Арысты́д (; каля 530 — ) — афінскі дзяржаўны дзеяч, вайскавод перыяду грэка-персідскіх войн (500—449 гадоў да н.э.).
Біяграфія Сваю палітычную дзейнасць Арыстыд пачаў як прыхільнік рэфарматара Клісфена з роду АлкмеанідаўПлутарх. Арыстыд. 2. Пазней ён адышоў ад групоўкі Алкмеанідаў і заняў пазіцыю палітыка па-за групоўкамі, што было ўнікальным выпадкам для дзяржаўных дзеячаў яго часу. Прычынай захопленага здзіўлення сучаснікаў была «справядлівасць» Арыстыда — ён заўсёды ставіў агульнадзяржаўныя інтарэсы вышэй за асабістыя і групавыя.
Прызначаны адным з дзесяці афінскіх стратэгаў, ён вылучыўся ў бітве пры Марафоне. Праз год Арыстыда абралі архонтам-эпанімам. Прыхільнік умацавання сухапутных ваенных сіл, з-за інтрыг Фемістокла, які імкнуўся пераўтварыць Афіны ў марскую дзяржаву і асцерагаўся яго суперніцтва, Арыстыд выгнаны з Афін у 482 годзе да н.э. і з’ехаў на Эгіну. Праз два гады, у сувязі з нашэсцем Ксеркса на Грэцыю, Арыстыд у шэрагу іншых выгнаннікаў быў датэрмінова вернуты. Адклаўшы ўсе свае канфлікты з Фемістоклам, ён выказаў гатовасць служыць пад яго кіраўніцтвам і дзейна ўключыўся ў барацьбу з персамі. Ён удзельнічаў у бітве пры Саламіне: заняў востраў Псіталею, ачысціўшы яго ад персідскага гарнізона, а падчас бітвы знішчаў ці браў у палон персаў, якія спрабавалі бегчы.
Бліжэйшыя гады пасля Саламіна сталі пікам усёй кар’еры Арыстыда. Праз год ён быў абраны стратэгам, прычым яго разглядалі не як радавога члена гэтай калегіі, а як самага аўтарытэтнага вайскавода і палітыка. Ён на некаторы час стаў першай асобай у Афінах. У бітве пры Платэях, якая паклала канец персідскім уварваннем у Грэцыю, ён камандаваў афінскім атрадам. У 478 годзе да н.э. Арыстыд камандаваў афінскім флотам у Эгейскім моры. Па ініцыятыве Арыстыда і пад яго кіраўніцтвам Афіны стварылі магутнае ваенна-палітычнае аб’яднанне — Дэласкі саюз, пазней ператвораны ў Афінскую марскую дзяржаву. На доўгі час Афінская дзяржава стала адным з вядучых цэнтраў сілы ў Грэцыі.
Пасля 478 года да н.э. Арыстыд адышоў ад актыўнай палітычнай дзейнасці. Ён быў адным з нешматлікіх афінскіх палітыкаў, якія ў апошнія гады жыцця не трапілі ў няласку дэмасу. Памёр у 467 годзе да н.э., быў пахаваны за дзяржаўныя сродкі.
Крыніцы
Літаратура
Крыніцы Плутарх. Параўнальныя жыццяпісы. Арыстыд Герадот. Гісторыя Фукідыд. Гісторыя Арыстоцель. Афінская палітыя
Даследаванні на англійскай мове
на нямецкай мове
на італьянскай мове
на рускай мове
Катэгорыя:Архонты Афін Катэгорыя:Падвергнутыя астракізму Катэгорыя:Удзельнікі грэка-персідскіх войнаў Катэгорыя:Нарадзіліся ў 520-я гады да н.э.