«Хро́ніка літо́ўская і жамо́йцкая» () — помнік беларуска-літоўскага летапісання, створаны ў XVII стагоддзі, з'яўляецца часткай «Вялікае хронікі», што апавядае пра сусветную гісторыю да канца XVI стагоддзя.

Рукапіс быў выяўлены Віктарам Буганавым у Аддзеле рукапісных кніг Дзяржаўнага архіву Цюменскай вобласці, у сувязі з чым атрымаў назву Табольскага. Аналагічным Табольскаму з'яўляецца Ленінградскі спіс, знойдзены Мікалаем Улашчыкам у Аддзеле рукапісаў Дзяржаўнай Публічнай бібліятэкі імя Салтыкова-Шчадрына ў Ленінградзе. Вядомыя яшчэ два спісы летапісу: Краснаярскі, які захоўваецца ў Аддзеле рукапісаў Расійскай нацыянальнай бібліятэкі ў Санкт-Пецярбургу і ўяўляе сабой копію Табольскага, і Кракаўскі, выяўлены ў 1970 Яраславам Шчапавым у Аддзеле рукапісаў Бібліятэкі Польскай Акадэміі навук у Кракаве.

Напісаная «Кроніка» старабеларускай мовай, паводле зместу набліжаная да «Хронікі Быхаўца» і асабліва да «Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсёй Русі» Мацея Стрыйкоўскага — асноўнай крыніцы для стварэння «Кронікі». Апісвае падзеі ў Вялікам Княстве Літоўскім пачынаючы ад легендарных часінаў (уцёкаў Палемона з Рыму) і сканчаючы абраннем на прастол Жыгімонта III. У «Кроніку» таксама ўстаўленая аповесць пра Кулікоўскую бітву, прычым гэтая ўстаўка чыста механічная.

Створаны летапіс, імаверна, на поўдні сучаснае Беларусі (магчыма, у Слуцку) асобай, набліжанай да роду Радзівілаў («Кроніка» надае ім шмат увагі і ўслаўляе іх род).

Гл. таксама Хроніка Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсёй Русі

Заўвагі

Літаратура Улащик Н. Н. «Литовская и Жмойтская хроника» и её отношение к хронике Быховца и М. Стрыйковскому // Славяне и Русь. — М.: Наука, 1968. — С. 357—366. Улащик Н. Н. Предисловие. «Кройника литовская и жмойтская» // Полное собрание русских летописей. — : Наука, 1975. — Т. 32. — С. 5—8. Хроника литовская и жмойтская // Полное собрание русских летописей. — : Наука, 1975. — Т. 32. — С. 16—127.

Катэгорыя:Беларуска-літоўскія летапісы Катэгорыя:Кнігі XVII стагоддзя