Бутон () — востраў у Інданезіі. Размешчаны на паўднёвы ўсход ад Сулавесі. Плошча - 4408 км². Насельніцтва (2010 г.) - 447 408 чал.
Геаграфія і прырода Востраў Бутон месціцца на паўднёвым усходзе інданезійскай правінцыі Паўднёва-Усходні Сулавесі, аддзелены вузкімі пралівамі ад астравоў Сулавесі (7,2 км) і Муна (0,53 км). Даўжыня - 156,8 км, найбольшая шырыня - 54,8 км.
Сучасныя абрысы вострава сфарміраваліся ў выніку чатырох моцных тэктанічных зрухаў, якія пачаліся 201,3—208,5 млн гадоў таму. На Бутоне здабываюць высокаякасны прыродны асфальт. Значная частка вострава пакрыта дажджавымі лясамі, у якіх захаваліся аноа, дзікая свіння бабіруса, рэдкія віды паўзуноў. Узбярэжжа характэрызуецца наяўнасцю скал, пясчаных пляжаў і мангравых зараснікаў.
Гісторыя У 2 тысячагоддзі да н. э. востраў Бутон быў населены старажытнымі аўстранезійцамі, прамымі нашчадкамі якіх з'яўляецца мясцовая народнасць бутонцы. Яе прадстаўнікі размаўляюць на трох асобных бутонскіх мовах. У XIV ст. на Бутоне склалася асобная дзяржава, якой кіравала дынастыя яванскага паходжання. У 1542 г. кіраўнікі Бутона прынялі іслам і тытул султанаў.
Некаторы час Бутон знаходзіўся ў залежнасці ад валадароў Малукскіх астравоў, аднак у XVII ст. вызваліўся з-пад апекі. У далейшым значны ўплыў на Бутонскі султанат аказвалі Нідэрланды. У 1667 г. султаны былі вымушаны падпісаць з галандцамі пагадненне аб саюзных адносінах.
У 1950 г. Бутон увайшоў у склад незалежнай Інданезіі. У 1960 г. быў вызвалены з пасады апошні бутонскі султан Мухамад Фаліхі.
Інфраструктура Бутон — шчыльна населены востраў, аднак большасць насельніцтва сканцэнтравана на марскім узбярэжжы. Найбуйнейшым паселішчам з'яўляецца горад Бау-Бау (137 118 жыхароў у 2010 г.) на заходнім беразе, злучаны сталай паромнай пераправай з іншымі астравамі Інданезіі. Галоўныя заняткі насельніцтва — сельская гаспадарка, рыбалоўства, гандаль, здабыча прыроднага асфальту, рубка лесу. Развіццё турызму прызнана важным напрамкам далейшага эканамічнага развіцця, аднак пакуль яму перашкаджае дрэнна наладжаная сістэма ўнутраннага грамадскага транспарту.
Спасылкі History of Buton Tropical Forest Disturbance J. W. Davidson, The Geology and Prospectivity of Buton Island, S.E. Sulawesi, Indonesia
Катэгорыя:Астравы Інданезіі Катэгорыя:Вялікія Зондскія астравы Катэгорыя:Малайскі архіпелаг