Васіль Максімавіч Вашча́нка (да 1670 года,  — не пазней за 1730 год, Магілёў) — беларускі друкар, гравёр па дрэве і медзі, майстар Магілёўскай школы гравюры.

Біяграфія Сын вядомага кіраўніка Магілёўскай брацкай друкарні і выбітнага гравёра Максіма Вашчанкі. Менавіта ад бацькі Васіль пераняў майстэрства мастацкага афармлення кніг і тэхніку гравіравання. Усё жыццё ён працаваў пры Магілёўскай брацкай друкарні, якая знаходзілася на тэрыторыі Богаяўленскага манастыра. Першыя яго вядомыя працы датуюцца 1694 годам. Пасля смерці бацькі ў 1708 годзе Васіль, верагодна, узначаліў друкарню. Яго апошнія датаваныя творы адносяцца да 1730 года.

Творчасць

Большасць вядомых падпісаных і непадпісаных твораў мастака звязана менавіта з кніжнай графікай. Паводле ацэнак даследчыкаў, яму належаць каля 22 ілюстрацый, заставак і тытульных аркушаў.

Сярод найбольш значных прац Васіля Вашчанкі вылучаюцца дрэварытныя загалоўныя (тытульныя) лісты да шэрагу буйных магілёўскіх выданняў: «Дыёптра» (1698) «Неба новае» Іаанікія Галятоўскага (1699) «Перла шматкаштоўнае» Кірылы Транквіліёна Стаўравецкага (1699) «Кніга жыцій святых» («Чэцці-Мінеі») Дзімітрыя Растоўскага (1702).

У 1730 годзе ён стварыў серыю ілюстрацый для кнігі «Асмагласнік», сярод якіх найбольш вядомыя аркушы «Іаан Дамаскін» і «Нараджэнне Хрыста». Акрамя кніжнай графікі, майстар займаўся стварэннем царкоўных антымінсаў (гравюр на дрэве, якія спецыяльна адбіваліся на палатне). Захаваліся яго антымінсы 1694, 1708 («Палажэнне ў труну Хрыста») і 1723 гадоў (апошні быў выкананы для Богаяўленскага манастыра ў Полацку).

Гравюры Васіля Вашчанкі вылучаюцца майстэрскай пабудовай кампазіцыі, сялянскім тыпажом фігур, дасканаласцю пластычнага малюнка і вялікай выразнасцю контурных ліній.

Асаблівае гістарычнае і мастацтвазнаўчае значэнне мае тытульны аркуш да «Кнігі жыцій святых» 1702 года. У ніжняй частцы кампазіцыі Вашчанка змясціў рэалістычны від роднага Магілёва з выявамі будынкаў грамадскага і культавага прызначэння (відаць гарадская ратуша і цэрквы), падпісаўшы гравюру «Градъ Могилевъ». Гэта адзін з першых у гісторыі айчыннага мастацтва прыкладаў свецкага гарадскога пейзажа ў кірылічнай кнізе.

Крыніцы

Літаратура

Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 128. — 737 с. . Шчакацixiн М. Baciль Вашчанка — магiлеўскi гравер канца XVII — пач. XVIII сталецьця. — Менск, 1925.

.

Спасылкі ВАШЧАНКА Васіль Максімавіч

Катэгорыя:Памерлі ў 1730 годзе Катэгорыя:Постаці Магілёва Катэгорыя:Друкары Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Гравёры Беларусі Катэгорыя:Магілёўская школа гравюры