Генадзь Уладзіміравіч Грушавы (, — ) — заснавальнік і старшыня дабрачыннага фонду «Дзецям Чарнобыля», доктар філасофскіх навук (1994), прафесар (1995), дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання.
Біяграфічныя звесткі Скончыў мінскую школу № 50, якая спецыялізавалася на фізіцы і матэматыцы. Аднак паступіў на філасофскае аддзяленне гістарычнага факультэта БДУ (з 1989 — філасофска-эканамічны факультэт БДУ, з 1999 — факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ), дзе выкладаў з 1973 г. да сваёй смерці. З 1991 прарэктар Інстытута сучасных ведаў.
Памёр ад раку крыві. Пахаваны на Паўночных могілках у Мінску.
Навукова-даследчыцкая дзейнасць У 1975 абараніў кандыдацкую, а ў 1994 — доктарскую дысертацыю па філасофіі. Даследаваў гісторыю філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Заходняй Еўропы і Беларусі часоў Адраджэння і Асветніцтва, тэарэтыка-метадалагічныя праблемы пазнання, грамадскай філасофіі і паліталогіі. Аўтар працы «Аказіяналізм Нікаля Мальбранша» (1978).
Грамадска-палітычная дзейнасць Адзін з арганізатараў Беларускага народнага фронту «Адраджэнне». У 1989 г. узначаліў Камітэт БНФ «Дзеці Чарнобыля», які 20 лістапада 1990 ператварыўся ў дабрачынны фонд «Дзецям Чарнобыля» і дапамог больш як 2 млн жыхароў Беларусі. У 1993 г. фонд налічваў 14 тыс. членаў. Фонд накіраваў 160 тыс. дзяцей на аздараўленне за мяжу і да 2000 года ўвёз у Беларусь лекаў на суму каля $500 млн.
У Вярхоўным Савеце ўваходзіў у фракцыю Апазіцыя БНФ. Пасля рэферэндуму 1996 года грамадскія аб’яднанні 15-ці раёнаў Беларусі сабралі 116 тыс. подпісаў супраць скасавання яго дэпутацкіх паўнамоцтваў. У 1997 быў адным з заснавальнікаў Асамблеі НДА. З сакавіка 1997 г. па сакавік 1998 знаходзіўся ў Германіі праз пагрозу арышту. У 1999 атрымаў нарвежскую праваабарончую узнагароду памяці прафесара Торалфа Рафто.
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Дактары філасофскіх навук Катэгорыя:Дэпутаты Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га склікання Катэгорыя:Члены Беларускага народнага фронту Катэгорыя:Гуманітарная дапамога Катэгорыя:Чарнобыльская катастрофа