Кры́пта-пахава́льня Радзіві́лаў — пахавальня роду Радзівілаў у крыпце касцёла Божага Цела ў Нясвіжы. Крыпта Радзівілаў — трэцяя па колькасці дынастычных пахаванняў у Еўропе пасля Габсбургаў у Капуцынеркірхе і Бурбонаў у Сен-Дэні.

Найбольш старажытныя саркафагі знаходзяцца бліжэй да ўвахода. Самае першае пахаванне пад касцёлам датавана 1616 годам, а апошняе — 1936 годам, калі тут быў пахаваны апошні ардынат Нясвіжа Альбрэхт Антоні Радзівіл. У крыпце на сённяшні дзень знаходзіцца алтар Нявіннага Зачацця і зарэгістравана 72 труны і саркафагі (у тым ліку два сасуды з унутранымі органамі і адзін рытуальны гроб), адна канопа і адна урна з прахам нашчадка нясвіжскай лініі Антонія Радзівіла (1935—1999), прывезеная з Лондана 8 чэрвеня 2000 года.

Асобнае месца займае труна з нявызначанымі рэшткамі, якія могуць належаць кухару Радзівіла Сіроткі Я. Гермаку або А. Скарульскаму, які стварыў арган для касцёла. Абодва вандравалі з Радзівілам Сіроткам і ў 1583 годзе былі пасвячоны ў рыцары ордэна Святога Гробу ГасподнягаНясвіж — парафія Божага Цела. Catholic.by.

25 кастрычніка 1926 года Юзаф Пілсудскі (1867—1935) паклаў ордэн «Virtuti Militari» IV класа на саркафаг з рэшткамі князя Станіслава Радзівіла (1880—1920), які быў ад’ютантам Пілсудскага і загінуў у час польска-савецкай вайны. Гэтае мерапрыемства было повадам прыезду Пілсудскага ў Нясвіж для важнай сустрэчы з «віленскімі кансерватарамі».

Гісторыя

Пасля пабудовы касцёла ў часы ардынацтва Мікалая Хрыстафора Радзівіла Сіроткі ў сутарэннях быў створаны сямейны маўзалей, які першапачаткова ўяўляў сабой адзін пакой са скляпеннямі, куды можна было трапіць праз асобны люк. У сярэдзіне ХVІІІ стагоддзя ў час праўлення Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі была праведзена маштабная рэканструкцыя склепа: падвальныя памяшканні былі аб'яднаны калідорамі, пабудаваны новы ўваход з лесвіцай, усталяваны малы алтар, а сам маўзалей быў агароджаны металічнымі кратамі і зашклёны.

У 1830—1840-я гады клопат пра крыпту ўзяў на сябе муж Стэфаніі Радзівіл Леў Пятровіч Вітгенштэйн. Паводле яго распараджэння ў 1845 годзе мясцовыя сталяры зрабілі трывалыя драўляныя футляры для ўсіх адзінарных трун. Як падвойныя труны, так і іх акоўка былі пафарбаваны чорнай алейнай фарбай, на іх былі ўсталяваны жалезныя зашчапкі з вісячымі замкамі для прадухілення раскрадання марадзёрамі.

У 1905 годзе па ініцыятыве нясвіжскага ардыната Юрыя Радзівіла маўзалей быў зноў адрэстаўраваны і адкрыты. Разбураныя саркафагі былі змешчаны ў новыя драўляныя скрыні, абматаныя дротам і апячатаныя пломбамі. Большасць гэтых пломб была сарвана ў 1953 годзе, калі склеп аглядала спецыяльная камісія.

Мастацкае афармленне

Маўзалей аформлены дэкаратыўнымі насценнымі роспісамі. Стратыграфічныя даследаванні паказалі наяўнасць шасці этапаў роспісу памяшканняў. Самы каштоўны барочны пласт датуецца сярэдзінай ХVІІІ стагоддзя і выкананы ў халодных ружовых адценнях. Сцены ўпрыгожаны намаляванымі картушамі з выявамі княжацкіх мантый і карон, у якія ўманціраваны мемарыяльныя пліты (эпітафіі) са стука і каменя. У ХІХ стагоддзі роспісы былі абноўлены ў больш яркіх колерах (вохра, чырвоны, сіні), а ў 1905 годзе картушы былі перамаляваны даволі груба і схематычна.

Сярод 72 саркафагаў крыпты толькі 14 выраблены з металу. Адзін з іх (№ 5) з'яўляецца ўнікальным творам мастацтва для тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага: яго плоскасці пазалочаны і распісаны чорным контурным малюнкам з фігуркамі анёлаў, якія пускаюць мыльныя бурбалкі. Разам з багатым раслінным фонам і княжацкімі каронамі гэты малюнак меў на мэце стварыць атмасферу вечнага спакою і сімвалізаваў мімалётнасць чалавечага жыцця.

Даследаванні 2016—2017 гадоў

У 2016—2017 гадах міжнародная група даследчыкаў (літоўскія антраполагі сумесна з супрацоўнікамі музея-запаведніка «Нясвіж») правяла комплекснае вывучэнне 11 саркафагаў крыпты з адкрыццём трун і аналізам астанкаў. Вынікі даследаванняў абверглі многія ўстояныя гістарычныя міфы і ўяўленні пра прыналежнасць целаў.

У саркафагу № 1, які традыцыйна лічыўся месцам пахавання заснавальніка крыпты Мікалая Хрыстафора Радзівіла Сіроткі, былі знойдзены астанкі мужчыны ў вопратцы канца ХVІІ — пачатку ХVІІІ стагоддзя (на галаве мелася аксамітавая ярмолка з перфараванымі галунамі і залатымі стужкамі), што выключае прыналежнасць цела Сіротку. У саркафагу № 5 замест 46-гадовага Альбрэхта Уладзіслава Радзівіла выявілі астанкі юнака 16—18 гадоў, апранутага ў добра захаваны дублет іспанскай моды мяжы ХVІ—ХVІІ стагоддзяў, разам з якім ляжалі фрагменты касцей яшчэ аднаго чалавека. Магчыма, цела належала Хрыстафору Мікалаю Радзівілу, які памёр у Балонні ў 1607 годзе ад воспы. У саркафагу № 3 знаходзіліся астанкі невысокай жанчыны з прыкметамі дзіцячага захворвання (гіпаплазія эмалі), а ў саркафагу № 72 — мужчыны старэйшага за 50 гадоў у французскім касцюме ХVІІІ стагоддзя з ордэнамі Белага Арла і Святой Ганны. Самай нечаканай знаходкай стала мумія невызначанага полу ў саркафагу № 2, абмотаная бандажом з валакна рамі (якое выкарыстоўвалася ў Старажытным Егіпце) і прасякнутая смалой іглічных дрэў. У саркафагу № 6, замест спадарожніка Сіроткі Андрэя Скарульскага, выявілі мужчыну ў вопратцы ХVІІІ стагоддзя з зоркай ордэна Святога Губерта.

У той жа час даследчыкам удалося пацвердзіць асобы шэрагу іншых выдатных прадстаўнікоў роду: У саркафагу № 11 спачывае Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька. Яго цела муміфікавана і апранута ў сармацкі касцюм (кунтуш і жупан) з зоркай ордэна Белага Арла і шабляй-карабелай. У саркафагу № 15 пахаваны яго брат Геранім Фларыян Радзівіл. Яго цела было забальзамавана, а сэрца вынята (пахавана ў Слуцку). Побач з целам адсутнічалі любыя рэлігійныя атрыбуты, што пацвярджае гістарычныя звесткі пра яго антыклерыкальныя погляды. Ён быў апрануты ў светлую льняную кашулю да пят, галава спачывала на падушцы з бракату, а на нагах былі туфлі на высокім абцасе (каля 4 см). У саркафагу № 17 спачывае Францішка Уршуля Радзівіл. У яе труне былі знойдзены шматлікія рэлігійныя атрыбуты, у тым ліку шкаплер, пояс з цытатай з Евангелля ад Мацвея і фрагмент пергаментнага абраза з выявай Святога Якуба з Маркі. Саркафаг № 19 захоўвае астанкі Караля Станіслава Радзівіла Пане Каханку. На целе былі зафіксаваны прыкметы дыфузнага ідыяпатычнага гіперастозу (атлусценне і дыябет). Ён быў апрануты ў мундзір віленскага ваяводства (цёмна-сіні кунтуш з эпалетамі на чырвонай падкладцы) з фрагментам слуцкага пояса і ордэнамі Белага і Чорнага Арла. У саркафагу № 14 спачывае Мікалай Крыштаф Радзівіл (1695—1715), старэйшы сын Караля Станіслава Радзівіла, які памёр ва ўзросце 20 гадоў. Яго цела было апранута ў саван з жаўтлявага дамасту з расліннымі ўзорамі і шаўковымі туфлямі. Пад галавой ляжала падушачка, набітая галінкамі туі. На грудзях знаходзіўся малы шкаплер з вышытымі манаграмамі Ісуса Хрыста (IHS) і Дзевы Марыі, унутры якога даследчыкі выявілі ўнікальны драўляны медальён (2,5х2 см) з выявай Ігнацыя Лаёлы і шаўковы мяшочак з ладанам.

Гл. таксама :Катэгорыя:Пахаваныя ў крыпце Радзівілаў

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Аудроне Вишняускене.МАВЗОЛЕЙ КНЯЗЕЙ РАДЗИВИЛЛОВ В КОСТЕЛЕ БОЖЬЕГО ТЕЛА В НЕСВИЖЕ

Катэгорыя:Грабніцы Катэгорыя:Касцёл Божага Цела (Нясвіж) Катэгорыя:Радзівілы Катэгорыя:Пахавальні Беларусі