Ме́трыка () — раздзел вершазнаўства, які вывучае характар вершавання ў якой-небудзь літаратуры ці ў творчасці нейкага паэта. Так, метрыка беларускага верша ўключае ў сябе ўсе віды і формы танічнага, сілабічнага, сілаба-танічнага і свабоднага вершаў, якія існавалі ці існуюць у паэзіі на беларускай мове, і ў першую чаргу — разнастайныя метры, якія ў сучасным вершазнаўстве часам падзяляюць на класічныя (ямб, харэй, дактыль, анапест, амфібрахій) і некласічныя (лагаэд, двух- і трохскладовікі з пераменнай анакрузай, акцэнтна-складовы і акцэнтны верш, дольнік, тактавік). Сукупнасць метраў і вершаваных памераў, якімі карыстаецца паэт, утварае яго метрычны рэпертуар.

У XIX ст. узнікла параўнальная метрыка, прадметам якой стала супастаўленне сістэм вершавання і асобных метраў у розных нацыянальных паэзіях. Навуковае вывучэнне метрыкі беларускага верша пачалося толькі ў другой палове ХХ ст. Статыстычныя табліцы наяўнасці вершаваных памераў у творах некаторых беларускіх паэтаў прывёў М. Грынчык у сваім даследаванні «Шляхі беларускага вершаскладання» (Мн., 1973). І. Ралько ўдакладніў некаторыя лічбы М. Грынчыка, а таксама склаў поўны «Метрычны даведнік да вершаў М. Багдановіча». Метрыка беларускага верша, асабліва сучаснага, яшчэ чакае сваіх зацікаўленых даследчыкаў.

Літаратура

Рагойша, В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік : тэрміны і паняцці: для школьнікаў і абітурыентаў/ В. П. Рагойша. — Мн.: Народная асвета, 2009. — 303 с. — ISBN 978-985-03-1233-4.

Катэгорыя:Вершаскладанне Катэгорыя:Вершазнаўства