Хедэбю (Хайтхабу, , , стар.-ісл. Heiðabýr — ад heiðr = пустэча, і býr = паселішча, двор) — найважнейшы гандлёвы цэнтр дацкіх вікінгаў, размешчаны ў глыбіні фіёрда Шлей, на скрыжаванні гандлёвых шляхоў з басейна Балтыйскага ў басейн Паўночнага мора (тут судны перацягваліся волакам у абыход Зунда) і з Каралінгскай імперыі ў Данію — так званы Валовы (Оксенвег) ці Вайсковы шлях (). Цяпер гэта самая поўнач нямецкай зямлі Шлезвіг-Гольштэйн (раён Шлезвіг-Фленсбург, пасёлак Бусдорф).
Археалагічны комплекс Хедэбю складаецца з паўкруглага вала гарадзішча, злучанага з сістэмай абарончых збудаванняў Даневірке (Дацкі вал), гарадзішча, паўднёвага паселішча, шэрагу магільнікаў, камернага пахавання ў ладдзі і чатырох рунічных камянёў. thumb|250px|План Хайтхабу
Гісторыя Упершыню Хедэбю згадваецца ў «Аналах каралеўства франкаў» у сувязі з ваеннай дзейнасцю дацкага караля Гудфрэда супраць імперыі Карла Вялікага. У 804 годзе ён збірае ў Сліестарпе (так лацінамоўныя крыніцы называюць Хедэбю) войска і флот. Гандлёвае значэнне горада ўзрасло пасля 808 года, калі дацкі кароль разарыў яго канкурэнта ў славянскай зямлі — Рорык, перасяліўшы з яго рамеснікаў і купцоў у Хедэбю. У 811 годзе ўпершыню фіксуецца будаўнічая дзейнасць на гарадзішчы (дэндрадата). Каля 850 года — у Хедэбю з дазволу Хорыка I місіянерам Ансгарам пабудавана хрысціянская царква.
У канцы IX стагоддзя — паводле Адама Брэменскага — у паўднёвай Ютландыі з’яўляецца «Олаф са Свеаланда» і пачынаецца кіраванне так званай «шведскай дынастыі» (да 930-х гадоў). З’яўленне ў той час у наваколлях Хедэбю рунічных камянёў (Вялікі і Малы камяні Сігтруга, сына Олафа) дазваляе выказаць здагадку, што цэнтр дынастыі знаходзіўся менавіта тут, з прычыны таго, што памінальныя стэлы звычайна ўсталёўваліся ў радавых сядзібах.
У 934 годзе — па Відукінду Карвейскаму — германскі кароль Генрых Птушкалоў разбіў дацкага караля Гнупэ каля Хедэбю і прымусіў таго хрысціцца. У 948 годзе быў заснаваны біскупства Хедэбю (нароўні з біскупствамі Рыбэ і Орхус).
У сярэдзіне X стагоддзя ўзводзіцца паўкруглы вал выдужай да 9 м, які акружае паселішча з сушы (ахоплівае тэрыторыю ў 24 га) і пашыраецца гавань (каля 965 года). У тым жа годзе Хедэбю наведвае арабскі купец і дыпламат Аль Тартушы. У 968 годзе зафіксавана будаўнічая дзейнасць на вале, які злучае ўмацаванні Хедэбю з Дацкім валам. У 974 годзе Дацкі вал быў захоплены імператарам Атонам II, які пабудаваў каля вала германскую крэпасць. Праз дзевяць гадоў, у 983 годзе адбылося паўстанне супраць германскага валадарства ў Даніі і сярод заходнеславянскіх плямёнаў. У выніку была разбурана германская крэпасць і Хедэбю перайшоў пад уладу дацкіх каралёў.
Апошняя будаўнічая дзейнасць на гарадзішчы зафіксавана археалагічна ў 1020 годзе (дэндрадата). У 1050 годзе Хедэбю быў разбураны атрадамі нарвежскага караля Харальда Суровага, а ў 1066 годзе рэшткі паселішча былі спалены заходнеславянскімі атрадамі. Пасля гэтага ўдару горад больш не згадваецца ў пісьмовых крыніцах, і яго роля пераходзіць да Шлезвігу, на тэрыторыі якога самая ранняя будаўнічая дзейнасць адносіцца да 1071 годзе.
Нашчадкам мясцовай каралеўскай дынастыіNorway 1 Ск’ёльдунгаў быў Рорык Дорэстадскі, якога некаторыя даследчыкі атаясамляюць з родапачынальнікам дынастыі Рурыкавічаў.
У апошні раз Хедэбю стаў арэнай гістарычных падзей у 1848 годзе, калі падчас дацка-прускай вайны на яго тэрыторыі, унутры паўкруглага вала, быў разбіты ваенны лагер. Сам вал быў падноўлены і падрыхтаваны да выкарыстання ў ваенных дзеяннях.
Археалагічнае даследванне thumb|250px|Агульны выгляд археалагічнага помніка. Першым думку аб тым, што паселішча Хедэбю знаходзіцца на месцы паўкруглага вала, выказаў дацкі археолаг Софус Мюлер пасля ўважлівага агляду комплексу ў 1897 г. Яго правасць пацвердзіла Іагана Местарф, дырэктар Кільскага музея айчынных старажытнасцей, якая арганізавала першыя даследаванні гарадзішча ў 1900 г. Раскопкі працягваліся 16 сезонаў, аж да 1915 г., калі працы былі перапынены Першай сусветнай вайной. У рамках гэтых даследаванняў у 1908 г. дырэктар Кільскага музея Фрыдрых Кнор раскапаў унікальнае камернае пахаванне ў ладдзі.
Вывучэнне гарадзішча аднавілася ў 1930 і працягвалася да 1939 г. спачатку пад кіраўніцтвам Густава Швантэса, а затым — Герберта Янкуна. Тым часам былі сфармуляваны асноўныя пытанні гісторыі раннесярэднявечнага горада і атрыманы першапачатковыя даныя пра пачатак і канец культурнай актыўнасці на гарадзішчы, пра гісторыю забудовы і структуру паселішча, пра яго гандлёвую і рамесную актыўнасць, таксама як і пра сацыяльную і дэмаграфічную структуру насельніцтва. Даследаванні Янкуна ўключалі два разведачныя равы, якія праразаюць усё гарадзішча і перасякаюцца пад прамым вуглом, шэраг шурфаў, а таксама некалькі раскопаў, з якіх асаблівай увагі заслугоўваюць паўднёва-заходні раскоп, які выявіў 10 камерных пахаванняў у самым высокім месцы гарадзішча і цэнтральны раскоп, які зафіксаваў будаўнічую сітуацыю з некалькімі будаўнічымі гарызонтамі, шэрагам хат, якія добра прасочваюцца, студнямі, умацаванымі берагамі ручая.
У 1959—1969 гг. было даследавана Паўднёвае паселішча па-за межамі паўкруглага вала і значная частка цэнтральнага гарадзішча.
У 1979—1980 гг. пад кіраўніцтвам дырэктара Археалагічнага музея зямлі Шлезвіг-Гольштэйн Курта Шыцэля былі праведзены працы ў гавані Хедэбю і, у тым ліку, выяўлены, падняты на паверхню і закансерваваны два каркасы караблёў.
Важную частку навуковай дзейнасці ў Хедэбю складаюць геафізічныя даследаванні. У 1981 г. падчас санарнага сканіравання гавані быў выяўлены трэці каркас карабля. У 2002 г. распачаты геафізічныя даследаванні ўсёй тэрыторыі ўнутры паўкруглага вала. На гэты момант яны дапамаглі ўдакладніць важныя звесткі, які тычацца структуры паселішча, інтэнсіўнасці забудовы. Абследаванне паверхні з дапамогай металашукальнікаў у 2006 г. дазволіла адкарэктаваць уяўленні аб пачатку культурнай дзейнасці ў Хедэбю (знаходкі візантыйскіх пячатак другой паловы VIII ст.). У 2005 г. у месцах геамагнітных анамалій на гарадзішча распачаты раскопкі.
У 1985 г. быў створаны Музей вікінгаў Хедэбю ў якім прадстаўлены найважнейшыя знаходкі. Асноўныя археалагічныя калекцыі захоўваюцца ў Археалагічным музеі зямлі Шлезвіг-Гольштэйн у замку Готарф. У 2006 г. быў рэканструяваны ўчастак гарадзішча на месцы раскопак Курта Шыцэля — адноўлена некалькі хат, адкрытых падчас даследавання.
Структура і развіццё паселішча thumb|250px|Рэканструяванае жыллё вікінгаў у Хедэбю. Помнік складаецца з гарадзішча, акружанага паўкруглым валам, паўднёвага паселішча па-за валам, вялікага грунтавога магільніка на поўдзень ад гарадзішча, камернага і грунтавога магільнікаў у паўднёва-заходняй частцы гарадзішча, нявызначанага ўмацавання з пахаваннямі на поўнач ад вала (т.зв. Hochburg) і чатырох рунічных камянёў.
Першапачатковае ядро паселішча размешчана на абодвух берагах дробнага ручая, які праходзіць праз тэрыторыю гарадзішча з захаду на ўсход. Вельмі добрая захаванасць дрэва для IX ст. (у параўнанні з амаль не захаванымі пластамі X ст.) дазваляе даволі дакладна рэканструяваць будаўнічую сітуацыю першых фаз развіцця горада. Правільная планіроўка, працы па ўмацаванні берагоў ручая, старанна сканструяваныя вуліцы са складаным драўляным насцілам і масткамі гавораць пра існаванне плана будаўніцтва горада, магчыма звязанага з каралём Годфрэдам.
У Хедэбю вядомыя ўсе тыпы т.зв. «доўгіх хат» і гарадскіх будаўнічых тэхнік эпохі вікінгаў. У перыяд росквіту ў Хедэбю жылі прыкладна 1000 чалавек. У апошнія гады быў перагледжаны тэзіс пра выключна гандлёва-рамесны характар паселішча, аднак знаходкі сведчаць пра надзвычай шырокія гандлёвыя сувязі яго жыхароў: серыі знаходак паказваюць на актыўную камунікацыю са Скандынавіяй, Фрызскімі астравамі, саксамі, франкамі і славянамі. Цалкам верагодна, што прадстаўнікі гэтых соцыумаў маглі ўвесь час пражываць на тэрыторыі горада.
У X ст. Хедэбю становіцца найбуйнейшым вядомым нам цэнтрам у рэгіёне: чаканка ўласнай манеты, будаўніцтва магутных умацаванняў, ушчыльненне і пашырэнне гарадской забудовы (пашыраецца да 24 га, узнікае вялікі рамесны квартал), пашырэнне гавані — усё гэта сведчаць пра асаблівы статус паселішча.
У XI ст. Хедэбю страчвае сваё значэнне і гарадскія функцыі пераходзяць да Шлезвіга, які з’яўляецца на паўночным беразе фіёрда Шлей.
Літаратура Arents U. Die Grabfunde von Haithabu, Kr.Schleswig. Kiel, 1992 (Diss.Univ.Kiel) Drews U., Schultze J., Zich B. Schaufenster einer frühen Stadt. Museum Haithabu. in: :de:Archäologie in Deutschland (AiD). Konrad Theiss, Stuttgart 2005,6, 72ff. ISSN 0176-8522 Graham-Campbell J.A. (ed.) Cultural Atlas of the Viking World. Oxford, 1994 ISBN CN 6699 Jankuhn H. Haithabu: Ein Handelsplatz der Wikingerzeit. Neumünster, 1986 ISBN 3-529-01813-9 Laur W., Radtke Ch., Stoklund M., Wiechmann R. Haiðaby. In: :de:Reallexikon der Germanischen Altertumskunde Bd. 13 Heinrich Beck, Dieter Geuenich, Heiko Steuer, Dieter Timpe (Hrsg.). de Gruyter, Berlin — New York 1999. ISBN 3-11-016315-2
Спасылкі
Сайт Музея вікінгаў Хедэбю Сайт Рэгіянальных музеяў у замку Готарф Хедэбю на Archaeology in Europe
Катэгорыя:Колішнія гарады Катэгорыя:Гісторыя Даніі Катэгорыя:Вікінгі Катэгорыя:Гісторыя Шлезвіг-Гольштэйна Катэгорыя:Археалагічныя аб’екты ў Германіі