Адам Ежы (Адам Юрый) Чартары́йскі (,  — ) — польскі і расійскі дзяржаўны дзеяч, пісьменнік. У сваіх справах намагаўся аднавіць Рэч Паспалітую ў межах 1772 года.

Біяграфія Паходзіў з роду князёў Чартарыйскіх, сын Адама Казіміра.

thumb|left|Адам Ежы Чартарыйскі Атрымаў выдатную адукацыю (сярод яго настаўнікаў былі паэты Ф. Карпінскі, Ф. Князьнін). Падарожнічаў па Чэхіі, Германіі, Францыі, Англіі, Шатландыі.

Удзельнічаў у абарончай вайне супраць Расіі (1792), потым эмігрыраваў. Каб захаваць маёнткі ад канфіскацыі расійскімі ўладамі, Чартарыйскія былі вымушаны паслаць у Пецярбург Адама Ежы і яго брата Канстанціна Адама як заложнікаў. Быў запісаны ў конна-гвардзейскі полк, у 1796 годзе стаў камер-юнкерам і ад’ютантам вялікага князя Аляксандра Паўлавіча (будучы імператар Аляксандр I), з якім пасябраваў. У 1799 годзе прызначаны пасланнікам у Сардзінію. Пасля ўступлення на трон Аляксандра I (1801) выкліканы ў Пецярбург і стаў адным з бліжэйшых дарадцаў імператара. З 1802 года таварыш міністра, у 1804—1806 гадах міністр замежных спраў Расійскай імперыі. Як куратар Віленскай навучальнай акругі (1803—1824) заахвочваў стварэнне сеткі польскамоўных школ — асяродка выхавання моладзі ў польскім патрыятычным духу.

Ідэйны натхняльнік 3-й антыфранцузскай кааліцыі, распрацаваў яе палітычную канцэпцыю. Дзякуючы яму Расія заключыла саюз з Аўстрыяй і абвясціла вайну Напалеону I (1805). Склаў план пасляваеннай перабудовы Еўропы, які прадугледжваў аднаўленне Рэчы Паспалітай у палітыка-дынастычнай уніі з Расійскай імперыяй. На аўдыенцыі 5(17) красавіка 1810 года выклаў план адраджэння Вялікага Княства Літоўскага. Выступаў супраць неадкладнай рэалізацыі плана Агінскага (1811), адмоўна ставіўся да «літоўскіх» планаў цара.

У час вайны 1812 года выехаў у Карлсбад, потым у Вену. У лістах да Аляксандра I прапаноўваў аднавіць Польскае каралеўства і Вялікае Княства Літоўскае ў іх старажытных межах, з мадыфікаванай Канстытуцыяй 3 мая (1791), Статутам Вялікага Княства Літоўскага, 100-тысячным войскам. Пасля разгрому Напалеона і заняцця расійскім войскам Варшаўскага княства ўдзельнічаў у арганізацыі там новай адміністрацыі. Дарадца імператара Аляксандра I па польскім пытанні на Венскім кангрэсе, рэдактар Канстытуцыі Каралеўства Польскага. Атрымаў пасаду сенатара-ваяводы і члена Адміністрацыйнай рады ў Варшаве.

Карыстаючыся блізкасцю да імператара, у 1823 годзе паспрабаваў умяшацца ў справу зняволеных філаматаў. Не дамогшыся вынікаў, падаў у адстаўку з пасады куратара Віленскай навучальнай акругі. Пасля смерці Аляксандра I (1825) адзін з лідараў легальнай кансерватыўнай апазіцыі супраць антыпольскай палітыкі Мікалая I.

Падчас паўстання 1830—1831 гадоў узначаліў Нацыянальны ўрад узначальваў Сенат і кансерватыўны Нацыянальны ўрад у Варшаве, перашкаджаў правядзенню сацыяльных і палітычных пераўтварэнняў. Пасля серыі ваенных няўдач лічыў немэтазгодным працягваць баявыя дзеянні супраць Расіі, а раіў дамагацца захавання ў Каралеўстве Польскім канстытуцыйных свабод пад скіпетрам Габсбургаў, Гогенцолернаў і нават Раманавых шляхам дыпламатычных дэмаршаў да заходнееўрапейскіх краін.

З 1831 года ў эміграцыі. Спачатку эмігрыраваў у Англію, пасля ў Францыю. За ўдзел у паўстанні пазбаўлены княжацкага тытула і дваранскай годнасці ў Расійскай імперыі. Яго парыжская рэзідэнцыя («Атэль Ламбер»), стала цэнтрам канспіратыўнай дзейнасці кансерватыўна-манархічнай плыні польскай палітычнай эміграцыі. Развіваў праграму аднаўлення незалежнай Рэчы Паспалітай пры падтрымцы заходнееўрапейскіх дзяржаў, аднак быў праціўнікам самастойнага польскага нацыянальна-вызваленчага руху і рэвалюцыйных пераўтварэнняў. Развіваў ідэі славянскага федэралізму (без Расіі). Наладзіў сувязі з каўказскімі горцамі, румынамі, сербамі, Турцыяй, выступаў за дзяржаўную незалежнасць балканскіх народаў ад Турцыі, Аўстрыі і Расіі. Падтрымліваў рэвалюцыйныя рухі 1848—1849 гадоў у еўрапейскіх дзяржавах. Мецэнат літаратуры і навукі, у эміграцыі арганізаваў літаратурнае, навуковае, педагагічнае, дабрачыннае таварыствы. Аўтар палітычных і публіцыстычных твораў, успамінаў, навуковых даследаванняў, вершаў.

Крыніцы

Літаратура

Мемуары Князя Адама Чарторижского и его переписка с императором Александром I. Т. 1—2. М., 1912—13. Handelsman M. Adam Czartoryski. T. 1—3. Warszawa. 1948—50. Kukiel M. Książe Adam. Warszawa, 1993. Skowronek J. Adam Jerzy Czartoryski. Warszawa. 1994. Dziewanowski M. K. Książe wielkich nadziei: Biografia księcia Adama Jerzego Czartoiyskiego. Wrocław, 1998.

Катэгорыя:Міністры замежных спраў Расійскай імперыі Адам Ежы Катэгорыя:Удзельнікі паўстання 1830—1831 гадоў Адам Ежы Катэгорыя:Папячыцелі Віленскай навучальнай акругі