Нікола I Петравіч (7 кастрычніка 1841 — 2 сакавіка 1921) — другі князь Чарнагорыя з 1860 па 1910, а затым першы кароль Чарнагорыі з 1910 па 1918 з дынастыі Петравічаў-Негашаў.

Біяграфія Нарадзіўся будучы кароль у гарадку Негушы — на радзіме дынастыі Петравічаў (Негашаў). Яго бацькам быў Мірка Петравіч-Негаш, брат князя Данілы I Петравіча, а маці — Анастасія Марцінаўна.

Нікола вучыўся ў ліцэі Людовіка Вялікага ў Парыжы (паступіў у 1856 годзе). Ён знаходзіўся там, калі ў жніўні 1860 года, пасля забойства яго дзядзькі Данілы I Петравіча-Негаша, быў абвешчаны князем Чарнагорыі. У лістападзе таго ж года малады князь ажаніўся з дачкой чарнагорскага ваяводы Пятра Вукаціча, Міленай. У 1862 годзе Нікола I выступіў у падтрымку герцагавінскіх паўстанцаў Лукі Вукалавіча і адкрыў ваенныя дзеянні супраць Турцыі. Камандаванне чарнагорскімі кантынгентамі князь усклаў на свайго бацьку Мірку Петравіча-Негаша, які за першыя ваенныя поспехі атрымаў мянушку «Шпагі Чарнагорыі». Аднак далейшая кампанія развівалася няўдала. Урэшце, туркі ўзялі Цэтынэ, і Ніколе прыйшлося падпісаць невыгодны мір. Ад поўнага зневажэння Чарнагорыю выратавала дыпламатычнае ўмяшанне Расійскай імперыі.

Каралеўскі тытул 28 жніўня 1910 года, у юбілейны год 50-годдзя свайго кіравання, па агульнаеўрапейскай традыцыі, а таксама ўмацоўваючы сваю дзяржаўную ўладу, Нікола I абвясціў княства Чарнагорыя каралеўствам, і стаў яго першым каралём. Праз 4 гады, напярэдадні Першай сусветнай вайны, ён прысвоіў сабе надзвычайныя паўнамоцтвы самадзяржаўнага манарха. Тады ж Мікалай II дараваў каралю чын генерал-фельдмаршала Рускай Арміі. Кароль Нікола I стаў перадапошнім рускім фельдмаршалам (пасля яго званне было прысвоена толькі румынскаму манарху Каралю I) і адзіным, які дажыў да рэвалюцыі 1917 года.

Выгнанне У 1917 годзе, паводле Дэкларацыі Корфу, было абвешчана пра зліццё Чарнагорыі з Сербіяй. 26 лістапада 1918 года Чарнагорыя афіцыйна ўвайшла ў склад Каралеўства Сербаў, Харватаў і Славенцаў. (Разам з тым, гэты дзяржаўна-прававы акт быў аднабаковым і азначаў звяржэнне чарнагорскай манархіі.)

Нікола быў вымушаны з’ехаць у Францыю, але працягваў прэтэндаваць на трон да сваёй смерці ў Анцібе праз тры гады. Ён быў пахаваны ў Італіі. У 1989 прах Ніколы, каралевы Мілены, і двух іх дзяцей быў перапахаваны ў Чарнагорыі.

Сям’я Ад шлюбу Ніколы I з Міленай Вукаціч нарадзіліся дзеці: Зорка (1864—1890), у 1883 выйшла замуж за сербскага прынца-эмігранта, будучага караля Пятра I; Міліца (1866—1951), у 1889 выйшла замуж за вялікага князя Пятра Мікалаевіча; Анастасія (1867—1935), у 1889 выйшла замуж за Георгія Максіміліянавіча, герцага Лейхтэнбергскага, у 1907 другім шлюбе з вялікім князем Мікалаем Мікалаевічам; Марыца (1869—1885); Даніла II Аляксандр (1871—1939); Алена (1873—1952), каралева Італіі і Албаніі, імператрыца Эфіопіі, жонка Віктара Эмануіла III; Ганна (1874—1971), у 1897 выйшла замуж за Франца Іосіфа Батэнберга; Сафія (2 мая 1876 — 14 чэрвеня 1876); Мірка (1879—1918), бацька Міхаіла Чарнагорскага і дзед Мікалая Чарнагорскага, цяперашняга спадчынніка прастола; Ксенія (1881—1960); Вера (1887—1927); Пётр (1889—1932).

Спасылкі

Негашы на сайце Gotha

Катэгорыя:Выпускнікі ліцэя Людовіка Вялікага Катэгорыя:Кіраўнікі Чарнагорыі Катэгорыя:Паэты XIX стагоддзя Катэгорыя:Паэты Чарнагорыі Катэгорыя:Сербскамоўныя паэты Катэгорыя:Ганаровыя члены Санкт-Пецярбургскай акадэміі навук Катэгорыя:Дынастыя Негашаў Катэгорыя:Ганаровыя члены Імператарскага праваслаўнага палесцінскага таварыства