Белару́ская дзіця́чая літарату́ра — літаратура на беларускай мове, прызначаная для дзяцей і падлеткаў, іх выхавання і адукацыі праз мову мастацкіх вобразаў.
Бярэ свой пачатак з даўніх часоў ад дзіцячага фальклору (казкі, калыханкі, прыгаворы, загадкі, песні, дзіцячыя гульні і г. д.). Станаўленне дзіцячае літаратуры як жанру адносіцца да XVI стагоддзя, часу ўзнікнення беларускага кнігадрукавання. Спачатку развівалася пераважна як літаратура рэлігійнай скіраванасці; больш выразна накіравалася на дзіцячую аўдыторыю ў XIX стагоддзі. Найбольшы росквіт адносіцца да XX стагоддзя, калі зарадзіўся і стаў развівацца рух беларускага нацыянальнага адраджэння. У гэты час дзіцячая літаратура ўзбагацілася новымі яркімі імёнамі, жанрамі і творамі, якія даходзілі да юнага чытача праз дзіцячыя газеты, часопісы, кнігі, сцэнічныя пастаноўкі. Багата развіваецца і ў XXI стагоддзі, папаўняючыся не толькі новымі імёнамі і яркімі творамі, але і новымі формамі падачы матэрыялу з дапамогай сучасных сродкаў і інавацый.
Станаўленне беларускай дзіцячай літаратуры праз беларускі дзіцячы фальклор
Вытокі беларускай дзіцячай літаратуры ляжаць у вуснай народнай творчасці. Вусна-паэтычная творчасць на Беларусі з даўніх часоў спрыяла выхаванню мастацкага густу народа, гэтую ж функцыю выконваў і дзіцячы фальклор.
Тэрмін «дзіцячы фальклор» з’явіўся ў пачатку ХХ стагоддзя. Пад яго паняццем разумелася тая частка вусна-паэтычнай творчасці, якая была даступнай, цікавай і карыснай у павучальным плане самім дзецям і адпавядала пэўным асаблівасцям іх узроставага ўспрымання. Але карані дзіцячага фальклору ляжаць значна глыбей, і яго жанры часцяком звязаны з замоўнай паэзіяй. У дзіцячым фальклоры можна вылучыць тры асноўныя групы, якія склаліся гістарычна і замацаваліся ў фалькларыстыцы: творы, якія складаліся спецыяльна для дзяцей (забаўлянкі, калыханкі, песні, дзіцячыя гульні, некаторыя казкі, пястушкі і т. п.); творы, якія страцілі сваё значэнне для дарослых і перайшлі да дзяцей (прыгаворы, загадкі, лічылкі, заклічкі, казкі, некаторыя песні, гульні і пад.); творы, якія прыдумалі самі дзеці.
Такім чынам тэрмін «дзіцячы фальклор» робіцца вельмі шырокім, бо аб’ядноўвае ў сабе ўсе віды вуснай народнай паэзіі, створанай дарослымі для дзяцей, а таксама і творчасць саміх дзяцей. Сюды ж уваходзяць і тыя творы, якія хоць спачатку і ствараліся для дарослых, але з цягам часу так ці інакш перайшлі ў разрад творчасці для дзяцей.
Гісторыя збірання і вывучэння дзіцячага фальклору пачынаецца ў першай палове XIX стагоддзя. Найбольш раннімі з’яўляюцца запісы Яна Чачота і Аляксандра Рыпінскага. У іх працах можна знайсці хай і не шматлікія, але прыклады беларускіх калыханак і дзіцячых песень. Вельмі каштоўныя і даволі поўныя калекцыі дзіцячага фальклору пакінулі П. В. Шэйн, Е. Р. Раманаў, М. А. Федароўскі, У. М. Дабравольскі. П. В. Шэйн уключыў у свае зборнікі «Беларускія народныя песні» (1874 г.) і «Матэрыялы для навучання быту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» (1887 г.) калыханкі, забаўлянкі, дражнілкі, рознага зместу дзіцячыя песні, а таксама апісанні гульняў з адпаведнымі ім песнямі і лічылкамі. У гэтыя працы ўвайшло звыш ста ўзораў творчасці для дзяцей.
Таксама багата прадставіў дзіцячы фальклор Е. Р. Раманаў у I—II выпусках «Беларускага зборніка» (1886 г.), прысвечанага народным песням. А ў VIII выпуску ён змясціў звыш сямідзесяці апісанняў беларускіх гульняў і забаў, якія суправаджаюцца песенькамі. М. А. Федароўскі ў V томе сваёй працы «Lud białoruski» (1858 г.) падаў багаты песенны матэрыял: калыханкі, дзіцячыя песенькі і прыпеўкі, апроч таго — дражнілкі і забаўлянкі. У. М. Дабравольскі ў працы «Смаленскі этнаграфічны зборнік» (1903 г.) змясціў калыханкі, дзіцячыя песні, дражнілкі, апісанне гульняў, дзіцячыя прыгаворы, заклічкі. З найбольш поўных збораў дзіцячага фальклору трэба адзначыць запісы С. П. Сахарава. У яго зборніку «Народная творчасць Латгальскіх і Ілукстэнскіх беларусаў» (1940 г.) багата песень, апісанняў гульняў, карагодаў і іншых жанраў дзіцячага фальклору.
Пісьменнік Васіль Вітка, які цікавіўся дзіцячым фальклорам і яго літаратурнай апрацоўкай, у сваёй кнізе «Дзеці і мы» (1977 г.) адвёў гэтай тэматыцы асобны раздзел — «Дыялогі з унукамі». На пытанне — што ж такое дзіцячы фальклор? — сам Васіль Вітка адказвае так: «Гэта і мастацтва, і літаратура, і самая дасканалая педагогіка». А даследчыца дзіцячага фальклору Т. В. Зуева адзначала: «Дзіцячы фальклор — спецыфічная галіна мастацкай творчасці, якая мае, у адрозненне ад фальклору дарослых, сваю паэтыку, свае формы бытавання і сваіх носьбітаў. Агульная родавая прыкмета дзіцячага фальклору — суаднясенне мастацкага тэксту з гульнёй».
Зараджэнне беларускай літаратуры для дзяцей. XVI стагоддзе
З узнікненнем беларускага кнігадрукавання пачалі распаўсюджвацца і вучэбныя кнігі. Першымі такімі кнігамі былі «Псалтыр» Францыска Скарыны (1517 г., «Детям малым початок всякое доброе науки…»), «Катэхізіс» Сымона Буднага (1562 г., кніга для дарослых і падручнік для дзетак), «Наука ку читаню и розумѣню писма словенскаго» Лаўрэнція Зізанія (1596 г.).
XVII стагоддзе
Першыя старонкі беларускай (і агульнарускай) дзіцячай паэзіі звязаны з імем Сімяона Полацкага. Гэтаму спрыяла яго актыўная педагагічная дзейнасць — пасля вучобы ў Кіева-Магілянскім калегіуме ён атрымаў званне «дыдаскала» (настаўніка), пасля чаго працаваў настаўнікам брацкай пачатковай школы пры Богаяўленскім манастыры Полацка. На выпадкі грамадскіх і царкоўных урачыстасцей ён даваў вучням заданні складаць вершы. Таксама сам складаў дэкламацыі — панегірычныя вершы, якія былі прызначаны для публічнага выканання адным або некалькімі вучнямі, напрыклад — прывітальныя вершы на прыезд цара Аляксея Міхайлавіча ў Полацк і Віцебск былі разлічаны на чытанне дванаццаццю «отракамі». Большасць яго вершаў на польскай і лацінскай мовах можна аднесці да так званай «школьнай паэзіі», якая ўяўляла сабой выклад тагачаснай універсітэцкай навукі сілабічным вершам. Пад час свайго знаходжання ў Маскве пры царскім двары ён заснаваў так званую «Верхнюю друкарню». І сярод першых надрукаваных у ёй кніг быў падручнік для дзяцей «Букварь языка славенска».
XVIII стагоддзе
У XVIII стагоддзі з’яўляюцца такія драматургічныя творы, як школьная драма-маралітэ, інтэрмедыя, камедыя і батлейка. Большасць школьных драм былі напісаны на польскай альбо царкоўнаславянскай мовах, і не мелі моцнага ўплыву на вучнёўскае ўспрыманне. Але дзякуючы ім з’явіліся інтэрмедыі, якія пісаліся пераважна самімі навучэнцамі, якія былі знаёмыя і з мясцовым фальклорам і валодалі гутарковай мовай. Персанажамі такіх інтэрмедый былі: студыёзус (студэнт), вучоны-літаратар, вучань-уцякач, селянін, літвін, шляхціч, маскаль, яўрэй, чорт, драгун. Інтэрмедыі былі папулярныя сярод вучнёўскай моладзі і стымулявалі да літаратурнай творчасці на роднай мове. На аснове інтэрмедыі ўзнікла камедыя, якая ўзяла ад школьнай драмы павучальна-рэлігійны змест, а ад інтэрмедыі і народнай драмы сатырычнае гучанне, гумар, займальную фабулу, і хуткае развіццё дзеяння. Усё гэта з’явілася каштоўным матэрыялам і для батлейкавай драмы. Адна з найбольш папулярных батлеечных пастановак была сцэнка пра Мацея і лекара-шарлатана, якая непасрэдна была звязана з інтэрмедыяй «Мацей і лекар-шарлатан».
XIX стагоддзе У пачатку XIX стагоддзя з’яўленне кожнага новага твора ў беларускай літаратуры было сапраўднай грамадскай падзеяй. Таму адзіны з твораў Паўлюка Багрыма, якому дайшоў да нас, з’яўляецца вельмі каштоўным як для беларускай літаратуры ўвогуле, так і для дзіцячай у прыватнасці. Яго верш «Зайграй, зайграй, хлопча малы…» захаваўся дзякуючы публікацыі ў кнізе «Аповесць майго часу» (Лондан, 1854 г.) польскага літаратара Ігнація Яцкоўскага. Верш вылучаўся паэтычнасцю і глыбокім грамадзянскім зместам. Герой верша, дзіця, у ім шкадуе, што не можа навек застацца малым дзіцём, каб не бачыць пакут родных і блізкіх. У сваіх вершах Паўлюк Багрым падымаў тэму абяздоленага дзяцінства, а таксама ўжываў фальклорныя матывы і нацыянальны каларыт. Так у вершы паэт узгадвае пра павер’е, што калі кажан сядзе на галоўку дзіцяці, то яно перастане расці.
Фалькларыст Міхаіл Дзмітрыеў, які займаўся збіраннем беларускай вусна-паэтычнай творчасці, міфалагічных легенд, апісваў народныя звычаі і цікавіўся жывой беларускай мовай, выдаў зборнікі беларускай паэзіі «Вопыт збірання песень і казак сялян Паўночна-Заходняга краю» (1868 г.) і «Збор песень, казак, абрадаў і звычаяў сялян Паўночна-Заходняга краю» (1869 г.). У гэтыя зборнікі ўвайшлі 277 сямейна-бытавых, каляндарна-абрадавых і пазаабрадавых песень, восем казак і апісанні абрадаў.
У XIX стагоддзі для дзяцей пісаў і Францішак Багушэвіч, які ў свой час казаў пра патрэбу стварэння кніжак для дзяцей на роднай мове. Сувязь з фальклорам была адной з характэрных асаблівасцей яго творчасці. Самым блізкім да дзіцячага фальклору можна назваць яго верш «Калыханка». А ў аснове яго паэмы «Кепска будзе!» закладзены драматычны лёс хлопчыка, які з ранніх гадоў пазнаў сіроцтва і несправядлівасць улады. Гэты твор выхоўвае спачуванне, міласэрнасць і неабыякавасць да цяжкай долі сялянскага дзіцяці. Мае сацыяльны падтэкст і яго байка «Воўк і авечка», у якой у вобразе ваўка выступае аканом, які адпраўляе сына сялянкі ў рэкруты.
Думку пра «сонца навукі» для дзяцей выказаў у вершы «Роднай старонцы» Янка Лучына. Прыдатнай для дзіцячага чытання можна лічыць і творчасць Яна Баршчэўскага. Найбольш вядомы яго польскамоўны празаічны збор беларускіх народных апавяданняў і казак у літаратурнай апрацоўцы «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», які ў XIX стагоддзі быў надзвычай папулярны. Беларускамоўны пераклад легенды са зборніка быў апублікаваны ў віленскай газеце «Гоман». У творы вельмі прыкметна цяга аўтара да «страшнай», «гатычнай» фантастыкі і містыкі, што прыцягвае прагнага да казачных цудаў падлетка. У сучасных умовах захаплення жанрам фэнтэзі гэты мастацкі твор вабіць беларускамоўных юнакоў і дзяўчат сваёй таямнічай загадкавасцю, аповедам пра лесуноў, ваўкалакаў, ведзьмакоў, русалак. Прытым сучаснікі пісьменніка былі схільны ў апавяданнях Баршчэўскага бачыць «беларускі гафманізм» (ад імя нямецкага пісьменніка Гофмана), з яго сімволіка-фантастычнай формай паказу барацьбы светлых ды цёмных сіл, высакародства ды хцівасці.
У рамантычным кірунку развівалася і паэзія Яна Чачота, які займаўся збіраннем фальклору і ўвасабляў фальклорныя сюжэты ў мастацкім слове. Мовазнавец і фалькларыст XX стагоддзя Кастусь Цвірка адзначаў, што творчасць такіх дзеячаў таго часу, як Ян Баршчэўскі, Ян Чачот, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч стала «прадвеснем нашага нацыянальнага адраджэння» і, адпаведна, дзіцячай літаратуры. А за імі крочылі такія майстры слова, як Францішак Багушэвіч, Адам Гурыновіч, Янка Лучына. У другі парэформенны перыяд умовы для развіцця беларускай літаратуры значна пагоршыліся. Гэтаму прычынай быў вялікадзяржаўны ўціск пасля паўстання 1863—1864 гадоў. Беларускае кнігадрукаванне было забаронена. Паплечнік генерала Мураўёва-вешальніка Іван Карнілаў, які ў тыя часы ўзначальваў Віленскую вучэбную акругу, і іншыя прадстаўнікі царскай улады, ставілі сваёй галоўнай задачай русіфікацыю краю. І толькі ў канцы XIX стагоддзя зноў на беларускай зямлі загучаў беларускі верш — верш паэта-дэмакрата і асветніка Францішка Багушэвіча, намаганнямі якога беларуская мова вярнулася ў літаратурны абыходак.
XX стагоддзе
Пачатак XX стагоддзя
Пачатак XX стагоддзя адзначыўся беларускім культурна-нацыянальным адраджэннем, якое пашырылася пасля рэвалюцыі 1905 года. У гэты час пачалі адкрывацца нацыянальныя школы, быў легалізаваны беларускі друк (пачалі выходзіць такія газеты як «Наша доля» і «Наша ніва»). У 1906 годзе выходзіць першая кніга для навучання дзяцей на роднай мове «Беларускі лемантар».