Пантана́л () — забалочаная нізіна ў вярхоўях ракі Парагвай каля заходняга падножжа Бразільскага нагор’я (пераважна ў Бразіліі), аб’ект са спіса Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Займае тэктанічную ўпадзіну, запоўненую азёрна-рачнымі адкладамі. Вышыня — 50-70 м. У перыяд дажджоў запаўняецца. У засуху ўяўляе сабой спалучэнне балот, азёр, саланчакоў, лясных і травяністых участкаў.

Гэты шырокі рэгіён на захадзе Бразіліі займае большую частку штата Мату-Гросу. Аднайменны прыродаахоўны комплекс з’яўляецца адным з буйнейшых ва ўсім свеце. Ён складаецца з чатырох рэзерватаў агульнай плошчай каля 187 тыс. га.

Пантанал — багацейшая прэснаводная экасістэма Зямлі. Краявіды гэтага рэгіёна разнастайныя і маляўнічыя. Яны ўключаюць трапічныя берагавыя лясы, сухія лістападныя трапічныя лясы, атлантычныя дажджавыя лясы, водна-балотныя ўгоддзі і саванну. Такі неаднародны ландшафт абумовіў шырокую відавую разнастайнасць. У межах гэтай унікальнай ахоўнай вобласці растуць прыблізна 3500 відаў раслін, яе насяляюць каля 50 відаў рэптылій, болей за 400 відаў рыб, 650 відаў птушак і 80 відаў сысуноў.

Літаратура

Тысяча чудес света. — СПб: ООО «СЗКЭО», 2007. — 336 с.

Катэгорыя:Сусветная спадчына ў Бразіліі Катэгорыя:Балоты Бразіліі Катэгорыя:Геаграфія Балівіі Катэгорыя:Геаграфія Парагвая Катэгорыя:Геаграфія Мату-Гросу-ду-Сул Катэгорыя:Геаграфія Мату-Гросу