Палані́зм (ад  — польскі) — слова, запазычанае з польскай мовы.

У беларускай мове У беларускую мову паланізмы пачалі пранікаць з канца XIV стагоддзя. Актыўнае папаўненне слоўніка беларускай мовы паланізмамі працягвалася да 1930-х гадоў. Запазычанне іх адбывалася двума шляхамі: вусным (у выніку зносін беларусаў з палякамі як суседнім народам і прадстаўнікамі польскага народа, што жылі на Беларусі) і пісьмовым (праз пераклады твораў з польскай мовы на беларускую).

Сярод паланізмаў выдзяляюцца грамадска-палітычныя тэрміны (айчына, братэрства), ваенныя (моц, палкоўнік), бытавыя словы (пярсцёнак, сукенка), прастамоўныя (быдла, лямант). Праз польскую мову ў беларускую прыйшла значная колькасць слоў з іншых моў (лац. колер, ням. карэта).

Лексіцы польскага паходжання ў сучаснай беларускай мове ўласцівыя: спалучэнні ен (эн), ён (он), ан на месцы насавых галосных ę, ą: парэнчы, маёнтак, вандроўка; спалучэнне -дл-: кавадла, страшыдла; спалучэнне -лу- паміж зычнымі: слуп, тлусты; суфікс -іск-а: вятрыска; суфікс -унак: пакунак; суфікс -ц-а: абаронца; суфікс -ізн-а: бялізна; цвёрдае вымаўленне зычных перад галоснымі е (э): бэз, пэўны; я (а) на месцы ўсходнеславянскіх е (э): жалязка, бляск; гук [ц] (на месцы [ч]): цудоўны (), цурацца ().

У мастацкай літаратуры паланізмы выкарыстоўваюцца для стварэння каларыту эпохі, для індывідуалізацыі мовы персанажаў, рэалістычнага паказу жыццёвых сітуацый, камічнага эфекту праз перанасычанасць імі (так званая макаранічная мова). Шмат паланізмаў сустракаецца ў творах Я. Купалы, Я. Коласа, К. Чорнага, К. Крапівы, Я. Брыля, У. Караткевіча і іншых пісьменнікаў.

У іншых мовах У рускую мову паланізмы пачынаюць пранікаць у вялікай колькасці з XVI—XVII стст., у тым ліку праз старабеларускую мову і праз жывыя беларускія і ўкраінскія гаворкі. Прыклады паланізмаў у рускай мове: быдло, вензель, дозволить, доконать, доскональный, забияка, клянчить, отчизна, повидло, подлец, подначить, поединок, пончик, поручик, предместье, сума, фигляр, хлопец, шарить, шкодливый, шляхта. Пад уплывам польскай мовы ў рускай мове ўзніклі такія граматычныя адзінкі і з’явы як, адсутныя ў старажытнарускай мове злучнікі если (jeśli)Этимологический словарь русского языка. Фасмер Макс і так что (tak co), часціца якобы (jakoby), канструкцыя что за (co [to] za), принимать за кого (przyjąć za kogo).

Шмат паланізмаў ва ўкраінскай мове: натхнення, коштовність, вартість.

Шэраг паланізмаў ёсць у нямецкай мове, напрыклад Gurke (агурок), Steiglitz (шчыгол), а таксама ў іншых еўрапейскіх мовах. У некаторых выпадках іх цяжка адрозніць ад іншых славізмаў, якія прыйшлі з чэшскай і лужыцкай моў, напрыклад, такіх як Quark (тварог).

У англійскай мове паланізмы звычайна звязаны з польскай культурай, напрыклад, kielbasa (каўбаса), hetman (гетман).

Катэгорыя:Запазычанні Катэгорыя:Беларуская мова Катэгорыя:Польская мова