Літва, а таксама назва дагістарычных неўраў, звязваюцца з гідронімамі з асновамі Gal-ind-, Nat-ang-, Jat-(а)v-, Sūd-(а)v-, Sel-, Nal-š-, Liet-(u)v-Vanagas A. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius: Mokslas, 1981. — С. 105, 137, 182, 185, 223, 231—232, 295, 319., Nau-r-Топоров В. Н. Еще раз о неврах и селах в общебалтийском этноязыковом контексте (народ, земля, язык, имя). Из истории и.-евр. *neur-: *-nour- и *sel- (неумирающая память об одном балтийском племени) // Балто-славянские исследования. XVII. Москва, 2006. С. 453—462.. Мяркуецца, што на адпаведных рэчках маглі знаходзіцца сакральна-рэлігійныя цэнтры пэўнага рэгіёна (племені).

Тэрыторыя рассялення Латгалы засялялі ўсходнюю частку сучаснай Латвіі і паўночную частку Беларусі па правым беразе Дзвіны, на захадзе межавалі з лівамі, на поўдні — з селамі і земгаламі, на ўсходзе — з крывічамі, на поўначы — з плямёнамі эстаў. У X—XII стст. у латгальскім грамадстве вылучылася раннефеадальная вярхушка. З раннефеадальнага перыяду латгалы рассяляліся на тэрыторыю ліваў. Палітычная структура латгалаў у XII — пачатку XIII стагоддзяў уключала некалькі тэрытарыяльных аб’яднанняў з уласным кіраваннем.

Гаспадарчая дзейнасць і матэрыяльная культура

Займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. Была развітая апрацоўка жалеза і каляровых металаў. Будавалі ўмацаваныя паселішчы: Мукукалнс, Асотэ, Олінькалнс, Пекаскалнс. Неўмацаваныя селішчы ў асноўным размяшчаліся пры гарадзішчах. Вылучаюцца паселішчы на насцілах сярод азёр (IX—X стст., вядома каля 10). Зрубныя абарончыя пабудовы ўзводзілі з 2 паралельных сцен. На некаторых паселішчах на тэрыторыі латгалаў, асабліва ў Кукейносе і Герцыке, знойдзена шмат рэчаў з Русі (шкляныя пацеркі, бранзалеты, пярсцёнкі, шыферныя прасліцы, абразкі). Пахаванні ў бескурганных могільніках па абраду трупапалажэння: мужчын хавалі галавой на ўсход, жанчын — на захад. Магільныя ямы ў плане авальныя або прамавугольныя, глыбінёй 0,5—0,9 м. Нябожчыкаў клалі на дошкі, якія высцілалі шарсцяной ці льняной тканінай, лубам ці бяростай. На тэрыторыі могільнікаў знойдзены рытуальныя вогнішчы, што тлумачыцца шлюбнымі сувязямі латгалаў з крывічамі або літоўцамі. У жаночых пахаваннях знойдзены жалезныя сярпы, прасліцы, шыйныя грыўні, вайнагі, дугападобныя ланцугатрымальнікі, пярсцёнкі, пацеркі з ракавін каўры (часта ў спалучэнні са шклянымі), у мужчынскіх — наканечнікі коп’яў, спражкі, манжэтападобныя бранзалеты, арбалетападобныя фібулы. У мужчынскіх і жаночых пахаваннях сустракаюцца сякеры, бранзалеты, шпількі і падковападобныя фібулы. У X—XIII стст. ва ўсходняй частцы Латгаліі быў вядомы курганны абрад пахавання. Знешне курганы не адрозніваюцца ад старажытнарускіх, але іх пахавальны інвентар ідэнтычны з рэчавым матэрыялам латгальскіх бескурганных могільнікаў.

У X—XI стст. у васальнай залежнасці ад Полацка і Пскова. Латвійскія даследчыкі лічаць, што Герцыкскае і Кукейнойскае княствы былі ўладаннямі не полацкай, а мясцовай балцкай знаці. У кожным разе ў змаганні супраць нямецкіх крыжакоў князям Вячку і Усеваладу і латгалам дапамагалі полацкі князь Уладзімір, літоўскія і пскоўскія дружыны. У пачатку XIII ст. падпарадкаваны нямецкімі крыжакамі. У «Хроніцы Лівоніі» Генрыха Латвійскага (1224—1227) латгалы названы таксама летамі. Пасля 1582 года латгалы ў складзе Інфлянтаў аказаліся пад уладай Рэчы Паспалітай і трапілі пад Контррэфармацыю, мелі асаблівасці ў сваім развіцці і сталі часткай латышскай нацыі ў 19-20 ст.

Гл. таксама Латгальская мова Латгальцы Латыгольская зямля

Крыніцы

Літаратура Дучыц, Л. У. Латгалы / Л. У. Дучыц // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 2: Л — Я. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2009. — 492, c. — С. 8. — ISBN 978-985-11-0354-2. Латгалы // БЭ ў 18 тамах, Т. 9. Мн., 1999. Мугуревич Э. С. Восточная Латвия и соседние земли в X—XIII вв.: Экономические связи с Русью и другими территориями. Пути сообщения / Академия наук Латвийской ССР, Институт истории. — Рига: Зинатне, 1965. — 145 с., 32 л. ил. История Латвийской ССР: сокр. курс / АН Латвийской ССР, Ин-т истории. 2-е перераб. и доп. изд. — Рига: Зинатне, 1971. — 923 с.

Спасылкі

Латгалы (інфлянты) Фестываль балтыйскіх культур, ліпень 2006 Латгалы — этнаграфічная група, карэнны народ ці нацыянальная меншасць?

Катэгорыя:Усходнія балты Катэгорыя:Латгалія Катэгорыя:Гісторыя латышскай мовы Катэгорыя:Гісторыя латгальскай мовы