Караль Канстанцінавіч Незабытоўскі (;  — ) — палітычны і дзяржаўны дзеяч Расійскай імперыі і Польшчы, буйны землеўласнік і арганізатар сельскагаспадарчай дзейнасці ў Беларусі. Адзін з лідараў Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Ганаровы міравы суддзя Бабруйскага павета (1897—1917). Дэпутат (1911—1912) Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі ад Мінскай губерні. Уваходзіў у палітычную групоўку «краёўцаў», а пазней «віленскіх кансерватараў». Міністр сельскай гаспадаркі і дзяржаўных маёмасцей Польшчы (1926—1929), сенатар Польшчы ад Палескага ваяводства (1928—1930). Належаў да кальвінісцка-каталіцкага шляхецкага роду Незабытоўскіх гербу «Любіч». Род належаў да той галіны роду Незабітоўскіх, якая валодала маёнткамі ў Новагародскім ваяводстве і Менскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага і пісала сваё прозвішча як «Незабытоўскія».

Паходжанне і сям’я Нарадзіўся 4 лістапада 1865 г. у родавым маёнтку Аляшэвічы ў Гродзенскім павеце Гродзенскай губерні (Расійская імперыя)Piber, A. Niezabytowski Karol Stanisław… S. 105.. Паводле іншых дадзеных нарадзіўся ў Гродне. Поўнае імя, якое атрымаў пры хросце ў каталіцтва, было «Караль-Станіслаў». Бацькам быў дваранін-каталік і заможны маянтковец Канстанцін Крыштафавіч Незабытоўскі, а маці — дваранка-каталічка Сафія Каменская. Караль таксама меў яшчэ двух братоў — Стэфана (Станіслава) і Людвіка.

Праз год пасля сканчэння ўніверсітэта, у 1890 г. у Вільні Караль Незабытоўскі ажаніўся з дваранкай-каталічкай Сафіяй Ленскай, род якой адносіўся да сярэднезаможнага карэннага дваранства Мінскага павета Мінскай губерні, а раней — Менскага ваяводства ВКЛ. Ад жонкі Сафіі меў пяць дзяцей: Крыштаф Незабытоўскі (1900—1920) — памёр нежанатым; Міхал Незабытоўскі (1901—1916) — памёр нежанатым; Марыя Незабытоўская (1903—1994) — выйшла за Яна Балінскага-Юндзіла (1899—1974); Гелена-Ізабэла Незабытоўская (1906—2000) — у 1935 г. выйшла за графа Генрыка Тышкевіча (1909—?); Ірэна-Эльжбета Незабытоўская (1907—1997) — выйшла за графа Вінцэнта О’Рурка (1908—1979).

Адукацыя і выхаванне У 1879 г. разам са сваім старэйшым братам Стэфанам Незабытоўскім паступіў у 4-ы клас класічнай гімназіі ў Вільні, дзе вучыўся з Браніславам Пілсудскім і яго братам Юзафам Пілсудскім. Пасля сканчэння гімназіі ў 1884 г. паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, які скончыў з адзнакай у 1889 г. Пасля ўніверсітэта заняўся кіраваннем гаспадаркай у сямейных маёнтках у Мінскай і Гродзенскай губернях, галоўным цэнтрам якіх былі Бацэвічы ў Бабруйскім павеце Мінскай губерні.

Маёнткі Пасля смерці бацькі да Караля перайшлі па спадчыне родавы маёнтак Бацэвічы ў Бабруйскім павеце Мінскай губерні, а таксама родавы маёнтак Аляшэвічы ў Гродзенскім павеце Гродзенскай губерні Расійскай імперыі. Пасля шлюбу з атрымаў за жонкай маёнтак Хотаў у Мінскім павеце Мінскай губерні. У пачатку XX ст. набыў у графаў Забелаў маёнтак Ольса (палац, сад і 900 дзесяцін зямлі) у Бабруйскім павеце Мінскай губерніМельников, И. Шляхтич земли бобруйской ., што было рэдкасцю ў краі, бо з 1864 г. існаваў закон паводле якога каталікі не мелі права купляць зямлю ў заходніх губернях Расійскай імперыі.

Пасля Рыжскага мірнага дагавора (1921), які падзяляў Беларусь на часткі, на польскім баку засталіся толькі маёнткі Аляшэвічы і Хотаў. У міжваеннай Польшчы Незабытоўскі дадаткова ў Аркушаве (пад Гнезнам) купіў зямлю ў памеры 84 моргаў, якая да часу аднаўлення польскай дзяржавы была тэрыторыяй Германскай імперыі і належала да нацыяналізацыі нямецкім уласнікамPiber, A. Niezabytowski Karol Stanisław… S. 106; Мельников, И. Шляхтич земли бобруйской ..

Гаспадарчая і службовая дзейнасць Стаў членам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (МТСГ), а пасля і адным з уплывовых яго кіраўнікоў. Сваякі жонкі — Ленскія — таксама былі важнымі членамі МТСГ. З 1901 г. быў і актыўным членам Таварыства ўзаемнага страхавання (ад агню) — арганізацыі пры МТСГ. Паспяхова займаючыся гаспадаркай у маёнтках, стаў значным прадпрымальнікам у Мінскай і Гродзенскай губернях: у пачатку XX ст. у Бацэвічах былі млын, маслабойня, цагельны завод, фабрыка мэблі, пры якой была арганізавана бальніца для работнікаў. У 1909 г. замест драўлянага палаца пабудаваў у Бацэвічах новы, каменны палац, дзе меў шмат антыкварнай мэблі і каштоўных прадметаў мастацтва (асабліва ганарыўся сваім старажытным аўстрыйскім фарфорам). Маючы вялікія капіталы, падтрымліваў фінансава безпрацэнтнымі крэдытамі тых каталіцкіх маянткоўцаў, якім патрабаваліся грошы, каб яны не страцілі маёнткі праз банкруцтва. Гэта было распаўсюджанай традыцыяй у Паўночна-Заходнім краі: банкруцтва каталіцкіх уласнікаў ва ўмовах немагчымасці каталікам набываць зямлю зніжала працэнт каталіцкіх землеўласнікаў у губерні, а значыць — узмацняла б уплыў расійскай улады і рускіх землеўласнікаў.

Па прызначэнні расійскіх улад у 1897—1917 гг. займаў пасаду ганаровага міравога суддзі Бабруйскага павета, што звычайна было максімальным для каталікоў, бо існавала шмат абмежаванняў для каталікоў рабіць службовую кар’еру ў заходніх губернях імперыі. Аднак пасаду суддзі цаніў, бо мог бы і адмовіцца ў любы момант.

У 1897 г. у Бабруйску пабудаваў прыватны гатэль «Бярэзіна і Еўрапейская» (тады на вуглу вуліц Альхоўскай і 2-й Слуцкай, зараз на вуглу вуліц Чангарскай і Карла Маркса), які ў народзе яе называлі «Парыж».

Палітычная дзейнасць

Актывіст «краёўцаў» Рэвалюцыя 1905—1907 гг. у Расійскай імперыі адкрыла магчымасці для каталікоў займацца адкрытай палітычнай дзейнасцю ў Дзяржаўнай Думе і Дзяржаўным Савеце Расйскай імперыі. Лідары Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі сталі галоўнымі распрацоўшчыкамі пастулатаў ліберальна-кансерватыўнай плыні «краёўцаў» і галоўнымі арганізатарамі стварэння Краёвай партыі Літвы і Беларусі (1907—1908). Караль Незабытоўскі стаў адным з членаў-заснавальнікаў партыі.

У 1911 г., калі Раман Скірмунт, віцэ-старшыня МТСГ, быў вымушаны скласці мандат дэпутата ад Мінскай губерні ў Дзяржаўны Савет Расійскай імперыі, Караль Неазабытоўскі, які на выбарах дэпутатаў у 1911 г. заняў другое месца, як намеснік заняў замест Скірмунта месца дэпутата (1911—1912) ад Мінскай губерні ў Дзяржаўны Савет і даслужваў яго кадэнцыю да 1912 г., уваходзіў у склад дэпутацкай групоўкі «Кола Літвы і Русі» ў Дзяржаўным Савеце Расійскай імперыі. У часы Першай сусветнай вайны, верагодна, стала знаходзіўся ў Мінскай губерні.

Пасля падзення расійскага самадзяржаўя (1917—1918) Пасля Лютаўскай рэвалюцыі (1917) у Расіі Незабытоўскі разам з іншымі лідарамі Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (МТСГ) падтрымаў ідэю палітычнай суб’ектнасці Беларусі. У створанай у маі 1917 г. Польскай радзе Мінскай зямлі, у склад якой увайшоў і Незабытоўскі, уплыў атрымалі лідары Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі і адхілі ў шэрагах «польскай рады» сацыялістычныя лозунгі і ідэі прыхільнікаў Польскай нацыянальна-дэмакратычнай партыі «эндэкаў» (аб інкарпарацыі Беларусі ў склад Польшчы), а наадварот — насадзілі ў шэрагах «польскай рады» ідэю палітычнай суб’ектнасці Беларусі, дапускаючы толькі роўнапраўны дзяржаўны саюз Беларусі з ПольшчайJurkowski, R. Rada Polska … С. 72—73.. Незабытоўскі стаў членам Саюзу маянткоўцаў Мінскай губерні (на чале з графам Ежы Чапскім), дзе было шмат і членаў МТСГ. Пасля Кастрычніцкага перавароту (1917) і ўсталявання ў Петраградзе ўлады бальшавікоў, дэкрэтам аб зямлі ад 26 кастрычніка 1917 г. скасоўвалася прыватная ўласнасць на зямлю, што Незабытоўскім было прынята негатыўна.

Пасля таго, як у снежні 1917 г. Польская рада Мінскай зямлі (на чале якой было шмат лідараў МТСГ) устанавіла свой кантроль над I Польскім корпусам генерала Юзафа Доўбар-Мусніцкага, штаб-кватэрай якога быў БабруйскJurkowski, R. Rada Polska … С. 76., Караль Незабытоўскі быў прызначаны 30 красавіка 1918 г. членам Ліквідацыйнай маёмаснай камісіі корпуса, а таксама ўваходзіў у склад грамадзянскага кіраўніцтва горада Бабруйска і арганізаваў у Бабруйску польскамоўную гімназію. На тэрыторыях, занятых I Польскім корпусам, працэс захопу сялянамі зямлі былых прыватных маёнткаў быў хутка спынены, а маёнткі вярталіся да былых уласнікаў.

Разумеючы часовасць поспехаў Доўбар-Мусніцкага над бальшавікамі, лідары МТСГ і «польскіх рад» пачалі шукаць збліжэнне з паўнезалежнай пранямецкай польскай Рэгенцкай Радай Каралеўства Польскага (1916—1918) у Варшаве і немцамі, кіруючыся прынцыпам «абы не Расія»Jurkowski, R. Rada Polska … С. 78.. Лідары МТСГ, кіруючыся таксама прынцыпам захавання палітычнай суб’ектнасці Беларусі, праз сваіх дэлегатаў ад Польскай рады Мінскай зямлі заявілі польскай Рэгенцкай Радзе аб жаданні выхаду Беларусі з-пад уплываў бальшавіцкай Расіі, але «без намеру непасрэднага ўключэння Беларусі ў склад Польшчы», што азначала стварэнне польска-беларускай федэрацыіJurkowski, R. Rada Polska … С. 79..

Вынікам дамоўленасці з нямецкім камандаваннем стаў наступ у лютым 1918 г. нямецкіх войск на Мінск. Адначасова лідары МТСГ імкнуліся паўплываць на генерала Юзафа Доўбар-Мусніцкага, каб не перашкаджаў руху нямецкіх войск да Дняпра. З гэтай місіяй у другой дэкадзе лютага 1918 г. у Бабруйск, галоўную стаўку I Польскага корпуса, паехала дэлегацыя ад Польскай рады Мінскай зямлі (Геранім Кеневіч (1867—1925), Караль Незабытоўскі (1865—1952), Чэслаў Урбанавіч Крупскі), Польскай рады Віленскай зямлі (Вітальд Копец), Польскай рады Магілёўскай зямлі (Канстанцін Гардзялкоўскі) і інш., да якой хутка далучыліся Ежы Асмалоўскі і Козел-Паклеўскі, якія неўзабаве вярнуліся з місіі ў Варшаву да Рэгенцкай Рады. Дэлегацыя паставіла на мэту пераканаць Доўбар-Мусніцкага ў непазбежнаці ліквідацыі Начпола (Naczelny Polski Komitet Wojskowy, Naczpol) і схіліць польскага генерала да супрацоўніцтва з немцамі. Кіраўніцтва Польскай рады Мінскай зямлі пайшло яшчэ далей і паслала з Мінска ў Бабруйск да сваёй дэлегацыі тэлеграму, дзе гаварылася, што, калі Доўбар-Мусніцкі не згодзіцца з прапановамі дэлегацыі «польскіх рад», то трэба прызначыць на месца начальніка I Польскага корпуса іншага афіцэра. Тэлеграма была перахоплена, дастаўлена генералу Доўбар-Мусніцкаму і выклікала заканамернае абурэнне, але ў канечным выніку Доўбар-Мусніцкі згадзіўся выканаць прапановы дэлегацыі не перашкаджаць немцам.

У часы нямецкай улады ў Мінскай губерні (1918) 18-19 чэрвеня 1918 г. у Мінску, занятым нямецкімі войскамі, прысутнічаў на другім Польскім сходзе, арганізаваным лідарамі Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, што былі кіраўнікамі Польскай рады Мінскай зямлі. Другі Польскі сход быў арганізаваны з мэтай канчатковага выцяснення са складу выканаўчага камітэта Польскай рады Мінскай зямлі прыхільнікаў Польскай нацыянальна-дэмакратычнай партыі «эндэкаў» (з іх ідэяй інкарпарацыі Беларусі ў склад Польшчы) і поўнага насаджэння ў шэрагах «польскай рады» ідэі палітычнай суб’ектнасці Беларусі, дапускаючы толькі роўнапраўны дзяржаўны саюз Беларусі з Польшчай. Караль Незабытоўскі, з’яўляючыся ўплывовым членам МТСГ, быў выбраны 18 чэрвеня ў склад выканаўчага камітэта Польскай рады Мінскай зямліWoyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 337; Jurkowski, R. Rada Polska Ziemi Mińskiej… С. 68—72..

Удзельнічаў у аднаўленні карпарацыйнай арганізацыі дваранства Мінскай губерні ў 1918—1920 гг. і выбараў графа Ежы Чапскага на пасаду мінскага губернскага маршалка (1918—1920).

Спроба стварэння Вялікага Княства Літоўска-Беларускага (1918)