Касцёл Апекі Маці Божай — рымска-каталіцкі касцёл у в. Каралішчавічы Мінскага раёна.

Гісторыя

Драўляны касцёл (Апекі) Маці Божай у Каралішчавічах пабудаваны ў 1785 годзе фундацыяй Станіслава Прушынскага, і потым падтрымліваўся ў добрым стане клопатамі роду ПрушынскіхNasze Kościoły / pod redakcją Ks. Jozafata Żyskara. — Warszawa, 1914..

У касцёле Апекі Маці Божай, верагодна, былі ахрышчаны ўраджэнцы Каралішчавіч Ганна Цюндзявіцкая (дзявоч. Прушынская), аўтарка гаспадарчага даведніка «Літоўская гаспадыня», і Язэп Пушча (сапр. Плашчынскі, 1902—1964), беларускі паэт. Сястра Ганны Цюндзявіцкай (Прушынскай) — Міхаліна Семірадская (Прушынская), маці польскага і рускага мастака Генрыха Семірадскага, які ў 1873 годзе ў касцёле Апекі Маці Божай узяў шлюб са сваёй 18-гадовай кузінай Марыяй Прушынскай. У 1861 годзе касцёл наведаў, у сувязі з пабудовай тут мінскім майстрам А. Бяляўскім новага аргану, кампазітар Станіслаў Манюшка, які склаў апісанне арганаRuch muzyczny, 1861, …. Паводле энцыклапедыі Nasze Kościoły, на касцельным цвінтары было некалькі магіл вядомых людзей, не названых, аднак, па імені.

У савецкі час касцёл быў перабудаваны пад клуб і выпаў з поля зроку гісторыкаў архітэктуры і мастацтвазнаўцаў, у даведніках пазначаўся як страчаны. У 2008 годзе выяўлены ў выглядзе захаванага будынку клубу даследчыкам касцельнай архітэктуры Д. Салашам, які таксама ўвёў у абарот серыю фотаздымкаў касцёла на рубяжы XIX—XX ст. аўтарства Яна Балзукевіча. Паводле інфармацыі мясцовых жыхароў (у т.л. старшыні мясцовага парафіяльнага камітэту), пры перабудове ў клуб (мабыць у 1930-я) пераносу будынка не адбывалася. Працяглы час клуб не дзейнічаў і будынак быў занядбаны, была сур’ёзная пагроза яго пашкоджання або страты.

У наш час будынак быў перададзены рыма-каталіцкай парафіі Св. Станіслава і 13 красавіка 2014 года адбылася першая святая імша ў адноўленым касцёлеАдбылася імша ў адноўленым касцёле ў Каралішчавічах.

Катэгорыя:З’явіліся ў 1785 годзе Катэгорыя:Касцёлы Мінскага раёна Катэгорыя:Каралішчавічы Катэгорыя:1785 год у Беларусі Катэгорыя:Касцёлы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі