«Народнае вызваленне» — газета прагрэсіўнага кірунку, орган партыі «Вызволене». Выдавалася з 29 студзеня да 24 чэрвеня 1923 у Вільні на беларускай мове групай радыкальна настроеных дэпутатаў польскага сейма, якія ў 1924 выйшлі з Польскай сялянскай партыі «Вызволеня» і заснавалі Незалежную сялянскую партыю. Выходзіла раз у тыдзень замест закрытай польскімі ўладамі газеты «Wyzwolenie Ludu». Рэдактар Ф. Жарноўскі.

З пазіцый сялянскай дэмакратыі крытыкавала ўрад, мясцовую адміністрацыю (арт. «Чаго варты ўрад Сікорскага», «Вынікі працы новага ўрада», «Законы, канстытуцыя і некаторыя чыноўнікі»), выкрывала прадстаўнікоў заможнага сялянства ў сейме за ўзгодніцтва перад пануючымі класамі (арт. «Вітас прадаўч Хісна-Пясту»), прапагандавала ідэю палітычнага аб'яднання працоўнага сялянства на ўзор рабочых. У рубрыцы «Нашы песняры» змяшчала нататкі пра Ф. Багушэвіча і Я. Купалу, іх партрэты і вершы, якія мелі актуальнае значэнне ва ўмовах Заходняй Беларусі. Асноўны аўтарскі калектыў складалі дэпутаты сейма С. Ваявудскі, Ф. Галавач, У. Шакун, У. Шапель.

Выйшла 5 нумароў. Забаронена польскімі ўладамі.

Літаратура Ліс, А. «Народнае вызваленне» / Арсень Ліс // — С. 283.

Катэгорыя:Газеты Вільні на беларускай мове Катэгорыя:Газеты Заходняй Беларусі Катэгорыя:1923 год у Вільні