Віленскі Дольны, або Ніжні замак () — рэзідэнцыя вялікіх князёў літоўскіх і каралёў польскіх у складзе комплексу віленскіх замкаў. Размешчаны на Кафедральнай плошчы, на ўсход ад сабора.

Гісторыя

Паўстаў у часы валадарання Аляксандра Ягелончыка ў познегатычным стылі паміж кафедральным саборам і Горнім замкам. Кароль Жыгімонт I Стары загадаў перабудаваць яго ў рэнесансным стылі, будаўнічыя працы былі даручаны архітэктарам Барталамеа Берэці, Бернарзіна Дзанобі дэ Дж'яноцісу і Бенедыкту з Сандаміра.

У часы валадарання Жыгімонта II Аўгуста ў 1544 годзе было дабудавана рэнесанснае крыло, якое стала звацца Новым палацам. Працамі кіраваў Джавані Чыні пры ўдзеле Джамарыі Москі і Філіпа Барталамеа да Ф'есоле. Выконваў ролю вялікакняжацкага палаца і рэзідэнцыі каралёў Рэчы Паспалітай, федэратыўнай дзяржавы, якая складалася з Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага.

У 1610 годзе палац згарэўWilno. Przewodnik krajoznawczy Juljusza Kłosa Prof. Uniwersytetu St. Batorego. Wydanie trzecie poprawione, Wydawnictwo Wileńskiego Oddziału Polskiego Towarzystwa Turystyczno-Krajoznawczego, Wilno 1937. — С. 21. і быў адноўлены пры Жыгімонце III Вазе ў стылі маньерызму. У 1624 годзе перабудаваны пад кіраўніцтвам Кастантэ Тэнкалы ў стылі ранняга барока.

Знішчаны падчас вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавы 1655—1661 гадоў і больш не аднаўляўся. Пасля ўваходжання Вільні ў склад Расійскай імперыі ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) рэшткі палаца былі знесены ў 1799—1803 гадах па загадзе губернатара Івана Рыгоравіча Фрызеля. Цэгла з разабранага палаца была выкарыстана пры будаўніцтве дамоў. Захавалася толькі частка ўсходняга крыла, якая была набыта і перабудавана ў жылы дом яўрэйскім купцом Абрамам Шлосбергам. Пасля здушэння Лістападаўскага паўстання на месцы палаца была ўзведзена крэпасць.

Аднаўленне

У 1987 годзе на тэрыторыі замка былі праведзены археалагічныя раскопкі. У 2001 годзе Сейм Літоўскай Рэспублікі вырашыў аднавіць замак у якасці рэзідэнцыі Прэзідэнта. Будаўнічыя працы пачаліся ў 2002 годзе, а 17 сакавіка 2004 года Прэм'ер-міністр Літвы Альгірдас Бразаўскас і мэр Вільні Артурас Зуокас урачыста заклалі першы камень у яго фундамент. 6 ліпеня 2009 года адбылося сімвалічнае адкрыццё замка ў рамках святкавання тысячагоддзя першага гістарычнага ўпамінання пра Літву. Кошт рэканструкцыі, які першапачаткова ацэньваўся крыху большым за 100 млн. літаў, перавысіў 176 млн.

Архітэктура

Замак у перыяд яго росквіту меў у плане форму няправільнага пяцівугольніка, велічныя трохпавярховыя ўсходняе і паўднёвае крылы выходзілі ва ўнутраны дворык аркадным клуатрам. Усе будынкі былі завершаны рэнесансным атыкам. Пасля аднаўлення палаца інтэр’ер ўсходняга крыла атрымаў гатычнае афармленне, паўднёвае крыло — рэнесанснае, а паўднёва-заходняе — ранняга барока.

Крыніцы

Літаратура Pałac wielkich książąt litewskich i jego odbudowa w kontekście doświadczenia europejskiego. — Wilno, 2009. — ISBN 978-609-95074-0-8. Мікулевіч, С. Увасабленне мараў: у Вільні адкрылі адбудаваны Палац валадароў / Сяргей Мікулевіч // Наша Ніва. — 2013. — № 30 (819). — 14 жніўня. — С. 10—11.

Спасылкі

Катэгорыя:Замкі Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Палацы Вільні Катэгорыя:Замкі Літвы Катэгорыя:Адноўленыя будынкі і збудаванні Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Літвы, знішчаныя расійскімі ўладамі