«Будаўнік» — шматфункцыянальны стадыён у Салігорску, Беларусь. З’яўляецца хатняй арэнай для футбольнага клуба «Шахцёр», які выступае ў Вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі. Умяшчальнасць адзінай трыбуны на стадыёне складае 4 200 месцаў.

Гісторыя Стадыён «Будаўнік» быў узведзены ў 1973 годзе для спартыўных заняткаў работнікаў гарадскога «Будтрэста № 3». На той час меў адну трыбуну на 1 000 чалавек і аднапавярховы драўляны будынак.

З 1992 года стадыён стаў прымаць матчы чэмпіянату Беларусі па футболе. Сучасны выгляд спартыўная арэна набыла ў ходзе рэканструкцыі, праведзенай на працягу 2006 года. Былі надбудаваны яшчэ два паверхі, над адзінай усходняй трыбунай быў узведзены дах. Колькасць месцаў для гледачоў павялічана да 4 200. У падтрыбунных памяшканнях былі абсталяваны распранальні для спартсменаў і трэнераў, трэніровачныя залы, прэс-цэнтр, памяшканне для медперсаналу. Пакрыццё футбольнага поля было цалкам заменена.

У 2009 годзе на стадыёне «Будаўнік» з’явіліся электроннае табло і асвятляльныя мачты, якія дазволілі праводзіць матчы ўвечары. У 2017 годзе было абноўлена пакрыццё бегавых дарожак. Газон на футбольным полі натуральны, усталяваны падагрэў. Памеры поля — 105×68 метраў. На стадыёне маецца трэнажорная зала.

Крыніцы

Спасылкі «Па дамах». Стадыёны Беларусі. «Будаўнік» (Салігорск) Навіны стадыёна на by.tribuna.com

Катэгорыя:Футбольныя стадыёны Беларусі Катэгорыя:Спорт у Салігорску Катэгорыя:Архітэктура Салігорска