Эбсторфская ка́рта — створаная каля 1284 года (паводле іншых звестак, у 1240 годзе) круглая (дыяметр каля 3,5 м) каляровая карта вядомага свету на пергаментным аркушы агульнай плошчай 13 м².

Аўтарства прыпісваюць ці то англійскаму схаласту Гервасію Тыльберыйскаму (памёр у 1235 годзе), ці то Гервасію фон Тыльбурну — высокаадукаванаму нямецкаму рыцару, які шмат падарожнічаў па розных краінах, а ў канцы жыцця прыняў манаства і атрымаў у валоданне бенедыкцінскі кляштар у ніжнесаксонскім горадзе Эбсторфе на поўдзень ад Гамбурга (адкуль назва), дзе з дапамогай манахаў пачаў ствараць Эбсторфскую карту. Знаходзілася ў алтары царквы кляштара, у XVI стагоддзі закінутая, знойдзена і ўведзена ў навуковы абарот у 1830-х гадах. У 1943 годзе арыгінал загінуў, захаваліся 4 копіі XIX—XX стагоддзяў.

Такія тыповыя для Сярэднявечча карты, арыентаваныя, у адрозненне ад сучасных, не на поўнач, а на ўсход, служылі ілюстрацыяй да біблейскага апавядання аб рассяленні сыноў Ноя пасля патопу. Традыцыйна мелі выгляд круга, у які ўпісвалася літара «T», утвараючы манаграму «O-T», што расшыфроўвалася як Orbis Terrarum (круг зямны). Верхні сектар круга адпавядаў Азіі, заселенай нашчадкамі Сіма; левы ніжні — Еўропе (Яфета); правы ніжні — Афрыцы (Хама). Вертыкальнай рысай «T» служыла Міжземнае мора, гарызантальнай — Дон, Чорнае, Мармуровае, Эгейскае мора і Ніл (ці Чырвонае мора). У цэнтры знаходзіўся Іерусалім.

Эбсторфская карта — самая славутая з карт гэтага тыпу і першая з вядомых еўрапейскіх карт, на якой адлюстравана тэрыторыя Беларусі: рэкі Нёман (Memela) і Дзвіна (Duna); над апошняй размешчаны Смаленск (Smalentike) і Полацк (Plosceke civitas), апошні далей ад вусця Дзвіны, чым першы. Выдуманая выява Полацка — адна з першых у заходнееўрапейскай іканаграфіі. Эбсторфская карта сведчыць пра важнасць гандлёвага шляху па Дзвіне і разнастайныя сувязі, якія існавалі паміж Полацкам, Віцебскам, Смаленскам і нямецкімі гарадамі Інфлянтаў і Готланда ў XIII стагоддзі.

Літаратура

Journeys to the Promised Land: maps, diaries, and journals of travellers to Israel in ancient days and the present. London, 1989. Alexandrowicz S. Rozwoj kartografii Wielkiego Ksiestwa Litewskiego od XV do polowy XVIII w. Poznan, 1989. Дитмар А. Б. От Птолемея до Колумба. М., 1989.

Спасылкі Старонка, прысвечаная Эбсторфскай карце з магчымасцю прагляду фрагментаў і пошуку

Катэгорыя:Гістарычныя карты