Уладзімір Андрэевіч Калеснік (, в. Сіняўская Слабада, Навагрудскі павет, Навагрудскае ваяводства, Польская Рэспубліка — , Брэст) — беларускі літаратуразнавец і крытык. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Заслужаны работнік вышэйшай школы БССР (1979). Кандыдат філалагічных навук, прафесар (1983).

Біяграфія Нарадзіўся 17 верасня 1922 года ў в. Сіняўская Слабада Навагрудскага павета Навагрудскага ваяводства (цяпер — Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць).

Скончыў філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута (1949), аспірантуру пры гэтым інстытуце. З 1952 года — загадчык кафедры літаратуры Бабруйскага настаўніцкага інстытута (1952—1954), затым у Брэсцкім педагагічным інстытуце з 1956 года — загадчык кафедры беларускай мовы і літаратуры. Узначальваў Брэсцкае літаратурнае аб’яднанне. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў (з 1960), быў сакратаром яго аддзялення ў Брэсце.

Памёр 15 снежня 1994 года ў Брэсце. Пахаваны на мясцовых могілках Плоска.

Творчасць, даследчыцкая дзейнасць Літаратурную дзейнасць пачаў з 1952 як крытык. Выдаў кнігі «Паэзія змагання: Максім Танк і заходнебеларуская літаратура» (1959), «Час і песні» (1962), «Зорны спеў» (1975), «Ветразі Адысея: Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі» (1977), «Максім Танк» (1981), «Лёсам пазнанае» (1982), «Тварэнне легенды» (1987), «Янка Брыль» (1990), «Усё чалавечае» (1993). Складальнік зборнікаў паэзіі Заходняй Беларусі «Сцяг і паходні», «Ростані волі». Даследаваў заходнебеларукую літаратуру, адкрываючы яе як грамадскі і эстэтычны феномен у беларускай літаратуры 1920-х гадоў. Аўтар дакументальна-мастацкіх твораў пра В. Таўлая («Аловесць пра Таўлая», 1964—65), заходнебеларускага рэвалюцыянера і публіцыста А. Альшэўскага («Пасланец Праметэя», 1979). Адзін з аўтараў дакументальнай кнігі «Я з вогненнай вёскі…» (1975, з А. Адамовічам і Я. Брылём). Працы Уладзіміра Калесніка вылучаюцца высокай творчай культурай, глыбінёй даследчыцкай думкі, імкненнем да аб’ектыўнасці і шматбаковасці даследавання, уменнем стварыць жывыя творчыя партрэты грамадскіх і літаратурных дзеячаў. Аўтар шматлікіх вучэбных дапаможнікаў і падручнікаў для студэнтаў педінстытутаў і ўніверсітэтаў.

Узнагароды і прэміі Ордэн Айчыннай вайны I ступені Ордэн «Знак Пашаны» Ордэн Дружбы народаў медалі Дзяржаўная прэмія БССР імя Якуба Коласа за ўдзел у напісанні двухтомнай «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» Літаратурная прэмія імя І. Мележа (1994).

Літаратура Беларускія пісьменнікі (1917—1990) : Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. — С. 248—249.

Литературный энциклопедический словарь. / Под редакцией В. М. Кожевникова, П. А. Николаева. — М.: Советская энциклопедия, 1987.

Спасылкі Уладзімір Калеснік — чалавек Адраджэння // Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага

Катэгорыя:Нарадзіліся ў Карэліцкім раёне Катэгорыя:Партызаны Вялікай Айчыннай вайны Катэгорыя:Крытыкі СССР Катэгорыя:Крытыкі Беларусі Катэгорыя:Пісьменнікі СССР Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Літаратуразнаўцы СССР Катэгорыя:Літаратуразнаўцы Беларусі Катэгорыя:Кандыдаты філалагічных навук