Васіль Данілавіч Дружчыц або Друшчыц () — беларускі гісторык.
Біяграфія Нарадзіўся ў 1886 годзе ў в. Блудзень Пружанскага павета Гродзенскай губерні ў сялянскай сям'і.
У 1901 годзе скончыў Жыровіцкае духоўнае вучылішча, у 1907 — Літоўскую духоўную семінарыю (Вільня), у 1911 — Юр’еўскі (Тартускі) універсітэт. У 1911—1922 гадах выкладаў гісторыю ў Вільні, Шаўлях, Рэчыцы, Бабруйску. Удзельнічаў у рабоце Беларускага культурна-асветнага таварыства ў Бабруйску.
Добра ведаў шэсць моў, але ў рэгістрацыйнай анкеце прафесара кафедры гісторыі БДУ ён адзначаў: «Чытаю на польскай, нямецкай і лацінскай мове».
З 1922 года выкладчык, з 1927 — прафесар кафедры гісторыі Беларусі БДУ. Адначасова з 1924 года правадзейны член Інбелкульта; з 1927 — старшыня камісіі Інбелкульта па гісторыі гарадоў. З 1933 года супрацоўнік Інстытута гісторыі БелАН, прафесар кафедры гісторыі народаў СССР Літаратурнага інстытута імя Герцэна (Масква). Даследаваў беларускае сярэднявечча, магдэбургскае права ў беларускіх гарадах, гісторыю кнігадрукавання.
Арыштаваны 14 студзеня 1937 года. Асуджаны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 19 снежня 1937 года на расстрэл. Расстраляны ў адну ноч з Якавам Афанасьевым, Іосіфам Валадзько, Аркадзем Ляшчынскім, Маркам Матусевічам, Фёдарам Сулкоўскім, Іванам Суртам, Дорай Турбовіч і іншымі (агулам больш за 200 чалавек)
Рэабілітаваны 5 ліпеня 1958 года.
Навукова-даследчыцкая дзейнасць Артыкул В. Д. Друшчыца «Галоўныя моманты гісторыі беларускага народа», апублікаваны ў 1924 г. у зборніку «Беларусь». У ім значная ўвага ўдзяляецца асвятленню становішча беларускага сялянства ў XIV—XVII стст. Гэту тэму аўтар даследаваў адным з першых, прыйшоў да высновы, што на панскіх і шляхецкіх землях ужо ў сярэдзіне XV ст. значная частка сялянства фактычна была запрыгонена. Адным з першых назваў ВКЛ літоўска-беларускай дзяржавай, адзначыў, што Полацкая і Віцебская землі ўвайшлі ў яе склад добраахвотна і выказаў думку, што з пачатку ўтварэння ВКЛ мела беларускі характар. Абгрунтоўваў гэта тым, што беларускі элемент пераважаў у культурных адносінах — «беларуская мова з’яўлялася мовай дыпламатычных зносін, мовай пісьменства, заканадаўства і ўсяго культурнага жыцця».
В. Д. Друшчыц адным з першых пачаў распрацоўваць праблему класавай барацьбы сялянства. Ён адзначаў, што першае паўстанне супраць узмацнення прыгону пачалося ў 1595 г. на тэрыторыі Надпрыпяцця і Падняпроўя. Асабліва моцны паўстанцкі рух, падкрэсліваў вучоны, падняўся ў Беларусі ў сярэдзіне XVII ст.
Значнае месца ў спадчыне В. Д. Друшчыца займаюць даследаванні па гісторыі гарадоў у эпоху феадалізму, аб чым сведчаць яго артыкулы «Места Мінск у канцы XV і пачатку XVI ст.», «Места Вільня ў першай палове XVI ст.» (1926), гістарыяграфічны агляд «Беларускія месты ў гістарычнай літаратуры» (1927) і інш.
У працах «Войты і іх улада ў беларускіх гаспадарскіх местах з магдэбургскім правам» (1928), «Магістрат у беларускіх местах з магдэбургскім правам у XV—XVII стст.» (1929) вучоны прыйшоў да высновы, што магдэбургскае права, запазычанае ў Заходняй Еўропе, не давала гатовай формы для арганізацыі гарадской улады на Беларусі. Гэта права не проста пераймалася ў нямецкіх ці польскіх гарадах, а пэўным чынам выпрацоўвалася на месцы, пры актыўным удзеле гарадскога насельніцтва, якое імкнулася прыстасаваць запазычаныя формы права і арганізацыі ўлады да сваіх інтарэсаў.
Вядомы як адзін з першых аўтараў артыкулаў, прысвечаных У. М. Ігнатоўскаму і К. Лышчынскаму («Агляд навукова-літаратурнай дзейнасці У. М. Ігнатоўскага» (1925), «Казімір Лышчынскі — беларускі бязбожнік XVII веку (З гісторыі светапогляду XVII ст. на Беларусі)» (1927)).
Быў аўтарам рэцэнзій на кнігі вядомага гісторыка У. І. Пічэты «Гісторыя Беларусі», Ч. 1 (1924) і «Гісторыя сельскай гаспадаркі і землеўладання ў Беларусі» (1928). У 1925—1926 гг. ён удзельнічаў у падрыхтоўцы да выдання «Навуковага зборніка гісторыка-археалагічнай камісіі» і зборніка гістарычных дакументаў і матэрыялаў «Беларускі архіў».
Творы Палажэнне Літоўска-Беларускай дзяржавы пасля Люблінскай уніі // Працы БДУ. 1925, № 6-7; Места Менск у канцы XV і пачатку XVI ст. // Працы БДУ. 1926, № 12; Беларускія месты ў гістарычнай літаратуры // Гістарычна-археалагічны зборнік. Мн., 1927.
Ушанаванне памяці У гонар яго на радзіме на будынку школы ў в. Першамайская (Бярозаўскі раён) усталявана мемарыяльная дошка.
Крыніцы
Літаратура Іофэ Э. Летапісец айчыннай гісторыі // ЛіМ. 1986, 14 лютага. № 7.
Прафесары і дактары навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, 1921—2001 / складальнік А. А. Яноўскі. — Мінск, 2001.
Спасылкі
Катэгорыя:Гісторыкі Беларусі Катэгорыя:Нарадзіліся ў Бярозаўскім раёне Катэгорыя:Супрацоўнікі Інстытута беларускай культуры Катэгорыя:Супрацоўнікі Інстытута гісторыі НАНБ Катэгорыя:Педагогі Беларусі Катэгорыя:Рэпрэсаваныя савецкай уладай Катэгорыя:Расстраляныя ў СССР Катэгорыя:Асуджаныя па справе «Саюза вызвалення Беларусі» Катэгорыя:Рэабілітаваныя ў СССР