Спаса-Праабражэнская царква — праваслаўная царква, помнік народнага дойлідства. Знаходзіцца на паўднёвай ускраіне вёскі Медна Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці. Пабудавана ў 1848 годзе з дрэва на месцы драўлянай капліцы.

Архітэктура Архітэктурная выразнасць храма дасягаецца сродкамі прасторава развітай аб'ёмнай кампазіцыі. Да прамавугольнага ў плане зруба праз невялікі бабінец далучаецца зграбная 1-ярусная званіца аднолькавай вышыні з асноўным аб'ёмам і накрытая 2-схільным гонтавым дашкам з макаўкай па цэнтры. Эфектна выглядае рытмічнае спалучэнне 3-вугольных абшытых «у елку» франтонаў гонтавых дахаў. Вальмавы схіл над алтарнай сцяной завершаны цыбулепадобнай галоўкай. Элемент асіметрыі ў кампазіцыю храма ўносіць левая прыбудова нізкай рызніцы пад 1-схільным дахам. Вертыкальна ашаляваныя сцены прарэзаны невялікімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі, па вуглах абшыты дошкамі. Інтэр'ер Унутры брусчатыя неашаляваныя сцены малітоўнай залы афарбаваны алеем. Апсіда ўнутры храма вылучана простым дашчатым іканастасам. Абраз 17—18 ст. «Іаан Багаслоў» і 3 святочныя абразы ў сярэбраных рызах на паўднёвай сцяне малітоўнай залы.

Літаратура

Кулагін А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. — Мн.: БелЭн, 2001. — 328 с.: іл.

Спасылкі Спаса-Праабражэнская царква ў аг. Медна

Катэгорыя:Медна Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Брэсцкага раёна Катэгорыя:Драўляныя цэрквы Беларусі Катэгорыя:Храмы Брэсцкай і Кобрынскай епархіі