Рокаш Зебжыдоўскага (), або рокаш 1606—1609, таксама вядомы як Сандамірскі рокаш — рокаш (легальнае паўстанне шляхты, канфедэрацыя супраць караля), які адбыўся ў 1606—1609 гадах у выніку канфлікту паміж каралём Жыгімонтам III Вазам і шляхтай у сувязі са знешняй палітыкай Рэчы Паспалітай (войны са Швецыяй) і пытаннямі ўнутранай палітыкі. Палітыка Жыгімонта III была накіравана на ўмацаванне каралеўскай улады, якая абапіралася на вузкае кола магнатаў і біскупаў. Нагодай да мяцяжу паслужыла прыватная спрэчка паміж каралём і Мікалаем Зебжыдоўскім, у выніку якой Зебжыдоўскі быў прысуджаны да смяротнага пакарання, якое было заменена выгнаннем.
Кароль быў абвінавачаны ў самаізаляцыі ў коле замежнікаў і езуітаў і ў імкненні да абсалютнай улады. Вядома, што ён спрабаваў усталяваць перадачу трона па спадчыне, пазбавіць шляхту большай часткі прывілеяў і пакінуць за Сеймам права толькі дарадчага голасу, але не вырашальнага.
Рокаш Зебжыдоўскага доўжыўся з 1606 па 1609 год. Каталікі і пратэстанты, магнаты, сярэдняя і дробная шляхта падзяліліся на дзве групоўкі ў адносінах да закона, які забараняе манарху ў далейшым драбніць і дарыць зямельныя ўдзелы і аб прымушэнні яго да выдалення з каралеўскага двара езуітаў і замежнікаў.
Кіраўніком рокашавай канфедэрацыі — маршалкам быў падчашы вялікі літоўскі Януш Радзівіл, яго сукіраўніком — дыктатарам быў фармальна больш высокі ўраднік — ваявода кракаўскі Мікалай Зебжыдоўскі, таксама ў кіраўніцтве рокаша былі староста дабромільскі Ян Шчасны Гербурт, староста сігулдскі Станіслаў Стадніцкі. Акрамя таго, удзельнікі рокаша хацелі прымусіць дэпутатаў Сойма строга выконваць інструкцыі, атрыманыя імі на сойміках, ад якіх дэпутаты абіраліся.
Працяглы час супрацьстаянне выглядала як прапагандысцкая вайна, у рамках якой пры дапамозе друкаваных і рукапісных матэрыялаў абодва бакі збіралі прыхільнікаў. «Вайна чарніліц» завяршылася ўзброеным сутыкненнем ракашан з прыхільнікамі караля пад Гузавым у 1607 годзе. Я. К. Хадкевіч кіраўнік сіл рэгалістаў адмовіўся дабваць аадступаючых ракашан. Перамогу атрымалі ўзброеныя сілы манарха. Пасля паразы у Кароне і прабачэння Я. Зэбжыдоўскага перад каралём, Я. Радзівіл адступіў на зіму у Слуцк, заяўляючы аб захаванні маршалкоўства рокаша і апелюючы да шляхецкага грамадства і Жыгімонта Вазы, што не мае нічога супраць караля асабіста, а толькі спрабуе рэфармаваць Рэч Паспалітую і недапусціўшы тыраніі, захаваць Рэспубліканскі лад. Вясной 1608 г. Я. К. Хадкевіч быў накіраваны дваром на ліквідацыю рокаша ў ВКЛ і прывядзення канфедэратаў пад кантроль адміністрацыі. У выніку блакад і манеўраў узброенных атрадаў, у чэрвені паміж вялікім гетманам ВКЛ і маршалкам ракашовай канфедэрацыі было заключана «рыцарскае» пагадненне. Я. Радзівіл распусціў войска і эміграваў, але праз некаторы час вярнуўся і атрымаў сенатарскую пасаду, большасць жа удзельнікаў рокашу, апроч Пятра Стаброўскага, атрымалі амністыю на сойме 1609 г., а тыя з канфедэратаў і ракашан хто пажадалі, пайшлі наймацца ў войска Ілжэдмітрыя ІІ.
Аднак асэнсаванне абодвума бакамі кошту пралітай крыві ў братазабойчым канфлікце прывяло да таго, што спробы абсалютызацыі і цэнтралізацыі ўлады Жыгімонтам III усё ж былі спыненыя, адбылося паступовае прымірэнне і прабачэнне ўсіх удзельнікаў, а таксама ўмацаванне прывілеяванага становішча шляхты.
Крыніцы
Літаратура
Rokosz Zebrzydowskiego: materyały historyczne poprzedzone przedmową i rozprawą pod tytułem Konfederacya i rokosz w dawnem prawie państwowem polskiem / wydal A. Rembowski. — Warszawa: 1893. — T. 2. Żojdź K., Wszyscy ludzie króla: Zygmunt III Waza i jego stronnicy w Wielkim Księstwie Litewskim w pierwszych dekadach XVII wieku, Toruń 2019 Wisner, H. Rokosz Zebrzydowskiego / H. Wisner. — Kraków : Krajowa agencja wydawnicza RSW Prasa-Ksążka-Ruch, 1989. — 80 s.
Спасылкі
Катэгорыя:Канфедэрацыі Рэчы Паспалітай Катэгорыя:Канфлікты 1606 года Катэгорыя:Канфлікты 1607 года Катэгорыя:Канфлікты 1608 года Катэгорыя:Канфлікты 1609 года Катэгорыя:1606 год у Еўропе Катэгорыя:1607 год у Еўропе Катэгорыя:1608 год у Еўропе Катэгорыя:1609 год у Еўропе Катэгорыя:XVII стагоддзе ў Рэчы Паспалітай