Уладзімір Іванавіч Пічэ́та (, Палтава, Украіна — , ) — беларускі савецкі гісторык, археолаг, педагог. Заслужаны прафесар БССР (1926), акадэмік Акадэміі навук БССР (1929). Заслужаны дзеяч навукі Узбекскай ССР (1949).

Біяграфія Уладзімір Іванавіч Пічэта нарадзіўся года ў Палтаве. Яго бацька, Іван (Ёван) Хрыстафоравіч (1844—1920), серб па нацыянальнасці, ураджэнец горада Мостар, быў рэктарам Віцебскай, а затым Палтаўскай духоўнай семінарыі. Маці навукоўца, Марыя Рыгораўна Грыгарэнка (1846—1911), украінка паводле паходжання, была дачкой кіеўскага чыноўніка Казённай палаты.

Уладзімір Іванавіч Пічэта скончыў у 1897 годзе Палтаўскую гімназію, а ў 1901 годзе — гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта (вучань М. К. Любаўскага). Навуковым кіраўніком яго дыпломнай (тады якая звалася кандыдацкай) працы «Юрый Крыжаніч пра Маскоўскую дзяржаву» быў В. В. Ключэўскі.

У 1910—1911 гадах прыват-дацэнт. Абараніў доктарскую дысертацыю «Аграрная рэформа Сігізмунда-Аўгуста ў Літоўска-Рускай дзяржаве» (1918). У 1918—1922 гадах прафесар Маскоўскага ўніверсітэта. Узначальваў Беларускае навукова-культурнае таварыства ў Маскве, чытаў курс лекцыяў «Гісторыя беларускага народа» у Беларускім народным універсітэце (Масква). Па прапанове ўрада БССР узначаліў маскоўскую камісію па арганізацыі БДУ, з ліпеня 1921 года і да 1930 г. рэктар БДУ. Адзін з арганізатараў Інбелкульта (аўтар яго статута) і БелАН. Акадэмік БелАН (1928).

Вывучаў гісторыю ВКЛ, Польшчы, Чэхіі, Сербіі, Балгарыі, Расіі 16—20 ст. Апублікаваў каля 150 прац па гісторыі, гістарыяграфіі, археалогіі, архівазнаўстве, краязнаўстве, гісторыі права Беларусі.

У 1929 годзе ў СССР была сфабрыкавана т. зв. «акадэмічная справа» супраць акадэміка С. Ф. Платонава і іншых гісторыкаў (: рэпрэсіі ў БССР), 13.9.1930 г. У. Пічэта арыштаваны АДПУ СССР у Ленінградзе. Пастановай СНК БССР ад 6 снежня 1930 года пазбаўлены звання акадэміка. Пастановай Калегіі АДПУ ад 8 жніўня 1931 года сасланы на 5 гадоў у Вятку. У чэрвені 1934 года месца ссылкі заменена на Варонеж, дзе У. Пічэта працаваў прафесарам у педагагічным інстытуце. У 1935 годзе справа У. Пічэты перагледжана, яму дазволілі жыць у Маскве. Паводле адной з версій вызваленне было звязана з прыездам у Маскву былога аднакурсніка У. Пічэты прэм’ер-міністра Чэхаславакіі Э. Бенеша.

З 1937 года працаваў у Інстытуце гісторыі АН СССР, дзе з 1939 года ўзначаліў сектар славяназнаўства; адначасова быў загадчыкам кафедры заходніх і паўднёвых славян Маскоўскага ўніверсітэта. З 1941 года разам з інстытутам у эвакуацыі ў Ташкенце. У 1946 годзе з акадэмікам Б. Дз. Грэкавым заснаваў і стаў дырэктарам Інстытута славяназнаўства АН СССР. Акадэмік АН СССР.

Памяць У 1990-х гадах вялася размова аб тым, каб назваць у Мінску яго імем вуліцу Ленінградскую, на якой стаяць некалькі карпусоў БДУ. 26 кастрычніка 2011 года на доме № 1 БДУ (цяпер будынак гістарычнага факультэта БДУ), дзе 1924—1929 гадах працаваў Уладзімір Пічэта, была ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў яго гонар. Адна з аўдыторый гістарычнага факультэта таксама носіць імя ПічэтыНа гістарычным факультэце БДУ адкрылі мемарыяльную дошку першаму рэктару ўніверсітэта Уладзіміру Пічэту .

Бібліяграфія Гісторыя Беларусі. Ч. 1. — М.; Л., 1924; Аграрная реформа Сигизмунда-Августа в Литовско-Русском государстве. 2 изд. — М., 1958; Белоруссия и Литва, XV—XVI вв. — М., 1961; Пытанне аб вышэйшай школе на Беларусі ў мінулым. -Мн., 1991.

Літаратура

Академик В. И. Пичета: Страницы жизни. — Мн., 1981; В. И. Пичета: Библиографический указатель. — Мн., 1978; Брачев В. С. «Дело историков» 1929—1931. — СПб., 1997; Іофе Э. Партрэт вучонага // Полымя. 1970, № 12. — С. 215—221; Иоффе Э. Г. Академик В. И. Пичета (1878—1947) // Новая и новейшая история. 1996, № 5; Возвращенные имена;

Спасылкі

Уладзімір Іванавіч Пічэта ў базе даных «История белорусской науки в лицах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі

Катэгорыя:Гісторыкі СССР Катэгорыя:Гісторыкі Беларусі Катэгорыя:Педагогі Беларусі Катэгорыя:Археолагі СССР Катэгорыя:Археолагі Беларусі Катэгорыя:Рэктары БДУ Катэгорыя:Аўтары падручнікаў Катэгорыя:Заслужаныя дзеячы навукі Узбекскай ССР