Другая опіумная вайна — вайна Вялікабрытаніі і Францыі з Цынскай імперыяй, якая доўжылася з 1856 па 1860 год.

Перадумовы У 1851—1864 гг. у імперыі Цын ішла грамадзянская вайна. Паслабленне маньчжурскай імперскай улады пасля Першай опіумнай вайны стала пераломным момантам у гісторыі гэтай дзяржавы. На тэрыторыі імперыі Цын утварылася Тайпінская дзяржава, з якой маньчжурскі ўрад вёў знясільваючую барацьбу.

У першыя часы грамадзянскай вайны замежныя гандляры і місіянеры спачувалі тайпінам.

Фармальна Вялікабрытанія, Францыя, ЗША на першапачатковым этапе тайпінскага паўстання прытрымлівалася нейтралітэту. Аднак, насамрэч яны ўжо ў 1854 г. паспрабавалі выкарыстаць Грамадзянскую вайну ў сваіх мэтах. Дыпламатычныя прадстаўнікі Вялікабрытаніі, Францыі і ЗША прад’явілі маньчжурскаму імператару сумеснае патрабаванне аб перазаключэнні дагавораў 1842—1844 гг. Дзяржавы патрабавалі сабе права неабмежаванага гандлю на ўсёй тэрыторыі Кітая, дапушчэння сваіх пастаянных паслоў у Пекін, афіцыйнага права гандляваць опіумам. Цынскі ўрад адхіліў гэтыя патрабаванні, але да адкрытага канфлікту гэта не прывяло, бо ваенныя сілы Вялікабрытаніі тым часам былі звязаны ў войнах з Расіяй, Персіяй і Індыяй.

Нагода Калі Вялікабрытанія, Францыя і Расія вызвалілі свае сілы пасля Крымскай вайны, брытанцы сталі шукаць нагоду для развязвання ваеннага канфлікту ў імперыі Цын. Такая нагода знайшлася — гэта было затрыманне кітайскімі ўладамі англійскага судна «Эрау», якое займалася кантрабандным гандлем.

8 кастрычніка 1856 года кітайскія чыноўнікі ўзышлі на борт лорчы Arrow («Эрау»), кітайскага карабля, (порт прыпіскі — Ганконг) які плыў пад сцягам Вялікабрытаніі. Існавала падазрэнне, што гэты карабель займаецца пірацтвам, кантрабандай і гандлем опіумам. Дванаццаць чалавек былі арыштаваны і, нягледзячы на патрабаванні Вялікабрытаніі, яны не былі выпушчаны на свабоду. Пасля гэтага інцыдэнту Вялікабрытанія абвясціла вайну імперыі Цын.

Ход вайны thumb|250px|Руіны разбуранага акупантамі палаца Юаньмін’юань у Пекіне. У канцы кастрычніка 1856 г. брытанская эскадра падвергла бамбардзіроўцы порт Гуанчжоу. Напачатку 1857 г. у ваенных дзеяннях таксама ўдзельнічалі амерыканскія караблі. Неўзабаве да Англіі далучылася і Францыя. Скарыстаўшыся канфліктам, Расія прапанавала Цынскай імперыі ваенную дапамогу ў абмен на тэрытарыяльныя саступкі. У 1858 годзе быў заключаны Айгунскі дагавор, паводле якога Расія атрымала права на левы бераг Амура і кантроль над Усурыйскім краем.

У 1860 г. аб’яднаная англа-французская армія зноў разгарнула ваенныя аперацыі на Ляадунскім паўвостраве і ў паўночным Кітаі, захапіла Цяньцзінь. У вырашальнай бітве, у канцы верасня, пад Пекінам англа-французская артылерыя разграміла маньчжура-мангольскую конніцу. Шлях на Пекін быў адкрыты. Непадрыхтаваныя да вайны цынскія войскі былі разгромлены. Акрамя таго, цынская дзяржава была да гэтага часу цалкам абяскроўлена Тайпінскім паўстаннем. У гэтай сітуацыі Расія запатрабавала ад Цынскага ўрада поўнай перадачы Усурыйскага края, што і было замацавана ў Пекінскім дагаворы 1860 года.

Вынікі 24-25 кастрычніка 1860 г. быў падпісаны Пекінскі дагавор, па якім цынскі ўрад пагадзіўся выплаціць Вялікабрытаніі і Францыі 8 мільёнаў лянаў кантрыбуцыі, адкрыць для замежнага гандлю Цяньцзінь, дазволіць выкарыстоўваць кітайцаў у якасці рабочай сілы (кулі) у калоніях Вялікабрытаніі і Францыі. Да Вялікабрытаніі з гэтага моманту пераходзіла паўднёвая частка Цзюлунскага паўвострава.

Спасылкі

Музей опіумнай вайны ў горадзе Хумэнь правінцыі Хэбэй Бутакоў Аляксандр Міхайлавіч, барон Тызенгаўзен Аляксандр Яўгенавіч, Опіумныя войны. Агляд войнаў еўрапейцаў супраць Кітая ў 1840—1842, 1856—1858, 1859 і 1860 гадах Опіумныя войны — Гісторыя

Катэгорыя:Гісторыя Кітая Катэгорыя:Войны Вялікабрытаніі Катэгорыя:Войны Францыі Катэгорыя:Войны Кітая Катэгорыя:Каланіяльныя войны Катэгорыя:Канфлікты 1856 года Катэгорыя:Канфлікты 1857 года Катэгорыя:Канфлікты 1858 года Катэгорыя:Канфлікты 1859 года Катэгорыя:Канфлікты 1860 года Катэгорыя:1850-я