Мі́нская Хара́льная сінаго́га — колішняя галоўная сінагога ў Мінску, якая размяшчалася па адрасе вул. Серпухаўская, 7. Сёння часткова перабудаваны будынак займае Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага.
Гісторыя thumb|150px|злева|Кінатэатр «Культура»
Сінагога была пабудавана ў 1906 годзе. Будынак быў узведзены ў маўрытанскім стылі. Сродкі на ўзвядзенне сінагогі выдзяліла шматлікая яўрэйская абшчына горада па ініцыятывы мінскага ўрача І. ЛунцаВ. И. Зеленков. «Доктор Лунц и его потомки ». «Асоба і час. Беларускі біяграфчны альманах», 2018.. Кампазіцыйна будынак складаўся з дзвюх частак: грандыёзнага партала ля ўваходу і размешчанага на восі ўваходу рытуальнай залы. Уваход у будынак глядзеўся як высокая велічная арка, над якой размяшчалася вялікае круглае акно — так званае, вока Аарона. У цэлым, сінагога адрознівалася надзвычайнай маляўнічасцю, пластыкай і багаццем святлаколеравых адценняў.
Пасля кастрычніцкай рэвалюцыі будынак сінагогі прыватызавалі і ў 1923 годзе сінагогу пераабсталявалі ў Нацыянальны яўрэйскі тэатр БССР, дзе праводзіліся лекцыі, з’езды і дэманстраваліся фільмы. Пазней тут размясціўся Дом культуры сакратарыята ЦВК імя М. В. Фрунзэ. У лістападзе 1926-га будынак быў перададзены ў карыстанне створанай арганізацыі Белдзяржкіно. Неўзабаве тут адкрыўся кінатэатр «Культура» — адзін з самых буйных на той час у Беларусі. Глядзельная зала «Культуры», а першапачаткова харальная зала, славілася выдатнай акустыкай. Знакамітыя спевакі і артысты, як Уладзімір Маякоўскі, Леанід Уцёсаў, Сяргей Лемешаў і іншыя, аддавалі перавагу выступаць падчас гастроляў менавіта тут.
Пасля Другой сусветнай вайны будынак кінатэатру быў перабудаваны для Расійскага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага (праект архітэктара М. І. Бакланава)'. Цяпер гэта вялікі трохпавярховы будынак, амаль прамавугольны ў плане, сіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі. Нутраная прастора таксама вырашаная сіметрычна. Былы цэнтральны неф пераабсталяваны ў глядзельную залу, бакавыя — у фае. На будынку ўсталяваныя мемарыяльныя дошкі У. У. Маякоўскаму і ў гонар VI Усебеларускага з’езду Саветаў. Будынак — помнік архітэктуры эклектыкі з пазнейшымі зменамі. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння. Сёння будынак займае Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага.
Спасылкі
Катэгорыя:З’явіліся ў 1906 годзе Катэгорыя:1906 год у Мінску Катэгорыя:Знішчаныя збудаванні Мінска Катэгорыя:Сінагогі Мінска