Людвіка Марыя Ганзага Неверская (, ; ) — каралева польская і вялікая княгіня літоўская, жонка апошніх каралёў дынастыі Вазаў — Уладзіслава і Яна Казіміра.
Ранняе жыццё Дачка французскага князя Шарля дэ Невера з дому Ганзага (з 1627 — князя Мантуі) і Катарыны дэ Маен (пляменніцы знакамітага князя Гіза). Выхаваннем Марыі займалася сястра яе бацькі, аўдавелая княгіня Лангвіль. Дзякуючы ёй дзяўчына мусіла ў 1627 выйсці замуж за Гастона Арлеанскага, брата караля Людовіка XIII. Гэты шлюб не ўваходзіў у планы кардынала Рышэльё, які, асцерагаючыся ўцёкаў жаніха і нявесты з Парыжу, зняволіў яе ў Венсенскім замку, а потым перавёў у кляштар. Пасля ўвесь каралеўскі двор прапаноўваў яе ў жонкі фаварыту караля, шэвалье Анры Сен-Мару, але кардынал палічыў такі саюз нявартым яе высакароддзя.
Першая прапанова шлюбу Марыі Ганзагі і Уладзіслава Вазы была зробленая ў 1634, але ў 1637 той ажаніўся з Цэцыліяй Рэнатай Габсбург. У 1640 пазнаёмілася з братам Уладзіслава і таксама вязнем Рышэльё Янам Казімірам, тады ж адчыніла ў Парыжы літаратурны салон.
Каралева польская і вялікая княгіня літоўская
У 1644 годзе па смерці Цэцыліі Рэнаты Ян Казімір Ваза аднавіў сватаўство да яе ад імя свайго брата Уладзіслава, які пасварыўся з Габсбургамі і марыў пра саюз з французскім урадам Мазарыні. Толькі 5 лістапада 1645, калі Марыі было далёка за 30 і яна выйшла з дзіцянараджальнага веку, яна здолела ўступіць у шлюб, заручыўшыся з Янам Казімірам, які на цырымоніі прадстаўляў свайго брата. Тады ж яна прыняла новае імя Людвіка, бо ў Рэчы Паспалітай імя Марыя было зарэзервавана за Маці Божай. Уласна шлюб адбыўся 10 сакавіка 1646. Вынікаючы запаветам бацькі, Людвіка Марыя падбівала мужа на вайну з туркамі і і ўвогуле часта ўмешвалася ў палітыку, за што яе і не любіла шляхта. Але ў цэлым уплыў яе быў абмежаваны пытаннямі культуры і адукацыі. 20 мая 1648 Людвіка Марыя стала ўдавой.
Праз паўгады новым гаспадаром стаў Ян Казімір, а 30 мая 1649 Людвіка Марыя выйшла за яго замуж. На другога мужа, меней спрактыкаванага ў дзяржаўных пытаннях, яна мела вялікі ўплыў. Падчас шведскага патопу сама ўзначаліла войска, дапамагала каралю ў змаганні з магнацкай партыяй князя Любамірскага, настойвала на ўзмацненні ўлады караля і сената, спрабавала змяніць сістэму галасавання ў сойме і настойвала на абранні новага караля пры жыцці старога (прынцып vivente rege). Шляхта негатыўна адклікалася аб яе кіраванні дзяржавай; Рудаўскі параўнаў яе з «малюсенькім эфіопам, які асядлаў слана».
Запрасіла ў Рэч Паспалітую тры Ордэны: ксяндзоў місіянераў у 1651, сёстраў міласэрнасці ў 1652 і візітак у 1654. Заснавала першы ў Рэчы Паспалітай літаратурны салён, сярод гасцёй якога быў у тым ліку Ян Анджэй Морштын. Не без яе ўдзелу ў Рэчы Паспалітай стала выходзіць першая газета — Merkuriusz Polski Ordynaryjny. Спансавала італьянскага эрудыта, аднаго з першых егіптолагаў і вынаходніка «лятаючых машын» Ціта Лівіа Бураціні, які ад 1641 жыў у Рэчы Паспалітай.
У шлюбе з Янам Казімірам людвіка Марыя нарадзіла двух дзяцей, але яны памерлі ў дзяцінстве. Не маючы ўласных дзяцей, яна марыла бачыць наступным каралём мужа сваёй пляменніцы, князя Энгіенскага, альбо ўнука сваёй выхавальніцы, юнага князя Лангвіля.
Людвіка Марыя памерла 10 мая 1667 і была пахавана ў Вавельскім саборы. Сэрца ж яе і пахавальная маска з воску захоўваюцца ў Касцёле візітак у Варшаве. Страціўшы з яе смерцю апошнюю апору, кароль адрокся ад пасады і з’ехаў дажываць сваё жыццё плябанам у тым горадзе, дзе яны сустрэліся, — Неверы. Па іроніі лёсу ўсяго праз некалькі гадоў, пасля абрання на прастол Яна Сабескага, каралевай Польшчы стане іншая францужанка — Марыя Казіміра д'Арк'ен, якая прыбыла ў Польшчу ў свіце Марыі Неверскай, і праціўнікамі каралевы нават называлася яе пазашлюбнай дачкой ці то ад князя Луі II дэ Бурбон-Кандэ, ці то ад маркіза Анры Куаф'е дэ Рузэ.
Літаратура Zofia Libiszowska. Źona dwóch Wazów. Warszawa, 1963 Karolina Targosz. Uczony dwór Ludwiki Marii Gonzagi, Wrocław, 1975 Bozena Fabiani. Warszawski dwor Ludwiki Marii. Warszawa, 1976. Zofia Libiszowska. Krolowa Ludwika Maria. Warszawa, 1985. Karolina Targosz. Sawantki polskie XVII wieku, Kraków, 1997
Спасылкі
Людвіка Марыя Людвіка Марыя Катэгорыя:Княгіні і каралевы польскія Катэгорыя:Вялікія княгіні літоўскія